ІТ-канікулы

- 11:14Выхаванне

Летнікі насычаюць дзяцей эмоцыямі і ўражаннямі. А некаторыя яшчэ і новым вопытам і ведамі. Як, напрыклад, дзіцячы сацыяльны лагер Junior Ignite Camp, дзе хлопцы і дзяўчаты адпачываюць і адначасова паглыбляюцца ў свет сучасных тэхналогій, засвойваюць актуальныя навыкі, запатрабаваныя ў працадаўцаў.

Junior Ignite Camp — па-свойму ўнікальны летнік. У гэтым лагеры кожны дзень праводзіцца шмат заняткаў — і дзеці на іх не проста ідуць, а бягуць. Кожны дзень задаюцца сур’ёзныя заданні, якія падлеткі выконваюць з задавальненнем. Змена доўжыцца крыху больш за тыдзень, але гэтага часу хапае, каб раскрыць таленты, пра якія чалавек раней і не здагадваўся. 

Junior Ignite Camp арганізаваны кампаніяй EPAM і асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”. Галоўная місія лагера — азнаёміць са светам інфармацыйных тэхналогій, праграмавання, робататэхнікі і паспрыяць развіццю стартапаў дзяцей, у якіх абмежаваны доступ да дадатковай адукацыі ў гэтым кірунку. Сюды прыязджаюць юныя жыхары маленькіх гарадкоў і вёсак, дзеці з інваліднасцю, падапечныя UNHCR і “SOS-Дзіцячых вёсак”.

Сёлета Junior Ignite Camp запрасіў моладзь на заняткі і адпачынак у трэці раз. Кожны год сюды трапляюць юнакі і дзяўчаты з адной з абласцей нашай краіны. Так, дагэтуль тут пабывалі школьнікі Міншчыны і Гомельшчыны. У гэтым годзе падлеткі з Магілёў­скай вобласці правялі 9 незабыўных дзён на базе аздараўленчага лагера “Богатырь” пад Барысавам.

— У вялікіх гарадах сёння з’яўляецца ўсё больш дадатковых адукацыйных магчымасцей, а на перыферыі не заўсёды шырокі выбар гурткоў і секцый. Бар’еры і цяжкасці могуць быць таксама сацыяльныя, фінансавыя. Мы імкнёмся даць дзецям з невялічкіх населеных пунктаў сучасныя магчымасці, а таксама пераканаць іх, што вучоба — гэта не толькі школа, а натуральны працэс, які павінен адбывацца пастаянна, бесперапынна. Навучанне на працягу ўсяго жыцця — гэта сёння неабходнасць, а не трэнд, — расказвае Варвара Злобіна, кіраўнік праектаў асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”, адзін з арганізатараў і трэнер лагера.

Каб трапіць у лагер, падлеткам неабходна было запоўніць анкету-заяўку, расказаць пра сябе, вучобу і адзнакі, сваю матывацыю да заняткаў у лагеры, адзначыць моцныя і слабыя бакі свайго характару. Па гэтых даных арганізатары выбралі 100 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 12—14 гадоў. Лагер для іх бясплатны.

Першая палова дня ў летніку прысвечана заняткам, падзеленым на тры блокі. Першы блок — англійская мова. Другі — камп’ютарныя тэхналогіі. У залежнасці ад узросту і цікавасцей дзеці маглі выбраць робататэхніку або праграмаванне ў асяроддзі Scratch ці на мове праграмавання Python. На занятках дзеці дэманструюць вельмі хуткі прагрэс.

— Удзельнікі лагера раней ніколі не займаліся робататэхнікай, аднак за 3—4 дні яны змаглі прымусіць сваіх робатаў ездзіць, як робат-пыласос, зрабілі парктронік, аналагічны  тым, што ставяцца на аўтамабілях. Словам, разам мы робім тое ж, што і канструктары ў галіне прамысловасці, — расказвае Аляксей Голік, трэнер-валанцёр па робататэхніцы. — На занятках заўсёды падкрэсліваем, што вырашаем не гульнявыя задачы, а ўсе атрыманыя веды можна прымяніць у рэальным жыцці. І гэтыя веды спатрэбяцца ўжо вельмі хутка.

