Італьянскі прафесар: “Англійская мова ў беларускіх студэнтаў значна лепшая, чым у мяне”

Увесь мінулы тыдзень у Міжнародным універсітэце “МІТСО” працаваў прафесар універсітэта Пізы спецыяліст па пытаннях вядзення сямейнага бізнесу Вальтар Зочы. Запрошаны італьянскі лектар прачытаў серыю лекцый у межах спецкурса “Сям’я, кампанія і дабрабыт: арганізацыя і стратэгія вядзення сямейнага бізнесу”. Спадар Зочы адказаў на некалькі пытанняў нашай газеты.

 

— Што трэба для таго, каб дасягнуць поспеху ў сямейным бізнесе: выдатная ідэя, добрая каманда (сям’я) або трэба быць тэарэтычна падкаваным — наведваць вашы лекцыі?
— Каб дасягнуць поспеху ў сямейным бізнесе, трэба знайсці баланс паміж трыма элементамі: сям’я, кампанія і асабісты дабрабыт.
Сям’я, у якой не размеркаваны ролі, кампанія, дзе няма добрага кіраўніка, або асабісты дабрабыт, які выкарыстоўваецца бязмэтна, — усё гэта можа прывесці да няўдачы ў вядзенні сямейнага бізнесу.
Проста добрай ідэі недастаткова для стварэння ўласнай кампаніі. У нашы дні вельмі важнымі з’яўляюцца веды ў той сферы, у якой развіваецца сямейны бізнес.

— У адукацыі Італіі тэма сямейнага бізнесу запатрабаваная? Ці шмат студэнтаў выбіраюць адпаведныя курсы?
— У Італіі каля 90 працэнтаў кампаній з’яўляецца сямейным бізнесам, у Германіі і Японіі — больш за 95. У сярэднім па Еўропе гэтая лічба складае каля 80 працэнтаў. Гэта неверагодна! Нават Кітай сёння рухаецца да стварэння прыватнага сектара ў эканоміцы. Студэнты любяць мой курс па дзвюх асноўных прычынах: з аднаго боку, яны могуць пачаць свой бізнес пасля таго, як атрымаюць дастаткова ведаў на гэтым курсе, з другога боку, яны даведаюцца, што адбываецца ў свеце сямейнага бізнесу.

— Ці абавязкова прадпрымальнікам мець вышэйшую адукацыю? Можа, дастаткова праслухаць некалькі неабходных курсаў?
— У вашай краіне разам з краінамі Балтыі, Балканскага рэгіёна, СНД няма традыцыі вядзення сямейнага бізнесу. Таму лепшы спосаб атрымаць веды ў гэтай сферы — менавіта наведванне курсаў накшталт тых, што прапаноўваю я. Таксама па гэтай тэме існуюць добрыя кнігі, семінары і г.д. на ўсіх узроўнях ведаў.

— Ці могуць студэнты падчас вучобы ва ўніверсітэце ствараць свае кампаніі? Вы сутыкаліся з такімі выпадкамі?
— Так, у маім вопыце ёсць прыклады, калі студэнты арганізоўвалі свой уласны бізнес. Многія студэнты робяць вельмі добрыя бізнес-планы.

— Было цікава даведацца, што ў Італіі ёсць Даследчы цэнтр па пытаннях вядзення сямейнага бізнесу, якім вы і кіруеце… Над чым менавіта працуюць даследчыкі ў гэтай сферы, якія асноўныя вынікі іх даследаванняў?
— Я працую з камандай прафесіяналаў, якія праводзяць даследаванні для банкаў і прадпрыемстваў — Канфедэрацыі італьянскай прамысловасці, а таксама прыватных кампаній, якія імкнуцца лепш вывучыць сваіх кліентаў і іх бізнес для пабудовы аптымальных бізнес-адносін.

— Вы выкладаеце ў розных краінах. Дзе вам больш падабаецца працаваць і чаму?
— Больш за ўсё я люблю працаваць там, дзе сустракаю добрых і цікавых людзей, з якімі мне камфортна ўзаемадзейнічаць. Я маю на ўвазе як студэнтаў, так і калег.

— Якія ўражанні ад беларускіх студэнтаў: як яны ведаюць англійскую мову, наколькі актыўныя, ці задаюць пытанні?
— Што тычыцца беларускіх студэнтаў, мне здаецца, яны вельмі ветлівыя, дастаткова разумныя, аднак я заўважыў, што яны даволі заціснутыя. Тым не менш на лекцыях яны хацелі атрымаць як мага больш інфармацыі аб сямейным бізнесе. Яны задавалі шмат пытанняў аб будучыні — сваёй будучыні. І англійская мова ў студэнтаў значна лепшая, чым у мяне!

— На ваш погляд, у Беларусі будзе развівацца сямейны бізнес?
— Зараз свет рухаецца ў бок прыватнай эканомікі. Гэта тычыцца ўсіх краін. Кітай сёння таксама развіваецца вельмі хуткімі тэмпамі ў гэтым кірунку. Ёсць прыклады і іншых краін, якія пераходзяць ад эканомікі дзяржаўнага сектара да эканомікі прыватнай. Але для гэтага патрэбен час, а таксама дапамога з боку палітыкаў, банкаў, універсітэтаў, прадпрыемстваў і прафесіяналаў.

— Чаму ён развіваецца марудна? Можа, прычына ў недахопе адпаведнай адукацыі?
— Маё першае ўяўленне аб беларусах: вы выдатныя людзі! Я нават думаю, што ў вас больш асабістых якасцей, якія могуць дапамагчы ў сямейным бізнесе, чым у вашых суседзяў. І калі вы робіце памылкі, то гэта адбываецца толькі таму, што побач няма людзей, здольных дапамагчы ў гэтым пытанні. Я спадзяюся, што хутка ў Беларусі з’явяцца людзі — выкладчыкі ўніверсітэтаў, эксперты, якія змогуць развіваць тэму сямейнага бізнесу ў вашай краіне.

— Вялікі дзякуй, спадар Зочы!

Іна НІКІЦЕНКА.