ІТ, навука і камандная работа

- 9:20Выбар прафесіі

Сярод новых спецыяльнасцей, адкрытых сёлета ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны, адной з найбольш папулярных стала “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)” са спецыялізацыяй “Мультымедыйныя сістэмы і інтэрнэт-праграмаванне”. Рыхтаваць спецыялістаў па гэтым напрамку пачалі на факультэце матэматыкі і тэхналогій праграмавання.

Яшчэ сем месяцаў назад першакурснік Алег Сяменчык здаваў цэнтралізаванае тэсціраванне і хваляваўся пра паступленне ва ўніверсітэт. Юнак кажа, што спецыяльнасць выбраў даўно, нават не сумняваючыся ў сваім прызванні — быць пра­грамістам.

— Калі я скончыў сярэднюю школу № 72 Гомеля, паўстаў выбар, куды паступаць. З будучай прафесіяй я ўжо вызначыўся, думаў толькі над тым, ехаць у сталіцу ці застацца ў родным горадзе. Я быў вельмі рады адкрыццю ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце спецыяльнасці “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)”. Нягледзячы на конкурс і даволі высокі прахадны бал, у мяне атры­малася паступіць на бюджэт, — прызнаецца Алег.

Сёння юнак вучыцца на адным са старэйшых факультэтаў ГДУ, стараста групы. Ён працягвае займацца спортам, як і ў школьныя гады, і ні кроплі не шкадуе аб сваім выбары. Алегу падабаецца, што акрамя высокага ўзроўню праграмавання, навучанне ўключае грунтоўную матэматычную базу. І гэта не дзіўна, бо факультэт матэматыкі і тэхналогій праграмавання ГДУ імя Ф.Скарыны вядомы сваімі навуковымі школамі, якія атры­малі сусветнае прызнанне.

— На факультэце працуе Гомельская алгебраічная школа, заснаваная акадэмікам АН БССР Сяргеем Чуніхіным, дзейнасць якога працягнуў член-карэспандэнт НАН Беларусі прафесар Леанід Шамяткоў. Створаны навуковыя школы па мультыплікатыўных сетках масавага абслугоўвання, камп’ютаметрыцы і імітацыйным мадэляваннi складаных сістэм, навуковая школа па штучным інтэлекце і камп’ютарных нейронных сетках і інш. Вучэбны працэс забяспечваюць 10 дактароў навук, 34 кандыдаты навук, 10 старшых выкладчыкаў. У нас 10 замежных арганізацый-партнёраў, штогод друкуем каля 40 публікацый у высокарэйтынгавых міжнародных выданннях. За гады існавання на факультэце падрыхтавана больш за 8 тысяч спецыялістаў, — расказвае дэкан факультэта Сяргей Жогаль.

Дэкан факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Сяргей ЖОГАЛЬ:

“Для забеспячэння якасці і даступнасці спецыяльных дысцыплін у вучэбны працэс укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі, выкладчыкі факультэта распрацоўваюць мультымедыйныя курсы лекцый. Мы выкарыстоўваем усе магчымасці, каб садзейнічаць развіццю матэматычных здольнасцей, вынаходлівасці і навыкаў каманднай работы студэнтаў”.

Зараз на факультэце вядзецца падрыхтоўка студэнтаў у галіне фундаментальных і спецыяльных матэматычных дысцыплін, прыкладных пытанняў матэматыкі, інфарматыкі, выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці. Гэта дазваляе маладым людзям паспяхова асвойваць новыя тэхналогіі, курсы мадэлявання, абароны інфармацыі і крыптаграфіі, прыняцця аптымальных рашэнняў.

 — Факультэт матэматыкі і тэхналогій праграмавання ГДУ — адзін з найбуйнейшых ў краіне па падрыхтоўцы ІТ-спецыялістаў, — працягвае размову Сяргей Пятровіч. — Сумесна з ІТ-кампаніямі мы прапануем студэнтам магчымасць бясплатна вучыцца на адукацыйных трэнінгах з выдачай міжнародных сертыфікатаў па асноўных напрамках сучаснага праграмавання, забяспечваем маладым спецыялістам паспяховае працаўладкаванне.

Падчас навучання для студэнтаў арганізоўваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых ІТ-кампаній. Будучыя праграмі­сты рэгулярна наведваюць трэнінгі і семінары кампаній ЕРАМ Systems, “ІВА-Гомель-Парк”, Exadel. З работадаўцамі ўзгадняюцца пра­грамы асноўных дысцыплін і спецыялізацый у галіне інфармацыйных тэхналогій. Курсы рэгулярна абнаўляюцца і дапаўняюцца. Такім чынам, адразу пасля заканчэння ўніверсітэта  выпускнікі ўжо здольны працаваць з рэальнымі праектамі.

Значны ўклад у справу падрыхтоўкі высокакваліфікаваных ІТ-спецыялістаў уносяць загадчыкі выпускаючых кафедр: кандыдат тэхнічных навук дацэнт Ларыса Марчанка, кандыдат фізіка-матэматычных навук дацэнт Дзмітрый Кузьмянкоў, доктар тэхнічных навук прафесар Віктар Смародзін. 

Загадчык кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Ларыса Марчанка прыводзіць прыклад плённага супрацоўніцтва з IBA Group:

— У першым семестры гэтага навучальнага года быў праведзены цыкл штотыднёвых вучэбных семінараў “Асновы кіравання праектамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій” для студэнтаў і магістрантаў факультэта. Лектарам выступіў начальнік аддзела рашэнняў па кіраванні інфармацыяй і інфраструктурай IBA Group Леў Іцхакі. На семінары разглядаліся пытанні крытэрыяў па­спяховасці праекта, прынцыпы работы ў камандзе. Абапіраючыся на асабісты прафесійны вопыт, лектар абгрунтоўваў этапы планавання, мадэлі жыццёвага цыкла праекта, фарміравання кошту і многія іншыя сітуацыі. Па заканчэнні слухачы здавалі тэст і абаранялі аўтарскія праекты, а потым атрымалі сертыфікаты.

Падобныя сумесныя семінары з прадстаўнікамі кампаній, конкурсы і спаборніцтвы ІТ-праектаў розных узроўняў праводзяцца на факультэце рэгулярна. Яны з’яўляюцца важным складнікам падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій.

Што да спецыяльнасці “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)”, то яе выпускнікі будуць працаваць праграмістамі, праекціроў­шчыкамі інфармацыйных сістэм, менеджарамі праграмных праектаў, спецыялістамі па тэсціраванні праграмных прадуктаў, кіраўнікамі праектаў па распрацоўцы праграмнага забеспячэння, выкладчыкамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Сяргей Жогаль падкрэслівае, што прадпрыемствы і арганізацыі зацікаўлены ў падобных спецыялістах.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.