ІТ-араты і лічбавае поле

- 10:40Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Лічбавыя тэхналогіі сёння распаўсюджаны ўсюды, пранікаюць яны і ў сельскую гаспадарку. Лагічна, што лічба знаходзіць сваё месца і ва ўстановах адукацыі. Так, з гэтага года навучэнцы Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, акрамя традыцыйных дысцыплін, будуць знаёміцца з тэхналогіяй дакладнага земляробства.

У Глыбоцкім прафліцэі вядуць падрыхтоўку па некалькіх напрамках. Традыцыйна з самага пачатку свайго існавання ўстанова рыхтуе кадры для сельскай гаспадаркі. Сёння ліцэй выпускае слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцеляў. На працягу многіх гадоў ва ўстанове пільна сочаць за тым, што адбываецца ў галіне, каб вучыць моладзь у рэчышчы сучасных тэндэнцый. А сёння ў сельскай гаспадарцы адбываецца лічбавізацыя і робатызацыя. Усё больш на палях з’яўляецца робатаў. Напрыклад, нядаўна Мінскі трактарны завод прадставіў першы беларускі беспілотны трактар-робат. Усё часцей аратаму дапамагаюць спадарожнікі, камп’ютарныя праграмы і мабільныя дадаткі. Пакуль гэтыя тэхналогіі не набылі масавага характару, аднак гэта толькі пытанне часу. Магчыма, недалёка той момант, калі з’явяцца ІТ-аратыя і ўся тэхніка будзе працаваць самастойна.

Мноства сучасных тэхналогій, а таксама сучасны рацыянальны падыход увасобіліся ў канцэпцыі дакладнага земляробства. Дакладнае земляробства — гэта сістэма вядзення сельскай гаспадаркі, калі розныя зоны аднаго поля апрацоўваюцца па-рознаму: уносіцца, напрыклад, розная колькасць насення, угнаенняў. Усё таму, што розныя ўчасткі поля неаднастайныя па сваіх характарыстыках. Вызначаць гэтыя характарыстыкі і працаваць з імі дазваляюць сучасныя тэхналогіі: GPS, падрабязнае картаграфаванне, паралельнае кіраванне і іншыя. Тэхналогіі дазваляюць прымаць рашэнні, заснаваныя на дакладных, падрабязных даных. Дакладнае земляробства дазваляе больш эфектыўна расходаваць насенне, угнаенні і пестыцыды, а таксама збіраць больш высокі ўраджай.

Цяпер азнаёміцца з дакладным земляробствам можна і ў Глыбоцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі. З гэтага навучальнага года тут працуе Цэнтр дакладнага земляробства. Праект рэалізаваны пры падтрымцы кампаній “Тэхналогіі земляробства” і beCloud.

— Безумоўна, тэма лічбавізацыі сельскай гаспадаркі вельмі цікавая нам, — расказвае дырэктар ліцэя Васілій Аляксандравіч Любоза. — Тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка, лічба ахоплівае нас усё больш, штучны інтэлект — гэта ўжо не фантастыка. У такіх умовах мы існуём і такім умовам трэба адпавядаць. Таму адкрыццё такога перадавога цэнтра для нашай установы надзвычай актуальнае. Нашы навучэнцы павінны бачыць, якія перспектывы ў спецыяльнасцей, па якіх мы вядзём падрыхтоўку. Камп’ютары, навігатары, спадарожнікі — усё гэта сёння суправаджае трактарыста, механізатара, слесара ў іх працоўнай дзейнасці. Яны павінны быць гатовы працаваць у такіх умовах.

Як жа працуюць тэхналогіі дакладнага земляробства ў ліцэі? На трактары Беларус-2022 з сеялкай, што ёсць у аўтапарку ліцэя, усталявана сістэма аўтаматычнага кіравання на базе электрычнага аўтапілота. На даху трактара — навігацыйны прыёмнік, які перадае сігнал сістэме. На рулявы вал усталяваны электрарухавік, задача якога — утрыманне машыны на зададзеным курсе. Інакш кажучы, руліць трактарам сістэма, а не трактарыст. Гэта патрэбна для дакладнасці высеву. Чаму?

