Ісці, глядзець і не забываць…

- 16:04Культура, Рознае
12 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася персанальная выстава народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча “Шлях”. Гэта стала радаснай падзеяй для ўсіх прыхільнікаў творчасці вялікага майстра, але з сумным адценнем. Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч памёр 26 жніўня 2013 года, 20 дзён не дажыўшы да свайго 84-га дня нараджэння і паўгода — да адкрыцця сёлетняй выставы, для якой сам жа адбіраў творы. Сэрца ўжо не маладога творцы тады не вытрымала жнівеньскай спякоты, шалёнага рытму адначасова роднага і чужога яму горада.

Толькі для захавання, так бы мовіць, журналісцкага пратакола тут варта нагадаць, кім быў і кім навечна застаўся Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч (можа, хто яшчэ не ведае?) — адным з самых выдатных беларускіх мастакоў другой паловы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя, пачынальнікам і класікам беларускай кніжнай графікі, наогул бліскучым графікам, мастаком-інтэлектуалам, мастаком-філосафам, мастаком-трагікам… У сувязі з яго творчасцю мастацтвазнаўцы даўно аперыруюць такім паняццем, як “лінія Кашкурэвіча” — лінія да немагчымасці напружаная, нервовая, драматычная. Гэты драматызм асабліва выяўляўся ў творчасці майстра апошніх дзесяцігоддзяў у такіх цыклах, як “Мілае гарад-ское жыццё” (у карэннага мінчаніна Кашкурэвіча былі свае адносіны і рахункі з беларускай сталіцай — ментальна і экзістэнцыянальна ён так і не ўпісаўся ў жыццё вялікага горада, а навечна прырос душой да Мінска даваеннага), “Concerto Grosso” (гэтак жа трагічна мастак успрымаў свае зносіны і з мастацтвам, разумеючы, што яно для самога творцы — не лекі, а пастаянны боль), “Апакаліпсіс”, гравюрах на сюжэты Евангелля і Старога Запавету і іншых творах.
Але яна ж, гэтая завостраная лінія Кашкурэвіча, была ўжо відавочнай і ў яго серыях 60 — 80-х гадоў (такіх як “Майстры”, “Партызаны”, “Блакада”), у ілюстрацыях да кніг “Тры паэмы” Янкі Купалы, “Трэцяе пакаленне” Кузьмы Чорнага, “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, “Снежныя зімы” і “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна, “Авадзень” Этэль Ліліян Войніч, “Фаўст” Іагана Вальфганга Гётэ, “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, “Казкі” Ганса Хрысціяна Андэрсена, “Карнікі” і “Хатынская аповесць” Алеся Адамовіча, “Буранны паўстанак” Чынгіза Айтматава — усяго не пералічыш. Здаецца, Кашкурэвіч і змог зрабіць так многа за сваё жыццё, бо яго талент быў памножаны не толькі на любоў, але яшчэ і на нешта іншае. Тое, што асацыіруецца з Фаўстам. У адным інтэрв’ю ўжо на пачатку нашага стагоддзя на пытанне: “Адкуль такі драматычны погляд на рэчы?” мастак адкрыта прызнаўся, што гэта яго душэўны покліч і што нават у гады так званай “адлігі” яму быў патрэбен канфлікт.
Выстава з красамоўнай назвай “Шлях”, якая надоечы адкрылася ў НММ, стала адметнай не толькі таму, што высвеціла менавіта шлях мастака — у экспазіцыі прадстаўлена каля 80 твораў розных перыядаў, у тым ліку яго дыпломная работа пры заканчэнні Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1959 годзе (серыя ілюстрацый да рамана ісландскага пісьменніка Халдара Лакснеса “Атамная станцыя”) і самыя апошнія творы, напісаныя ў 2013 годзе. А яшчэ і рэфлексіямі блізкіх Кашкурэвічу людзей, якія выступілі на вернісажы. Натхнёныя падзеяй і самой творчасцю майстра, сабранай у такім вялікім аб’ёме ў адным месцы, яны змаглі генерыраваць насамрэч цікавыя і неардынарныя думкі, што ў прынцыпе і не так часта здараецца падчас адкрыцця выстаў твораў народных мастакоў — і жывых, і ўжо спачылых.
Так, напрыклад, народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч назваў творчасць Арлена Кашкурэвіча магутнай песняй, энцыклапедыяй беларускага жыцця і беларускай гісторыі, а яго самога — класікам беларускага выяўленчачага мастацтва. Але пры гэтым ён заўважыў, што яго ўклад у айчынную графіку да сённяшняга дня застаецца неацэненым па-сапраўднаму.
