IT-канікулы для настаўнікаў

На канікулах асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” традыцыйна праводзіць для школьнікаў экскурсіі па IT-кампаніях. Ды на гэты раз фармат вырашылі крыху змяніць. Наведаць офісы айцішнікаў запрасілі не толькі дзяцей, але і педагогаў — матываваных настаўнікаў, якія працуюць у галіне STEM-адукацыі, і ўдзельнікаў конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе”. Усяго на сустрэчы сабралася каля 115 педагогаў.

Настаўнікі падзяліліся на 6 груп, кожная наведала па 2 кампаніі, сярод якіх былі “Яндекс.бел”, EasyBrain, Ulej, EPAM Systems, BigDataTechnologies. Педагогам паказалі, як арганізаваны офісы і праца праграмістаў, расказалі пра асаблівасці іх работы.

Разам з адной з груп я наведала кампанію KlikaTech, якая спецыялізуецца на праграмным забяспечанні для інтэрнэта рэчаў — вучыць прадметы ўзаемадзейнічаць не толькі з чалавекам, але і паміж сабой. Самы просты прыклад такой тэхналогіі — сістэма “Разумны дом”.

Падчас сустрэчы настаўнікам прачыталі кароткую лекцыю пра Agile — сучасную сістэму кіравання праектамі. Яе сутнасць у тым, што ўвесь праект падзяляецца на кароткія перыяды (ітэрацыі) — па 2—3 тыдні. За гэты час каманда распрацоўвае невялікую частку прадукта ці яго нязначнае паляпшэнне і адразу абмяркоўвае вынікі, аналізуе памылкі і вызначае наступныя задачы. Педагогам патлумачылі, як кіраўнік праекта праводзіць абмеркаванне, збірае зваротную сувязь ад каманды і паляпшае працэс. Аказалася, што метады, якія выкарыстоўваюць менеджары, падыходзяць і настаўнікам. Іх можна прымяняць падчас рэфлексіі ў канцы ўрока, на класных гадзінах і пазакласных мерапрыемствах.

— Нам вельмі важна, каб настаўнікі разумелі кантэкст, у якім давядзецца працаваць іх вучням, — расказала HR бізнес-партнёр кампаніі Марыя Багаслоўская. — Важна патлумачыць, чаго чакаюць работадаўцы, асабліва з пункту гледжання “софт скілз”: камунікабельнасці, крэатыўнасці, умення хутка адаптавацца, прапаноўваць і аналізаваць новыя ідэі.

Як падкрэсліла Марыя, задача такіх сустрэч зусім не ў тым, каб вучні імкнуліся трапіць толькі у ІТ. Наўрад ці прафесія праграміста зробіць шчаслівым таго, хто выбраў яе дзеля высокага статусу ці заробку. Наадварот, сённяшнія школьнікі мусяць шукаць менавіта сваю прафесію, любімую справу і быць гатовымі да таго, што ў іх з’явяцца новыя інтарэсы і, як вынік, давядзецца не раз мяняць прафесію. Настаўнік павінен падрыхтаваць да гэтага новага кантэксту вучняў.

Пасля экскурсій педагогі сабраліся, каб абмяняцца ўражаннямі. Для хуткага збору пытанняў і парад арганізатары скарысталі сэрвіс menti.com, які, дарэчы, таксама можа быць карысным пры рабоце са школьнікамі.

Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” падвяла вынікі 2018 года: згадалі адкрыццё STEM-цэнтраў, правядзенне традыцыйнага ўжо Мінскага адкрытага робатурніру, уд зел у міжнародных робататэхнічных спаборніцтвах. Асобна хочацца адзначыць правядзенне даследавання “STEM-падыход у адукацыі”, якое знаёміць з беларускім і сусветным вопытам у гэтай сферы, яе актуальнымі пытаннямі і перспектывамі. Вынікі даследавання можна знайсці на сайце асацыяцыі: edu4future.by.

Настаўнікі, якія актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах асацыяцыі, былі ўзнагароджаны званнямі STEM-лідараў і STEM-амбасадараў.

— STEM-цэнтр з’явіўся ў нас толькі ў верасні, але нашы вучні ўжо дасягнулі першых поспехаў: атрымалі ўзнагароды Рэспубліканскага конкурсу “Патрыёт.by”, украінскага фестывалю Scratch-праектаў, турніру Smart Robo Fest. Акрамя таго, у нас праходзіла канферэнцыя ProSTEM з лекцыямі і майстар-класамі для настаўнікаў, — згадала свой насычаны год STEM-амбасадар настаўніца інфарматыкі лельчыцкай сярэдняй школы № 1 Святлана Мешчанка. — Галоўнае, што вучоба ў цэнтры матывуе школьнікаў. Мы бяром толькі дзяцей з добрымі адзнакамі. І нядаўна да нас далучыўся хлопчык, які ў першай чвэрці атрымаў па фізіцы “6”, а ў другой падцягнуўся да “8”, каб яму дазволілі займацца ў STEM-цэнтры.

Галоўная інтрыга вечара — абвяшчэнне вынікаў конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе”, у якім установы адукацыі змагаліся за магчымасць адкрыць пры дапамозе асацыяцыі ўласны STEM-клас. У першым этапе прыняло ўдзел каля 250 школ і гімназій. 70 лепшых прайшлі ў другі тур і падрыхтавалі ўласны SТEM-урок. Настаўнікі шукалі цікавыя для вучняў практычныя праблемы і прыдумвалі, як вырашыць іх пры дапамозе выкарыстання міжпрадметных сувязей, лічбавых тэхналогій і праектнага падыходу, як арганізаваць самастойную і камандную работу.

— Мы падрыхтавалі SТEM-урок фізікі, на якім дзеці сваімі рукамі зрабілі хвалевую машыну, — расказала Таццяна Рыгораўна Пачтоўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12 Светлагорска — пераможцы конкурсу. — Таксама мы паказалі, як нашы дзеці ствараюць у школьнай лабараторыі штучны бурштын, як збіраюць робата з кардону і паперы і пры дапамозе звычайных медыцынскіх шпрыцоў кіруюць ім, выкарыстоўваючы гідраўліку.

У 2018 годзе ў гэтай школе стартаваў інавацыйны праект “Увядзенне SТEM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі”, таму выйграны клас з’явіцца вельмі своечасова. Уладальнікамі спецыялізаваных класаў стануць і школы, гімназіі Бабруйска, Дзяржынска, Пінска, Оршы і іншых гарадоў. Зацікаўленыя вучні і настаўнікі з іншых устаноў адукацыі таксама могуць далучыцца да іх работы — заняткі ва ўсіх SТEM-цэнтрах асацыяцыі бясплатныя.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота прадастаўлена асацыяцый “Адукацыя для будучыні”.