Аршанскія старшакласнікі, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні, першымі ў рэспубліцы атрымалі магчымасць набыць запатрабаваную ІТ-прафесію падчас урокаў працоўнага навучання.
Рэспубліканскі эксперыментальны праект “Распрацоўка і апрабацыя мадэлі рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) па IТ-профілях у рамках працоўнага навучання навучэнцаў X—XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій” рэалізуецца ў адпаведнасці з загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь № 565 “Аб эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў 2020/2021 навучальным годзе”. Як праінфармаваў начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, з верасня на базе сярэдніх школ №№ 17, 20 Оршы пачалася падрыхтоўка навучэнцаў 10-х класаў па IT-спецыяльнасці “Наладчык апаратнага і праграмнага забеспячэння”. Заняткі арганізаваны для 4 груп навучэнцаў з сярэдніх школ №№ 2, 17, 20, 23, у агульнай колькасці гэта 36 чалавек.
— Навучэнцы матываваны на атрыманне гэтай прафесіі, — адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – На сёння каля 40 працэнтаў з іх звязваюць сваю прафесійную будучыню з ІТ-сферай.
Інавацыя накіравана на фарміраванне ў школьнікаў цікавасці да IT-прафесій, павышэнне эфектыўнасці навучання. Спецыялістамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі распрацаваны кваліфікацыйныя патрабаванні, створаны праект прафесійнага стандарту па новай прафесіі наладчык апаратнага і праграмнага забеспячэння, які прайшоў абмеркаванне на ўзроўні сектаральнага савета, зацверджаны і накіраваны ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны для ўнясення ў кваліфікацыйны даведнік. Згодна з загадам рэктара БДУІР Вадзіма Богуша сярэднім школам № № 17 і 20 Оршы ў якасці бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі былі перададзены 22 персанальныя камп’ютары з адпаведным праграмным забеспячэннем. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі адрамантаваны і абсталяваны вучэбныя кабінеты, падабраны кваліфікаваныя і вопытныя кадры. Папярэдне настаўнікі інфарматыкі прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі па праграме “Тэхналогіі электроннага навучання”, а з навучэнцамі 9-х класаў праводзіліся факультатыўныя заняткі па праграме “Прадукты Google”. Фактычна гэта пачатковы этап рэалізацыі канцэпцыі бесперапыннай IT-адукацыі “рабочы—тэхнік—інжынер”, што ў сваю чаргу дазваляе забяспечыць новыя падыходы ў прафесійнай арыентацыі моладзі да засваення прафесій IT-галіны з прадстаўленнем варыянтаў падрыхтоўкі на узроўнях сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
10 верасня 2020 года ў сярэдняй школе № 20 Оршы адбылася сустрэча навучэнцаў і педагогаў, задзейнічаных у праекце, з дэлегацыяй БДУІР. Падчас круглага стала з удзелам гасцей, прадстаўнікоў упраўлення па адукацыі райвыканкама, раённага вучэбна-метадычнага кабінета і кіраўніцтва школ юнакі і дзяўчаты атрымалі адказы на пытанні, якія іх хвалююць, больш дэталёва даведаліся аб асаблівасцях падрыхтоўкі, перспектывах яе працягу ў БДУІР, іншых профільных установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі рэспублікі, бонусах пры паступленні, арганізацыі практык — дарэчы, яны плануюцца непасрэдна ў Мінску на базе БДУІР і РІПА. Госці наведалі ўрок настаўніка інфарматыкі Максіма Пурышкіна ў спецыяльна абсталяваным для ажыццяўлення праекта вучэбным кабінеце.
— Ужо ў школе вы атрымаеце ўнікальную, вельмі запатрабаваную рабочую прафесію, будзеце працаваць у цікавым і перспектыўным напрамку, — звяртаючыся да навучэнцаў, падкрэсліў дырэктар Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР Аляксей Ахрыменка. — У вас значна пашыраюцца магчымасці для таго, каб рэалізаваць далейшыя прафесійныя планы. Думаю, што ў найбліжэйшы час вы глыбей усвядоміце відавочныя плюсы праекта, удзельнікамі якога мы сталі. Быць першымі няпроста, але і вельмі ганарова. Віншую вас: вы — першыя.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.