Іўеўскія супербабулі

- 16:34Нам пішуць

Калі вы думаеце, што бабуля — гэта пажылая жанчына ў хустцы і акулярах, якая вяжа кіламетры шалікаў і глядзіць бясконцыя серыялы, то моцна памыляецеся. Сучасныя бабулі зусім не такія. Адны не ўсведамляюць свайго жыцця без агарода, кветніка. Іншыя чытаюць глянцавыя часопісы, падарожнічаюць, ходзяць у тэатры. А яшчэ бываюць бабулі-спартсменкі, бабулі-майстрыхі, бабулі-паэткі і шмат-шмат іншых. Напярэдадні 8 Сакавіка ва ўтульнай зале гімназіі № 1 Іўя адбыўся конкурс прыгажосці і грацыі, сапраўдны феерверк запалу, бадзёрасці і пазітыву. Чатыры абаяльныя і энергічныя бабулі прэтэндавалі на тытул “Супербабуля — 2018” і адчайна змагаліся за званне пераможцы.

Конкурсная праграма пачыналася ўжо ў фае гімназіі, дзе была аформлена выстава сямейных рэліквій канкурсантак “З бабулінага куфра”. Прыгожыя вышыўкі, вязаныя вырабы, сувеніры, падарункі, зробленыя сваімі рукамі, нікога не пакінулі абыякавымі. Пасля шоу перамясцілася ў актавую залу. Пад гучныя апладысменты і музыку на сцэну выйшлі чароўныя ўдзельніцы: Тарэса Яўгенаўна Сляпцова, Ірына Антонаўна Коркінец, Рэгіна Антонаўна Сяліцкая, Ірэна Адольфаўна Афоніна-Трэскіна. Са словамі віншаванняў да бабуль і ўсіх жанчын і дзяўчат, прысутных звярнуўся старшыня Іўеўскага раённага Савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Станіслававіч Жыдзель. Канкурсанткам уручылі кветкі ад Іўеўскага раённага камітэта БРСМ.

Конкурсная праграма складалася з разнастайных выпрабаванняў: “Візітоўка”, “Бабуліны вячоркі”, “Бабульчын пачастунак”, “Маладыя душой”. Падчас “Візітоўкі” ўдзельніцы расказалі пра сябе і свае сем’і. Цікава і эмацыянальна прадставілі свае захапленні, клопаты і, вядома ж, галоўнае багацце — дзяцей і ўнукаў. Кожная ўдзельніца быццам нанова перажыла сваё жыццё. Успомнілася і нялёгкае пасляваеннае дзяцінства, і гады вучобы, і прафесійнае станаўленне, і заслужаны адпачынак. Такія розныя жыццёвыя лёсы, па-свойму складаныя, але шчаслівыя. Шчасце ва ўсіх падобнае: гэта дзеці, унукі і нават праўнукі.

Толькі скончыўся конкурс візітовак, як на сцэне за некалькі секунд з’явіліся лаўкі, і пачаліся “Бабуліны вячоркі”. Конкурс уключаў тры рубрыкі: “Сямейныя каштоўнасці”, “Пугай і пернікам”, “Быў выпадак”. У рубрыцы “Сямейныя каштоўнасці” ўдзельніцы аднагалосна сцвярджалі, што самае важнае ў сям’і — узаемнае каханне, давер, сумленнасць, жаданне бескарысліва аддаваць сябе іншым, дарыць любоў і ўвагу родным і блізкім не на словах, а на справе. Усе ведаюць: кожная бабуля — сапраўдны педагог. Яна выгадавала сваіх дзяцей, дапамагае выхоўваць унукаў. Дзякуючы вопыту, яна разумее родных з паўслова. Значыць, у кожнай ёсць свае сакрэты выхавання. Вось гэтымі сакрэтнымі метадамі і падзяліліся ўдзельніцы ў рубрыцы “Пугай і пернікам”. У рубрыцы “Быў выпадак” канкурсанткі ўспомнілі цікавыя сітуацыі з жыцця сям’і. Вось тут гледачы пасмяяліся ад душы. Аказалася, што гумар дапамагае пераадолець нават самыя няпростыя выпрабаванні жыцця.

Ні адно сямейнае свята не абыходзіцца без любімай стравы, прыгатаванай бабуляй. Конкурс “Бабульчын пачастунак” пацвердзіў: у кожнай бабулі — залатыя рукі. Пернікі-ягняты, духмяныя піражкі і пірагі і, вядома ж, бліны напоўнілі залу непаўторным водарам. Да кожнай стравы прыкладаўся рэцэпт: дадаць у цеста пырскі радасці, шмат ласкавых слоў, падсаладзіць дабрынёй, а начынне павінна быць са шчодрасці і ласкі. У ролі дэгустатараў выступілі члены журы і гледачы: ацанілі кулінарныя шэдэўры ўдзельніц напоўніцу. Заключным быў конкурс “Маладыя душой”. Разам з унукамі канкурсанткі дэкламавалі і інсцэніравалі вершы, спявалі і нават кружылі ў віхуры вальса.

Нялёгка прыйшлося журы: складаная задача — выбраць адну-адзіную таленавітую, артыстычную, абаяльную “Супербабулю — 2018”. Але ўсе яны настолькі цікавыя, што да канца цяжка было вырашыць, хто лепшая. Для сваіх дзяцей і ўнукаў яны, бясспрэчна, самыя-самыя. Ні адна з удзельніц не пакінула залу без звання. “Самай артыстычнай бабуляй” прызнана Тарэса Яўгенаўна Сляпцова, “Самай абаяльнай” — Ірэна Адольфоўна Афоніна-Трэскіна, “Самай сучаснай” — Рэгіна Антонаўна Сяліцкая, “Самай крэатыўнай” — Ірына Антонаўна Коркінец. Пераможцай конкурсу стала Ірына Антонаўна Коркінец.

Вось такое дзіўнае і запамінальнае свята падарылі ўсім чароўныя бабулі, унукі якіх вучацца ў гімназіі № 1 Іўя. Конкурс пераканаў усіх яшчэ раз, наколькі важна ў выхаванні маладога пакалення кіравацца парадамі і жыццёвым вопытам бабуль. Бабулі выключна важныя яшчэ і тым, што яны носьбіты сямейных каштоўнасцей і традыцый. Гісторыя сям’і, расказаная старэйшым пакаленнем, дазволіць дзіцяці адчуць гонар за сваю прыналежнасць да роду, быць часцінкай яго гісторыі, выпрацаваць цікавасць і беражлівае стаўленне да сям’і.

Ірына КЯЎРА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Іўя.