ІТ-Акадэмія і воблачныя тэхналогіі

- 14:57Вышэйшая школа, Рознае

Згодна з пагадненнем, Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” атрымае доступ да самых перадавых тэхналогій кампаніі Майкрасофт, у тым ліку да платформы Office 365. Акрамя таго, на базе ўніверсітэта пачне дзейнічаць праграма Mайкрасофт IT-акадэмія.

Аб важнасці падзеі сведчыць той факт, што на цырымонію падпісання пагаднення ў Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” прыехалі многія VIP-персоны, сярод якіх першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, генеральны дырэктар цэнтральнага і ўсходнееўрапейскага прадстаўніцтва Mайкрасофт Такуя Хірана і іншыя.

Як паведаміў рэктар Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” прафесар Станіслаў Князеў, падпісанне падобнага пагаднення (дарэчы, першае ў Беларусі) важнае для развіцця не толькі ўніверсітэта, але і сістэмы адукацыі, і ўвогуле ўсёй краіны, бо яно дае магчымасць паскорыць рух наперад.
“Для мяне гэта хвалюючы дзень, бо мы заключылі асаблівае пагадненне, — сказаў Такуя Хірана. — Новыя тэхналогіі дазваляюць больш эфектыўна вучыцца і садзейні-чаюць падрыхтоўцы да будучага жыцця. Сёння 90% рабочых месцаў на рынку працы маюць на ўвазе авалоданне ў той ці іншай ступені ІТ-тэхналогіямі. На жаль, у многіх установах адукацыі не заўсёды разумеюць, як паставіць тэхналогіі на службу адукацыі і мадэрнізацыі. І я вельмі рады, што Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” рухаецца па шляху сучаснага развіцця. Спадзяюся, што тут будуць па максімуме выкарыстоўвацца тыя магчымасці, што мы прадастаўляем”.
Бліжэйшым сумесным праектам Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” і кампаніі “Mайкрасофт” стане праграмны пераход на прадукты лінейкі Оffice 365 і выкарыстанне воблачных тэхналогій апрацоўкі і захоўвання даных. Неўзабаве таксама пачнецца работа ў рамках праграмы Mайкрасофт IT-Акадэмія.
“ІТ-Акадэмія выклікае вялікую цікавасць не толькі з боку вышэйшай школы, але і з боку ўрада, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва Mайкрасофт у Беларусі Ірына Максімава. — Праграма можа працаваць практычна з любой аўдыторыяй, і я спадзяюся, што новымі магчымасцямі максімальна скарыстаюцца студэнты і выкладчыкі. Акрамя таго, ІТ-Акадэмія можа стаць для ўніверсітэта добрым камерцыйным праектам. Так, знешнія слухачы, напрыклад, прадстаўнікі бізнесу, чыноўнікі і г.д., змогуць атрымліваць тут дадатковую адукацыю на ўмовах аплаты. Магчымасцей вельмі многа”.

Майкрасофт будзе забяспечваць ІТ-Акадэмію вучэбнымі матэрыяламі, перадаваць сюды свае ноу-хау, весці падрыхтоўку выкладчыкаў, якія задзейнічаны ў праграме. Па выніках навучання слухачы змогуць здаць экзамены і атрымаць міжнародны сертыфікат.
“ІТ-Акадэмія не абмяжоўваецца вызначанай тэрыторыяй, а дзейнічае таксама і ў віртуальнай прасторы, — заўважыў Такуя Хірана. — Існуе спецыяльная віртуальная бібліятэка Mайкрасофт, і слухачы могуць атрымаць доступ да назапашанай базы ведаў. Гэта дазваляе шырокаму колу людзей атрымаць карысць ад нашага праекта”.

Ірына Максімава адзначыла, што падпісанне пагаднення паміж Міжнародным універсітэтам “МІТСО” і кампаніяй “Mайкрасофт” — гэта важны стратэгічны крок, бо сумесная работа дазволіць маладым людзям лепш падрыхтавацца да вядзення бізнесу і павысіць сваю канкурэнтаздольнасць.
“Я спадзяюся, што слухачамі ІТ-Акадэміі стануць у першую чаргу студэнты, бо атрыманне міжнароднага сертыфіката істотна палепшыць іх магчымасці на рынку працы, — сказала Ірына Максімава. — А выкладчыкі, якія пройдуць навучанне па нашых праграмах, змогуць больш эфектыўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ў вучэбным працэсе”.
Дарэчы, падпісанне пагаднення завяршылася лекцыяй генеральнага дырэктара цэнтральнага і ўсходнееўрапейскага прадстаўніцтва Майкрасофт Такуі Хіраны. Спецыяліст расказаў прысутным пра магчымасці, якія даюць сучасныя тэхналогіі ў розных галінах бізнесу, адукацыі і навукі, а таксама пра тое, як кожны чалавек можа выкарыстаць гэтыя тэхналогіі на карысць уласнага развіцця.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.