Іван ВАБІШЧЭВІЧ: “Я і музыку магу распісаць на тэхнічныя складнікі…»

- 15:22Мая школа, Рознае

Ён прыехаў на інтэрв’ю на матацыкле ў сваёй звычайнай амуніцыі. Вось пра каго можна сказаць, што ў жыцці ён такі самы, як і на сцэне: адкрыты, натуральны і шчыры ва ўсіх сваіх выступленнях. Наш сённяшні госць — шоўмен і заўзяты рок-н-рольшчык Іван Вабішчэвіч.

— Іван, якія ўражанні ў вас засталіся са школьных гадоў?
— Тагачасная 130-я мінская школа з музычным напрамкам пакінула незабыўныя ўражанні. Гэта была школа ва ўсіх адносінах — месца, дзе не толькі навучылі чытаць і лічыць. Там навучылі іграць на фартэпіяна і спяваць. І менавіта тады я пазнаёміўся з людзьмі, якія потым сталі маімі настаўнікамі па жыцці. Менавіта ў школе я пачаў іграць у КВЗ (каманда “ЧП” нарадзілася менавіта ў маёй школе і паступова дайшла да вышэйшай лігі КВЗ) — гэта тая частка жыцця, якая стала потым прафесійным заняткам. У школе былі першыя паездкі за мяжу — разам з хорам. Гэта таксама вельмі пашырыла маё светабачанне.

Пачаў я вучыцца ў школе ў савецкую эпоху, вучыўся ў постсавецкую, а заканчваў школу ўжо ў суверэннай Беларусі. Памятаю, як я ганарыўся, што нашу піянерскі гальштук, а потым гэта стала “не модна”. А вось у камсамол ужо не паспеў.

— Ці памятаеце сваю першую настаўніцу?
— Так. Гэта была Галіна Сямёнаўна Арлоўская. Пасля таго як яна нас выпусціла, Галіна Сямёнаўна сябравала з маёй маці. Мне няма з чым параўноўваць, але, відаць, калі я яе памятаю, яна была добрым педагогам.

— А хто са школьных настаўнікаў застаўся ў памяці?
— У сілу выхавання і бабулі “за кадрам” па мне было складана “праехаць танкам”. Ды і “танкістаў” сярод маіх настаўнікаў не было. Былі персанажы, якія на ўроках папросту “выносілі мазгі” і ў якіх больш “тройкі” атрымаць было нельга. Але, з іншага боку, хочацца сказаць дзякуй многім з такіх настаўнікаў: Броні Браніславаўне, Галіне Адамаўне, Марыі Міхайлаўне. Сярод іншых асабліва адзначу настаўніцу англійскай мовы Наталлю Канстанцінаўну, у якой у мяне быў стабільны “траяк”, але атрыманых ведаў мне хапае, каб па-англійску выказаць сваю думку. Дарэчы, выкладчыца англійскай мовы ў аспірантуры зрабіла мне камплімент, адзначыўшы, што ў мяне нядрэнная база. І гэта пры тым, што за шэсць гадоў паміж школай і аспірантурай замежнай мовай я асабліва і не карыстаўся.

— Іван, вы сказалі, што заўсёды “за кадрам” была бабуля. Што мелі на ўвазе?
— Калі казаць пра настаўніцтва жыццёвае, то першай маёй настаўніцай была бабуля — Марыя Паўлаўна Лапіцкая. Яна ў мінулым працавала загадчыкам кафедры ў сённяшнім БНТУ (дарэчы, я зараз выкладаю на гэтай кафедры — вось такі “сямейны бізнес” атрымаўся). Мая маці — Людміла Уладзіміраўна — таксама да гэтага часу працуе ў гэтай навучальнай установе.

Вельмі добра памятаю, што мы з бабуляй увесь час нешта чарцілі, малявалі, выразалі, майстравалі з дроту — пачатковыя інжынерна-тэхнічныя веды пайшлі менавіта ад яе. Калі я ў несвядомым яшчэ ўзросце барабаніў малатком па інкруставаным століку, а бацькі гатовы былі прыняць карныя меры, яна казала: “Стаяць! Дзіця павінна развівацца!”
Мне шанцавала і ў прынцыпе зараз шанцуе на людзей (падобнае прыцягваецца да падобнага, а “бесподобное — к бесподобному”).