Думку Васіля Шаранговіча падхапіў намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў, які падкрэсліў, што Кашкурэвіч — гэта рэдкая, выключная з’ява, што мастакі такога ўзроўню нараджаюцца не кожны год і нават не кожнае стагоддзе. Гэта пластыка, якая не падвяргаецца сумненню і параўнанню, бо “параўноўваць проста няма з чым і з кім. Такой пластыкі няма ні ў Еўропе, ні ў Азіі, ні ў Амерыцы”. “І менавіта таму, што мы маем справу з феноменам, — зрабіў асаблівы акцэнт выступоўца, — мы павінны сёння падумаць пра тое, як увекавечыць гэты феномен, як данесці яго і да Еўропы, і да свайго народа. Гэта задача і для Саюза мастакоў, і для Міністэрства культуры, і для дзяржавы. Усё залежыць ад нас. Хочацца спадзявацца, што сённяшняя выстава — гэта толькі пачатак вялікай работы па замацаванні імя Кашкурэвіча і ў гісторыі, і ў свядомасці людзей”.
З гэтай нагоды дырэктар архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка нагадала прысутным, што ва ўстанове ёсць архіўны фонд Арлена Кашкурэвіча (пад нумарам 249), які пачаў фарміравацца яшчэ ў канцы 70-х гадоў і сёння налічвае звыш 4 тысяч дакументаў — накідаў, фотаздымкаў, перапіскі мастака. “Гэта яшчэ адзін помнік майстру, — адзначыла дырэктар архіва-музея. — І гэтыя матэрыялы чакаюць свайго даследчыка”.
Пра памяць гаварыў і малады рэжысёр дакументальнага фільма пра Арлена Кашкурэвіча “Я жыву ў гэтым горадзе…” Ягор Сурскі, але крыху ў іншым аспекце. Ён разам з калегамі Мікалаем Жалудовічам, Дзмітрыем Нікіфаравым і Русланам Фядотавым здымаў гэты фільм у 2013 годзе, незадоўга да смерці мастака. І, па словах рэжысёра, Кашкурэвіч здаўся яму гэтакім чалавекам-памяццю, які ў сваёй творчасці стварыў вобраз горада-памяці. “Ён мне нагадаў своеасаблівага апошняга мінчука, — прызнаўся Ягор Сурскі. — Менавіта мінчука, а не мінчаніна. Чуллівага, спагадлівага інтэлектуала. Уяўляеце, у яго была звычка пад кожны новы год вырабляць адмысловыя паштоўкі з адным і тым жа героем — Арлекіна, суправаджаючы іх рознымі лацінскімі выслоўямі. А потым, на Каляды, адсылаць іх сваім сябрам і блізкім! Гэта ж, па сутнасці, калядная гарадская гісторыя, сапраўдная, а не прыдуманая. Ён як бы ствараў гэтую гарадскую памяць — але не застылую ў бетоне, а чалавечую, асабістую. Дык вось і нам трэба захоўваць пра яго памяць, у тым ліку і як пра ўнікальнага жыхара-мінчука, каб самім заставацца жыхарамі гэтага горада — пазнавальнымі мінчукамі”. Дарэчы, фільм “Я жыву ў гэтым горадзе…” дэманструецца на выставе.
Прызнацца, калі ўзяў слова сын Арлена Кашкурэвіча Тодар, мастак і майстар па вырабе народных інструментаў, і назваў яго Арленам, мяне крыху нібы скаланула: не бацькам, не Арленам Міхайлавічам, а Арленам… Мастак Мікола Купава мне ўсё патлумачыў: “А для нас ён і быў Арленам. Не Кашкурэвічам, не Арленам Міхайлавічам, а менавіта Арленам. Гэтае слова замацавалася ў нашай свядомасці гэтак жа, як Вінцэнт у дачыненні да Ван Гога ці Сальвадор у дачыненні да Далі”. Тым часам Тодар Кашкурэвіч паведаміў, што рыхтуе чатыры выставы бацькі (з тых работ, якія раней не гучалі), а неўзабаве ў Facebook завядзе старонку, дзе будзе змяшчаць творы мастака, суправаджаючы іх невялікімі эсэ.
Удава Арлена Міхайлавіча Людміла Аляксандраўна, узяўшы слова, спачатку падзякавала арганізатарам выставы і ўсім прысутным, праз слёзы згадала, што мастак вельмі-вельмі хацеў убачыць гэтую экспазіцыю, і ціха ўсіх запрасіла: “А цяпер ідзіце і глядзіце”. Атрымалася амаль як у назве знакамітага фільма, створанага па сцэнарыі Алеся Адамовіча, з якім Арлен Кашкурэвіч вельмі блізка сябраваў. Ідзі і глядзі. І не забывай.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з інтэрнэту.