ІТ вачамі дзяцей

Айчынная ІТ-сфера дынамічна развіваецца, над задачай пераўтварыць Беларусь у ІТ-краіну працуе мноства спецыялістаў. Актыўна цікавяцца гэтым перспектыўным кірункам дзейнасці дзеці і моладзь. Каб яны мелі правільнае ўяўленне аб інфармацыйных тэхналогіях, праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Адно з іх — конкурс #IT_link, вынікі якога нядаўна падвялі арганізатары.

Конкурс праводзіцца ўпраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскім абласным ІРА сумесна з адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій. Спаборніцтва мае адкрыты характар і запрашае да ўдзелу навучэнцаў 1—9 класаў з усёй краіны. Запрашэннем вырашылі скарыстацца 245 хлопчыкаў і дзяўчынак, свае конкурсныя работы яны прадставілі ў 4 намінацыях.

Найбольш актыўнымі былі самыя юныя канкурсанты — навучэнцы 1—3 класаў. Яны ўзялі ўдзел у конкурсе малюнка ў намінацыі “Рэчы будучыні вачамі дзяцей”. 156 малюнкаў адлюстроўвалі ўяўленне аўтараў аб тым, якія незвычайныя рэчы будуць створаны ў найбліжэйшы час і як яны зменяць наша жыццё. Навучэнцы пафантазіравалі, якой будзе медыцына будучыні, як дзеці будуць карыстацца беспілотным веламабілем і як будзе выглядаць ІТ-рэпка. Пераможцамі ў гэтай намінацыі сталі Павел Якутовіч, навучэнец гімназіі № 39 Мінска, і Арцём Башкірцаў, які вучыцца ў сярэдняй школе № 1 Полацка.

У намінацыі “IT-краіна — наша будучыня” спаборнічалі вучні 4—5 класаў. У 37 разнастайных вырабах яны ўвасобілі сучасныя вобразы і аб’екты, трэнды сферы IТ, тэхналогіі будучыні. Удзельнікі намінацыі паказалі, як будзе выглядаць школьны інтэграваны ІТ-кабінет і пальчатка для слабавідушчых і сляпых людзей. Дыплом І ступені ў гэтай узроставай групе атрымала Ганна Малочка, навучэнка сталічнай сярэдняй школы № 67.

Навучэнцы 6—7 класаў стваралі фотаздымкі для конкурснай намінацыі “IT-краiна: фота”. Усяго было прадстаўлена 30 работ, сюжэты якіх засноўваліся на тэме будучыні інфармацыйных тэхналогій у Беларусі. Найлепш тэму адлюстравала Эвеліна Шуран, прадстаўніца Глыбоцкай раённай гімназіі.

Няпростая творчая задача стаяла перад самымі старэйшымі ўдзельнікамі конкурсу — вучні 8—9 класаў здымалі аўтарскія відэаролікі (працягласцю да 5 хвілін), сюжэтна звязаныя з тэмай развіцця новых тэхналогій для намінацыі “IT-краiна: відэа”. На конкурс было даслана 22 відэаработы. У іх школьнікі расказвалі пра блокчэйн, крыптавалюты, майнінг і штучны інтэлект. Лепшай у намінацыі стала Паліна Капілец, навучэнка Рассветаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна.

Пераможцаў конкурсу на цырымонію ўзнагароджання запрасілі ў Парк высокіх тэхналогій. Дыпломы і каштоўныя прызы яны атрымалі ў самым эпіцэнтры падзей беларускай ІТ-сферы.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Паркам высокіх тэхналогій.