Яшчэ адзін блок заняткаў — soft skills, або сацыяльныя навыкі, важныя для дасягнення поспеху ў рабоце. У гульнявой форме дзеці вучацца ставіць мэты і задачы, працаваць у камандзе, прымаць рашэнні, кіраваць часам, прэзентаваць вынікі сваёй работы.

Работа ў лагеры пабудавана па прынцыпе школы прадпрымальніцтва. Кожны з шасці атрадаў на працягу змены працуе над сваім стартапам. Усе стартапы маюць сацыяльную значнасць — прапаноўваюць рашэнне адной з існуючых праблем школы, вёскі, горада. Спачатку генерыравалі і выбіралі ідэі для сваёй справы. Кожны дзень працавалі над новым аспектам стварэння стартапа: прадумвалі бюджэт, даследавалі мэтавую аўдыторыю і канкурэнтаў, высвятлялі магчымыя рызыкі, прадумвалі стратэгіі прасоўвання ідэі. У сваёй дзейнасці дзеці выкарыстоўвалі рэальныя методыкі бізнесу. У моладзі ўзнікла безліч цікавых ідэй.

— Самым складаным аказалася выбраць адну ідэю для далейшай работы, бо варыянтаў у нас было каля 80, — расказвае ўдзельнік лагера Іван Пухоўскі з Чэрыкава. — Далей працавалася вельмі цікава. Мы прыдумалі ў школе жывую сцяну — размясціць на ёй мабільныя модулі з раслінамі. Гэта дапаможа зрабіць паветра больш чыстым, ство­рыць атмасферу ўтульнасці, а таксама з’явіцца шмат матэрыялу для лабараторных работ па біялогіі.

У адной з груп узнікла ідэя стварэння тэлеграм-бота для папулярызацыі Беларусі сярод замежных турыстаў. Іншая група прыдумала інтэлектуальную урну, якая выдае грошы за адсартаванае смецце, а на занятках па робататэхніцы нават стварылі прататып такой прылады. У канцы змены кожная група прэзентавала свой праект інвестарам на англійскай мове.

У другой палове дня праходзілі майстар-класы па розных кірунках дзейнасці: аратарскае майстэрства, матэматыка, шахматы і інш. Праводзілі іх трэнеры-валанцёры, а таксама самі ўдзельнікі лагера. Па вечарах дзяцей чакалі спартыўныя спаборніцтвы і забаўляльныя мерапрыемствы.

Зразумела, за 9 дзён немагчыма даць грунтоўныя веды па праграмаванні ці робататэхніцы, аднак можна абудзіць у дзіцяці шчырую цікавасць і жаданне дзейнічаць. Нездарма ў назве лагера ёсць слова ignite, што з англійскай мовы перакладаецца як запаліць, распаліць, зацікавіць.

— Мы лічым, што ў кожнага дзіцяці павінен быць доступ да якаснай адукацыі ў галіне сучасных тэхналогій. Мы не ставім мэту, каб яны абавязкова захацелі звязаць сваё жыццё з тэхналогіямі. Уменне прэзентаваць сябе, эмацыянальны інтэлект, веданне праграмавання гэтак жа, як і замежных моў, становяцца навыкамі, неабходнымі, каб быць паспяховым у любой сферы, — расказвае Іна Ефімчук, каардынатар па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці EPAM. — У кожнага дзіцяці ёсць патэн­цыял, і наш лагер — адна з магчымасцей яго раскрыць.

На занятках у Junior Ignite Camp не толькі атрымліваюць веды, але і пераконваюцца, што вучыцца новаму — гэта захапляльна і цікава. А яшчэ тут умеюць дарыць юнакам і дзяўчатам веру ў сябе, упэўненасць, што для іх няма ніякіх абмежаванняў і ўсё абавязкова атрымаецца.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.