У школе я пазнаёміўся з сябрам нашых настаўнікаў, які спачатку пачаў трэніраваць нас па тхэквандо, а потым стаў бацькам — заснавальнікам каманды “ЧП” і спартсменам з шыкоўным пачуццём гумару Раманам Міхайлавічам Старобінскім (гэта значна пазней ён стаў проста Ромам). Ён быў нашым нефармальным лідарам, хаця на гэтую ролю ніколі не прэтэндаваў, і менавіта ён навучыў мяне глядзець на падзеі з боку і потым прымаць самастойнае рашэнне. Акрамя гэтага, ён шыкоўна іграў на гітары, і праз некаторы час, дзякуючы яму, я таксама навучыўся іграць на гітары. Мы за ім вельмі цягнуліся, і потым шмат што ў нашым — маім і маіх сяброў — жыцці адбылося дзякуючы яму.

— У вашым жыцці сплялося ўсё — музыка, спорт, КВЗ…
— …а яшчэ быў оперны тэатр!

— Можна пра гэта больш падрабязна?
— Я ўжо казаў, што вучыўся ў школе з музычным напрамкам. Адна мая аднакласніца хадзіла ў вакальную студыю пры оперным тэатры (дарэчы, гэтая студыя існуе і зараз). Я спяваў там сем гадоў — з 12 па 19. Паступіўшы ва ўніверсітэт, працягваў там спяваць.

— Якое самае вялікае свавольства вы зрабілі ў школе?
— Дзённікі хавалі, выціралі ў іх і дапісвалі, як усе дзеці. Наш пацанска-міліцэйскі клас часцей за іншыя (разоў 20—30 у год) хадзіў “у ваенкамат”, адпрошваючыся з урокаў. Не дужа зрасталася ў нас з настаўніцай рускай літаратуры — і чыталі, здаецца, але неяк нецікава на ўроках было. І мы пад гэтую марку сачкавалі рускую літаратуру… А вось у маёй жонкі было інакш: іх настаўніца рускай літаратуры выводзіла ў парк, дзе яны са сцэны чыталі вершы.

— Ці падтрымліваеце стасункі са школьнымі сябрамі?
— Стасункі падтрымліваюцца, але, канечне, не з усімі. Так, адным з першых месцаў, дзе мы пачалі працаваць з групай, было кафэ, якое належала майму аднакласніку. Каманда “ЧП”, якая ўжо не існавала як гуляючая каманда КВЗ, працягвала жыць, прымаючы ўдзел у стварэнні тэлепраграм, серыялаў, шоу. Шмат хто з сяброў пайшоў у міліцыю, бо ў нашай школе былі класы з юрыдычным напрамкам. Бачыцца з імі даводзіцца рэдка: яны збіраюцца звычайна па выхадных, а ў мяне па выхадных самая работа.

— Як удаецца спалучаць шоу-бізнес і выкладанне ва ўніверсітэце? На першы погляд, гэта ўзаемавыключальныя сферы дзейнасці.
— Гэта трэніроўкі рознага плану. Навошта, напрыклад, вышэйшая матэматыка на шэрагу спецыяльнасцей, непасрэдна не звязаных з матэматыкай (бо, сапраўды, усе разлікі ў нашым жыцці зводзяцца максімум да лагарыфмаў, а гэта — школьная праграма)? Нават для маёй інжынерна-тэхнічнай грамадзянскай прафесіі IMG_3358(сайт)вышэйшая матэматыка не патрэбна, але яе выкладаюць два гады. А патрэбна яна для таго, каб трэніраваць мазгі. Вучоныя (і я сам на сваім прыкладзе) нават даказалі, што вышэйшая матэматыка трэніруе пачуццё гумару. Мозг — тая самая мышца, якая проста інакш працуе. Працуючы на сцэне і знаходзячыся за кафедрай, я выконваю розную работу. Хаця выкладчыцкая кафедра — тая самая сцэна. Чаму? Спявак, акцёр тэатра, выкладчык павінны быць цікавымі гледачам (а студэнты ў гэтым выпадку, уласна кажучы, таксама з’яўляюцца гледачамі). Проста для рознай аўдыторыі я знаходжу розныя падыходы, і, мне здаецца, нягледзячы на ўсю сваю адрознасць, гэтыя дзве сферы дзейнасці вельмі падобныя адна да другой.

