IT-будучыня роднага горада

“Час кода” ў нашай школе наступіў 3 снежня ў 8 гадзін 10 хвілін па мясцовым часе. Раніцай на сценах школы з’явіліся запрашэнні прагаласаваць і вызначыць ступень зацікаўленасці навучэнцаў праблемай інфарматызацыі. Аказалася, што большасць навучэнцаў ведае асноўныя спецыяльнасці, запатрабаваныя на рынку ІТ, хацелі б працаваць у гэтай сферы, атрымліваць ІТ-адукацыю ў лепшых універсітэтах нашай краіны, былі б не супраць пасля атрымання спецыяльнасці працаваць у ІТ-кампаніях у родным горадзе.

І пайшло… Для кожнага знайшоўся занятак па душы. Хтосьці адказваў на пытанні “Інфармацыйнага квізу”, хтосьці атрымаў адказы на даўно наспелыя пытанні па ІТ-адукацыі на дошцы квілт. Пазнаёміліся з прафесіямі гульнявой індустрыі і паспрабавалі праявіць сябе ў якасці тэсціроўшчыкаў самых разнастайных гульняў. Даведаліся, як можна праграмаваць у Flash і палепшыць свае адзнакі па іншых школьных прадметах, склаўшы і рэалізаваўшы алгарытмы па геаграфіі, матэматыцы, фізіцы, біялогіі… Код-бум дапамог вызначыць лепшых знаўцаў моў праграмавання і ўсяго, што ім спадарожнічае.

Яркія і феерычныя эмоцыі атрымалі навучэнцы пачатковых класаў. Тыя, хто ўжо не першы год праграмуе на Scratch, узялі ўдзел у Scratch-батлах, а тыя, хто толькі чулі аб гэтай мове праграмавання, змаглі скласці і рэалізаваць свае першыя праграмы. Першыя і другія класы паўдзельнічалі ў праграме пад назвай “LEGO-бум” і прадставілі свае работы на суд аднакласнікаў і ўдзельнікаў суполак у сацыяльных сетках.

У пятніцу навучэнцы сабраліся на ІТ-стартап “Нашчадкі Гедыміна”. Мэтай гэтага мерапрыемства стала правядзенне прафарыентацыйнай работы па атрыманні навучэнцамі спецыяльнасцей ІТ-кірункаў.

Пасля фарміравання каманд навучэнцы пазнаёміліся з існуючымі ІТ-гарадамі свету. Выказаўшы здагадку, што беларускім горадам айцішнікаў можа стаць наш родны горад і прааналізаваўшы рынак прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, вызначыліся з месцам размяшчэння офіса.

Ярка і маляўніча прадставілі свае кампаніі і прадукцыю, якую будуць выпускаць. Кампанія па распрацоўцы і стварэнні ЭСН для дашкольнікаў “Фіксікі”, мабільныя дадаткі, якія будзе ствараць кампанія Antikill, а яшчэ інтэрнэт-магазін Wodle Team, імперыя гульняў для дзяцей і дарослых Gameloft… Пры практычнай рэалізацыі сваіх праектаў навучэнцы выкарыстоўвалі розныя мовы праграмавання, ужо засвоеные на ўроках інфарматыкі і дадатковых занятках. Трэнажор на мове С++, старонка сайта на HTML, мабільны дадатак у асяроддзі візуальнага праграмавання MIT App Inventor, ЭСН у асяроддзі праграмавання Scratch былі распрацаваны і рэалізаваны рознымі спецыялістамі кампаній. У стварэнні праектаў бралі ўдзел дызайнеры, прадукт-менеджары, праграмісты, гейм-дызайнеры, псіхолагі, педагогі, адміністратары, тэсціроўшчыкі, гукарэжысёры і дызайнеры дапоўненай рэальнасці.

Вызначыўшы УВА для далейшага навучання па выбраных спецыяльнасцях, зацвердзіліся ў разуменні: каб стаць добрым спецыялістам у сферы ІТ, неабходна не толькі добра вучыцца па асобных прадметах, але і быць дасведчаным ва ўсіх сферах дзейнасці.

Вырашыўшы пастаўленыя ў пачатку заняткаў задачы і “стварыўшы” ІТ-кампаніі для роднага горада, далі слова вярнуцца дадому пасля заканчэння вучобы і пачаць новую эру ІТ нашай краіны ў асобна ўзятым горадзе — нашай любімай Лідзе.

Ірына БАЛАКШЫНА,
настаўніца сярэдняй школы № 8 Ліды.