Ісці побач з вучнем, але на прыступку вышэй

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Лукскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці Сяргей Міхайлавіч Столяр пасля двух гадоў працы быў занесены ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Яркі старт у прафесіі парадаваў пачынаючага педагога, але самае важнае для яго — добрыя адносіны з вучнямі, іх давер і цікавасць.

Зараз за плячыма ў Сяргея Міхайлавіча ўжо чатыры гады працы. Да размеркавання ён, ураджэнец Брэсцкай вобласці, не ведаў, дзе знаходзіцца гарадскі пасёлак Карэлічы, а тым больш аграгарадок Лукі. Аднак перамен не баяўся. Куды б яго ні накіравалі, для маладога чалавека было галоўным выкладаць менавіта беларускую мову і літаратуру, пра што ён заявіў на размеркаванні.

Беларуская мова і літаратура прываблівалі заўсёды. Рашэнне атрымаць адпаведную вышэйшую адукацыю, каб выкладаць гэтыя прадметы, прыйшло ў старшых класах. Такую параду дала настаўніца гісторыі, і юнак сур’ёзна задумаўся. У выніку стаў студэнтам Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і хутка пераканаўся: ён менавіта там, дзе яму цікава і хочацца быць. У 2016 го­дзе атрымаў запаветны дыплом, які даў права выкладаць беларускую і рускую мовы і літаратуры.

— Перад першымі ўрокамі я не адчуваў асаблівага хвалявання, — прыгадвае Сяргей Міхайлавіч. — З дзецьмі мне заўсёды было цікава, знаходзіць агульную мову атрымлівалася даволі лёгка. І гэта яшчэ адна прычына, па якой я зрабіў выбар на карысць настаўніцкай прафесіі. Мяне больш турбавала метадычная частка: як на практыцы правільна арганізаваць урок, як выклікаць цікавасць да сваіх прадметаў і канкрэтнай тэмы.

Малады настаўнік быў рады парадам і дапамозе вопытных калег. Не губляў сувязь з універсітэцкімі сябрамі, якія таксама перыядычна дзяліліся цікавай інфармацыяй, навінкамі, ідэямі. Сам жа перш-наперш стараўся заваяваць давер вучняў, адчуць, што іх больш цікавіць і як гэта можна звязаць з вучобай.

Спачатку больш за ўсё засмуціла тое, што беларуская мова не карысталася ў дзяцей асаблівай папулярнасцю, а ахвоту да чытання ў многіх адбілі гаджэты. Неабходна было зламаць пэўныя стэрэатыпы. Настаўнік пачаў уключаць на беларускай мове музыку ў тым стылі, які падабаецца дзецям. На дапамогу часам прыходзяць добрыя фільмы і кнігі. Сяргей Міхайлавіч знаходзіць і раіць вучням тое, што можа па-сапраўднаму захапіць іх. Стараецца перадаць свае адносіны да чытання, тлумачыць, дзе могуць спатрэбіцца тыя ці іншыя веды. У выніку паступова вучні па-новаму пачалі глядзець на мову і літаратуру. Пераканаліся, што ў гэтых дысцыплінах тоіцца шмат невядомага, але цікавага і блізкага.

Для таго, каб вучням хацелася пазнаёміцца з новым праграмным творам, С.М.Столяр стараецца знайсці ў ім той самы выйгрышны момант, які можа максімальна прыцяг­нуць увагу вучняў. Часам ён ляжыць літаральна на паверхні. Калі ў 7 класе праходзілі нарыс Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, адразу ж звярнуў увагу: аўтар апісвае ў ім вёскі Карэліцкага раёна, родныя, знаёмыя месцы. Безумоўна, лепшай рэкламы для кнігі быць не магло.

Важнай справай, якая зблізіла з вучнямі, стала творчасць. Сяргея Міхайлавіча шчыра цікавяць намаганні дзяцей і падлеткаў выявіць сваю індывідуальнасць, свае таленты і здольнасці. Да першых проб пяра, алоўка ці пэндзліка ён адносіцца з вялікай павагай. І нярэдка дае разнастайныя творчыя заданні на ўроках літаратуры (напі­саць працяг твора з адкрытым фіналам да апавядання “В.Быкава “Незагойная рана”; падрыхта­ваць малюнкі па аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”; скласці кадраплан па байках, дзе невялікі сюжэт дазваляе зрабіць яго з 4—5 кадраў; прарэкламаваць твор; скласці афішу п’есы і г.д). А ў пазаўрочны час з радасцю знаёміцца з работамі дзяцей, якія яны часта давя­раюць настаўніку. Дарэчы, сам С.М.Столяр піша вершы на беларускай і рускай мовах, малюе, а яшчэ захапляецца веласпортам. І ў вучняў такі творчы, рознабакова развіты і крэатыўны настаўнік, вядома ж, карыстаецца асаблівай павагай.

— Падчас практыкі ў аздараўленчым лагеры мне далі слушную параду: важна ісці побач з дзіцем, але на адну прыступку вышэй! Стараюся прытрымлівацца гэтага правіла. Быць побач, але ні ў якім разе не аказваць націску, накіроўваць мудра і тактоўна. Калі размова ідзе пра творчыя дадатковыя заданні, абавязкова даю магчымасць выбраць тое, што цікава вучням, бо творчасці пад прымусам быць не можа, — тлума­чыць С.М.Столяр.

Сяргей Міхайлавіч і яго вучні паспяхова ўдзельнічаюць у розных конкурсах. У першыя ж гады працы малады настаўнік адрозніваўся неабыякавасцю і вельмі актыўнай пазіцыяй. Год за годам ён выпрацоўвае свой індывідуальны стыль выкладання. Яму блізкія многія тэзісы з методыкі Шалвы Аляксандравіча Аманашвілі. У многім гэта і дапамагае знаходзіць ключ да сэрца кожнага дзіцяці і развіваць яго здольнасці ў спакойнай, камфортнай абстаноўцы. Маладому настаўніку хочацца, каб урокі давалі не толькі веды, але і адчуванне ўнутранай гармоніі і шчасця.

З самага пачатку і па сённяшні дзень, калі званок абвяшчае пра канец урока, Сяргей Міхайлавіч не спяшаецца ў настаўніцкую. Для яго перапынак — гэта час пагаварыць з вучнямі, каб больш ведаць пра іх, пры неабходнасці даць параду ці падтрымаць, а часам — далікатна зрабіць заўвагу, прапана­ваць над нечым задумацца.

Тэму для самаадукацыі (“Павышэнне цікавасці да вывучэння беларускай мовы праз выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”) С.М. Столяр выбраў яшчэ ў студэнцкія гады. Заўважыў, што ў інтэрнэце мала матэрыялаў для настаўнікаў яго профілю. Між тым Сяргей Міхайлавіч перакананы: менавіта ўключэнне вучняў у працэс пазнання роднай мовы праз папулярныя ў сучаснай моладзі камп’ютарныя праграмы, далучэнне да вучэбнага праектавання і стварэння інфармацыйных прадуктаў істотна павышаюць зацікаўленасць у авалоданні мовай, што вя­дзе да фарміравання пазнавальных інтарэсаў. Сам, а часам і разам з вучнямі настаўнік ужо некалькі гадоў складае адукацыйныя тэсты, віктарыны ў дадатку Kahoot. Пазней зацікавіўся Scratch і вырашыў паспраба­ваць сябе ў стварэнні праграм. Адна з іх знахо­дзіцца ў свабодным доступе, астатнія аўтар пакуль удасканальвае і шукае новыя методыкі, каб выкладаць мову і літаратуру сучасна і эфектыўна.

Таццяна ШЫМКО.