— Знешні выгляд Дзядзі Вані і Івана Рыгоравіча Вабішчэвіча, які заходзіць ва ўніверсітэцкую аўдыторыю, адрозніваецца?
— Ну, можа, майку больш прыстойную апрану, але не факт. (Смяеццца.)

— Наколькі адэкватна студэнты рэагуюць на вас падчас заняткаў?
— А то! Ім жа потым прадмет здаваць. Я выкладаю “Уводзіны ў спецыяльнасць” — тлумачэнне першакурснікам, што іх чакае ў найбліжэйшыя пяць гадоў, ёсць шэраг дысцыплін на трэцім курсе і дыпломнікі.

— Спалучэнне тэхнічнай адукацыі і музычнай кар’еры дазваляе вам развіваць абодва паўшар’і…
— Я і музыку магу распісаць на тэхнічныя складнікі. (Смяецца.)
На самай справе музыка стала намнога больш тэхнагеннай. І нават чалавек, які не мае ніякай музычнай адукацыі, можа пісаць музыку, выкарыстоўваючы праграмы і гатовыя сэмплы. Але, каб стварыць нешта вартаснае і шэдэўрападобнае, павінна быць сістэма. І калі ўнутры такой сістэмнасці з’яўляецца парушэнне, нараджаецца нешта добрае.

— Колькі шэдэўраў вы нарадзілі?
— Пра гэта не мне судзіць. Усё стараюся, стараюся… (Смяецца.) Па маім успрыманні кожная песня — шэдэўр, часам, можа, недаацэнены. (Смяецца.)
Але найлепшы шэдэўр — гэта мая дачка Міраслава. Так радаваць, весяліць, высаджваць “на белага каня” і пры гэтым міла ўсміхацца ні ў кога не атрымліваецца.

— Які вы бацька?
— Па сваіх паводзінах у выхаванні я стараюся быць падобным да бабулі — яе аўра прысутнічае заўсёды. Тут я выкарыстоўваю тактыку “тата-сябар”, прытрымліваючыся прынцыпу “хочаш паспрабаваць — паспрабуй”. У гэтым я супрацьлегласць маці — розныя падыходы да выхавання. Утрыруючы, калі мама корміць паравой гароднінай, я магу прапанаваць кавалак добрай каўбасы ці сала. Памятаю, неяк дачка ў тры гады сказала, што хоча паспрабаваць катацца на каньках. Паспрабавала… а праз тры тыдні і мяне зацягнула з ёй катацца на каньках. Калі атрымліваецца, чаму б гэтым і не займацца? Гэта новы навык, які шкоды не зробіць. У той жа час я ніколі не буду вымушаць яе займацца тым, што не падабаецца.

— Ці ёсць у дачкі схільнасць да музыкі?
— Канечне. У яе ж яшчэ і мама харэограф. Міраслава танцуе, спявае, разам з мамай Наташай займаецца гімнастыкай.

— Кім бы вы хацелі бачыць сваю дачку?
— Шчаслівым чалавекам…

— У чым гэта выражаецца?
— Ідэальны варыянт — калі б яна магла займацца любімай справай і ёй бы за гэта яшчэ плацілі грошы. (Смяецца.) А сур’ёзна шчасце — гэта калі ты атрымліваеш са-праўднае задавальненне ад сваёй работы (незалежна ад роду заняткаў).
Аднойчы ў мяне запыталіся, калі б мне прапанавалі астранамічную суму зарплаты ў галіне водазабеспячэння і каналізацыі, ці пайшоў бы я з музыкі? Я падумаў і адказаў, што пайшоў бы, але толькі з той мэтай, каб зноў да музыкі вярнуцца. Калі мы пачыналі займацца той музыкай, якой займаемся і зараз, пра грошы ніхто ўвогуле не думаў — гэта быў праект для сябе: напісаць песню, сыграць яе для сябе і для тых, каму гэта падабаецца. Але з цягам часу мы заўважылі, што тых, каму падабаецца наша музыка, значна больш, чым мы меркавалі. (Смяецца.)

