ІТ-канікулы — з карысцю

- 12:05Выхаванне

Міністэрства адукацыі і МТС падвялі вынікі ІТ-канікул для школьнікаў. Сёлета былі арганізаваны дзве змены ІТ-летніка. Два двухтыднёвыя інтэнсівы для юных айцішнікаў прайшлі ў ліпені і жніўні. Пасля навучання кожны школьнік абараніў свой праект, а лепшыя работы былі прадстаўлены на выставе, арганізаванай па выніках курсаў.

Бясплатныя заняткі праходзілі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Гарызонт” і праводзіліся па чатырох тэматычных курсах: асновы робататэхнікі, відэаблогінг, пілатаванне квадракоптара, лічбавая фота-, мабіла- і відэаграфія. Усяго праграма заняткаў змяшчала 180 вучэбных гадзін. Удзельнікамі праекта сталі навучэнцы ад 6 да 17 гадоў.

“IT-летнік — гэта праект, які выконвае адразу некалькі найважнейшых адукацыйных задач. Рознанакіраваныя тэматычныя курсы дапамагаюць дзецям усвядоміць рэальныя магчымасці камп’ютара і іншых прылад, якімі школьнікі карыстаюцца кожны дзень. Практычны ўхіл заняткаў дае магчымасць развіваць навыкі інжынернага мыслення, такія неабходныя ў эпоху лічбавай трансфармацыі. Усё гэта пераводзіць школьнікаў на новы ўзровень узаемадзеяння з тэхнікай і тэхналогіямі: паспрабаваўшы сябе ў ролі распрацоўшчыка, ужо нецікава быць проста карыстальнікам, — расказвае дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс. — Вялікую ролю адыгрывае само інтэлектуальнае асяроддзе IT-лагера: з аднаго боку — аднагодкі-аднадумцы, з якімі можна падзяліцца самымі смелымі ідэямі, з другога — вопытныя настаўнікі, якія раскажуць, як увасобіць гэтыя ідэі ў жыццё”.

IT-урокі праводзілі спецыялісты адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій. Удзельнікі сканструявалі дзясяткі мадэлей робатаў-жывёл і механізмаў з выкарыстаннем датчыкаў дотыку і колеру. Школьнікаў навучылі кіраваць квадракоптарамі пры любым надвор’і і ліквідаваць непаладкі ў рабоце тэхнікі. Наведвальнікі курса стварылі свае YouTube-каналы, навучыліся пісаць сцэнарыі, здымаць і манціраваць відэаролікі.

— Кампанія МТС як брэнд, дружалюбны да дзяцей, імкнецца даць карысныя і ў той жа час бяспечныя веды падрастаючаму пакаленню. Пра ект “IT-летнік” знаёміць сучасных школьнікаў з найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і дапамагае паспрабаваць сябе ў яшчэ не знаёмых кірунках. Такі фармат дазваляе паспяхова сумяшчаць вольны час і навучанне. Мы бачым цікавасць навучэнцаў, іх захопленасць, жывы водгук, а гэта і ёсць самы важны вынік гэтага праекта”, — падкрэсліла кіраўнік групы па сувязях з грамадскасцю кампаніі МТС Вольга Ткачэнка.

Адукацыйны праект “IT-летнік” рэалізаваны ўжо другі раз Міністэрствам адукацыі і кампаніяй МТС у рамках пагаднення аб супрацоўніцтве. Партнёрам праекта выступіў адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.