У ідэале збожжавыя трэба пасеяць раўнамерна. Пры кожным праходзе сеялкі неабходна, каб пасля яе развароту наступныя радкі былі на вызначанай адлегласці ад раней засеяных. У ручным рэжыме гэта забяспечыць складана. Альбо некаторыя радкі насейваюцца паверх папярэдніх, альбо атрымліваюцца прарэхі. Усталяваная на трактары сістэма аўтаматычнага кіравання дапамагае гэтага пазбегнуць — сістэма вядзе трактар па дакладным курсе так, што паміж радкамі атрымліваецца роўна 12 см.

Дарэчы, на мадэрнізаваным трактары паспелі па-сапраўднаму папрацаваць. У ліцэі ёсць вучэбная гаспадарка — 280 га ворнай зямлі. Нядаўна тут завяршылі пасеў азімых культур, упершыню выкарыстаўшы тэхналогіі дакладнага земляробства. На полі ўжо відаць маладыя ўсходы. А супрацоўнікі ліцэя падлічваюць, як тэхналогіі паўплывалі на вынікі: колькі ўдалося сэканоміць насення і паліва.

У ліцэі абсталявалі спецыяльны вучэбны клас, дзе можна павучыцца працаваць з такой сістэмай. Спачатку трэба вывучыць тэорыю. Для гэтага ёсць камп’ютары з вучэбнымі тэматычнымі праграмамі, дэманстрацыйным матэрыялам. Потым можна пераходзіць да практыкі, але не адразу на трактары. У вучэбным цэнтры ёсць спецыяльны трэнажор, на якім усталявана такая ж сістэма, як і на трактары. З яго дапамогай можна патрэніравацца настройваць сістэму, паспрабаваць з ёй працаваць. Зараз навучэнцы знаёмяцца з сістэмай на пазакласных мерапрыемствах, у рамках факультатыўных заняткаў.

— Сістэма вельмі разумная і адначасова простая. Дастаткова некалькіх гадзін, каб асвоіць яе, — расказвае выкладчык ліцэя Павел Іванавіч Будзько. — Гэтыя тэхналогіі дазваляюць навучэнцам па-іншаму паглядзець на сваю будучую прафесію. Яны разумеюць, што сёння патрэбен не проста трактарыст, а, па сутнасці, трактарыст-аператар. Гэта павышае іх цікавасць да прафесіі і стымулюе развівацца ў сваёй прафесійнай галіне.

Таксама часткай вучэбнага асяроддзя стала сучасная метэастанцыя, якая дазваляе рабіць дакладны прагноз надвор’я, каб больш эфектыўна планаваць сельскагаспадарчыя работы.

Адкрыццё такога цэнтра сучасных агратэхналогій карыснае не толькі для ўстановы адукацыі, але і для ўсяго рэгіёна. У Глыбоцкім раёне створана буйное аграпрамысловае аб’яднанне, яно мае патрэбу ў спецыялістах, якія валодаюць сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі. Таму Глыбоцкі райвыканкам падтрымаў ідэю і паспрыяў стварэнню цэнтра. Плануецца, што знаёміць з сучаснымі тэхналогіямі ў цэнтры будуць не толькі навучэнцаў ліцэя, але і работнікаў АПК раёна: фермераў, аграномаў, механізатараў.

Таксама быў заключаны дагавор з БДСГА аб адкрыцці ў ліцэі філіяла кафедры сельгасмашын факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі. Гэта паспрыяе падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў для АПК.

Каб навучэнцы маглі максімальна эфектыўна авалодваць прафесіяй, ліцэй і далей будзе развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Сёння тут ужо ёсць уся неабходная лінейка сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку сучасны камбайн Гомсельмаша КЗС-1420. У рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2021” Мінскі трактарны завод уручыў Глыбоцкаму прафліцэю сертыфікат на атрыманне трактара Беларус-2122.3. Хутка машына прыедзе ў Глыбокае. Дарэчы, гэты трактар ужо гатовы да работы па прынцыпах дакладнага земляробства: ён абсталяваны сістэмай аўтаматычнага кіравання.

Дар’я РЭВА.
Фота Наталлі БЕЛЬСКАЙ.