— Для вас прафесійная кар’ера — гэта…
— Якога, напрыклад, танцора, лічыць прафесійным: таго, хто скончыў харэаграфічнае аддзяленне ці таго, хто сам навучыўся танцаваць? Ці можна групу U-2 называць прафесійнамі музыкантамі, бо яны ніколі музыцы не вучыліся? Эрык Клэптан мае вышэйшую музычную адукацыю, а вулічныя танцоры не. Ці можна назваць прафесійным мастаком выпускніка Акадэміі мастацтваў, ці, можа, большым прафесіяналам з’яўляецца графіціст, які ўжо больш як 10 гадоў бамбіць цудоўныя карціны?

Наконт гэтага ёсць слушная думка: калі ты гэтым зарабляеш грошы, значыць, ты прафесіянал. І калі зыходзіць з гэтага, то я ці прафесійны шоўмен, ці рок-н-рольшчык. Назваць сябе музыкантам у мяне не паварочваецца язык, бо мой прафесійны музычны складнік пакідае жадаць лепшага. Можа, я спяваю не па канонах і не па правілах, але тое, што я раблю, гледачам падабаецца.

На расійскім праекце “Голас” нехта з крытыкаў выказаўся ў мой адрас: “Ён не праспяваў ні адной ноты”, на што Леанід Агуцін сказаў: “Ён праспяваў свае ноты”. (Смяецца.)

— А з якой мэтай пайшлі на “Голас”?
— У мяне такі характар, што я сам сабе люблю падкідаць “чароўныя пендалі” ў пошуках новага вітка. Гэта была спроба, бо я быў не зусім у фармаце конкурсу (ды і ўвогуле я не магу аднесці сябе да конкурсных артыстаў) — апрыёры тут усе паказваюць добрыя галасы, а я — “хрыплы голас”. Напярэдадні конкурсу прадзюсары казалі мне: “Калі ты хочаш уразіць журы вакальнымі данымі, то тут такіх уражваючых мора.” — “І што мне тады рабіць,” — запытаўся я. “Пакажы тое, у чым ты адчувеш сябе кайфова”. І ў мяне атрымалася.
Ну а калі гаварыць пра гэта з пункту погляду бізнесу, удзел у “Голасе” адкрыў мяне для расійскага гледача. Цяпер я час ад часу выязджаю на гастролі самастойна і з аркестрам “Фанограф Джаз Бэнд” Сяргея Жыліна, які акампаніраваў на праекце.

— Як вы любіце, каб вас аб’яўлялі перад выхадам на сцэну?
— Проста Дзядзя Ваня.

— Гэты творчы псеўданім з’явіўся ў вас падчас выступлення на конкурсе “Новая хваля”. Хто быў вашым “хросным бацькам”?
— Дзядзя Ваня з’явіўся з лёгкай рукі Аляксандра Рэўзіна, чалавека, які бачыць намнога наперад. Ён тады сказаў: “Тут выйграе не той, хто атрымае ўзнагароду за першае месца, а той, хто атрымае работу на найбліжэйшыя пяць гадоў”. І ў гэтым я выйграў. (Смяецца.) Ну і яшчэ прыемны бонус ад Алы Пугачовай.

— Ці падтрымліваеце стасункі з прымадоннай?
— Некалькі разоў потым сустракаліся і перасякаліся на фестывалях і канцэртах. З прычыны таго, што я нарадзіўся “ў беднай, але інтэлігентнай сям’і”, не люблю залішне напружваць людзей. І калі, думаю, многія на маім месцы пастараліся б з выгадай для сябе выкарыстаць такое знаёмства, я не стаў такога рабіць — я больш схільны да прынцыпу “хочаш зрабіць добра — зрабі гэта сам”.

— Ці было вам калісьці сорамна за тое, што вы зрабілі?
— Было некалькі такіх момантаў. Дасюль успамінаю, як, ужо працуючы вядучым нейкага мерапрыемства, пераблытаў прозвішча. Бывала, што неспецыяльна каверкаў прозвішчы… А тут ужо ішла шостая гадзіна мерапрыемства, настаў час падвядзення вынікаў, і я няправільна назваў прозвішча тагачаснага начальніка прэс-службы ДАІ Мінгарвыканкама Жанны Трайно. Я доўга прасіў прабачэння тады, ды і дасюль мне вельмі сорамна за гэта. Пасля гэтага сябры кпілі з мяне, пытаючыся, ці ёсць у мяне яшчэ вадзіцельскае пасведчанне… (Смяецца.)

Мне бывае сорамна, калі я каго-небудзь незаслужана пакрыўджу, а недарэчнасці падчас рабочага працэсу можна спусціць на жарты.

— Чаго вы яшчэ не паспрабавалі, але хацелі б?
— Я яшчэ не лятаў за штурвалам самалёта і не быў у космасе. (Смяецца.) Мае перспектывы досыць зразумелыя і адэкватныя. Хацелася б працягваць займацца тым самым, чым зараз, пісаць далей, пакінуць след у гісторыі, напісаўшы песню (а можа, яна ўжо і напісана? — гэта будзе вядома праз некалькі дзясяткаў гадоў), якая застанецца ў гісторыі рок-н-рола і якую хлопцы будуць спяваць пад гітару.

Яшчэ адна мара, якую я сабе ўяўляю вельмі дакладна, — канцэрт на стадыёне Уэмблі (ці на Мінск-Арэне, ці ў Алімпійскім). Увосень, спадзяюся, зробім канцэрт на вялікай пляцоўцы. А калі дарасцём да арэны, зробім і на арэне. Будзем ствараць шоу-бізнес з Беларусі, бо толькі для Беларусі — гэта мала. І па вялікім рахунку няважна, дзе працуе артыст, важна тое, адкуль ён. Напрыклад, група U-2 працуе па ўсім свеце, але ў аснове яе музыкі ляжаць ірландскія карані, культура і гучанне. Нават легендарныя артысты абапіраюцца, можа, і падсвядома, у сваёй творчасці на нацыянальныя традыцыі.

— Вы падтрымліваеце моладзь, часта выступаеце для дзіцячай аўдыторыі…
— Так, выступленні перад такой аўдыторыяй, сустрэчы з дзецьмі — гэта зарад эмоцый і праверка таго, што мы робім. Для дзяцей няма аўтарытэтаў: ім або падабаецца, або не.

— Калі б вам прапанавалі стварыць уласны дзіцячы музычны конкурс?
— Былі думкі аб прадзюсарскім цэнтры, дзе можна было б вырошчваць таленты, а дакланей, аграніць алмазы, якіх у нашай краіне вельмі многа. Але на гэта трэба многа сіл (гэтага хапае!), часу (таксама можна знайсці!) і сродкаў. Але зараз хочацца пазаймацца сабой, каб напрацаваць больш вопыту (а яго ніколі не бывае многа!) і каб было чым потым падзяліцца.
Мне і самому яшчэ ёсць чаму павучыцца. Прыйшоўшы (ці прыехаўшы) на канцэрт вядомых артыстаў не толькі атрымаць асалоду ад любімай музыкі, але і сёе-тое падгледзець, — а гэта таксама навучанне, майстар-клас у жывым выглядзе.

— Чаго, на вашу думку, нестае ў падрыхтоўцы педагогаў?
— Практычнай псіхалогіі. Выкладаюць агульную, узроставую і іншую псіхалогію, а часам сутыкаешся з тым, што ў канкрэтнай сітуацыі не ведаеш, што рабіць. І тут вучням нецікавыя азначэнні тэрмінаў і класіфікацыі. Трэба вучыць педагогаў гэта ўсё прымяняць.
Маюць рацыю тыя, хто кажа, што настаўнік павінен быць ад Бога. Калі пра педагога так кажуць ці ён гэта сам адчувае, ён можа вучыць. Але, калі ты адчуваеш, што гэта не тваё, варта патраціць яшчэ некаторы час, каб атрымаць іншую прафесію.

— Якія б пажаданні вы выказалі сваім калегам-педагогам?
— Найперш старацца атрымліваць больш задавальнення ад таго, што робіш, — не заўсёды так атрымліваецца, але хацелася б. Адна справа — на заводзе рабіць нейкія дэталі: табе можа гэта не вельмі падабацца, але ты правільна задаў праграму, наладзіў абсталяванне, і ўсё атрымалася, а машыне, якой ты кіруеш, няма ніякай справы да твайго сённяшняга настрою. А дзеці — дэталь паскладаней… І тое, што атрымаецца з дзіцяці, залежыць ад настрою… Проста прыйсці і адчытаць лекцыю ці правесці ўрок няправільна.

 

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Івана ВАБІШЧЭВІЧА.