Іванава, Янаў ці Яноў? Хіба Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі толькі рускі пісьменнік, а можа, крыху і наш, беларускі? Хто ён, Напалеон Орда — паляк, ліцвін, беларус або проста геніяльны паляшук? Ці з’явяцца ў айчынных універмагах мотальскія кажухі, а ў прадуктовых магазінах усіх беларускіх гарадоў мотальскія каўбасы? За адказамі на гэтыя пытанні адправімся ў маляўнічы куток беларускага Палесся — Іванаўскую зямлю.
А можа, усё ж такі Янаўскую?..
Паехаў у Іванава…
Здаецца, выпісваў камандзіровачны ліст у ІВАНАВА, тэлефанаваў напярэдадні камандзіроўкі супрацоўнікам аддзела адукацыі ІВАНАЎСКАГА райвыканкама, а прыехаў, як сведчылі літары на фасадзе будынка чыгуначнай станцыі, у ЯНАЎ-Палескі. І гэта яшчэ не ўсё. Ад адной цёткі-паляшучкі, якая гучна размаўляла на пероне па мабільніку, пачуў такое: “Я ўжэ ў ЯНОВЕ”. Іванава, Янаў, Яноў… Тры назвы невялікага горада, што знаходзіцца паміж Ясельдай і Пінай на поўдні нашай краіны. Гэтыя тапонімы сведчаць пра пэўныя перыяды пакручастага лёсу Іванаўшчыны (будзем гаварыць афіцыйна), які з’яўляецца неад’емнай часткай лёсу ўсёй Беларусі.
Цяпер коратка пра кожны тапонім. Калі Іванава — гэта толькі перыяд з 1939 года па сённяшні час, то Янаў — сапраўдная эпоха. Пад такой назвай горад вядомы ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. Дарэчы, назве Янаў папярэднічала больш старадаўняя — Порхава. Менавіта так называлася вёска, якая ў 1465 годзе па ініцыятыве луцкага каталіцкага епіскапа Яна Ласовіча была перайменавана ў Янаў. І нарэшце трэцяя, народная, назва райцэнтра — Яноў. З гэтым тапонімам можна звязаць адметную, непаўторную частку традыцыйнага жыцця тутэйшых жыхароў.
Паколькі іванаўскі перыяд найбольш вядомы, найбольш даследаваны, мы засяродзім увагу на янаўскім і яноўскім часе. Дзеля гэтага наведаем знакаміты Моталь, дзе прымераем славутыя кажухі, палюбуемся незвычайным вясельным караваем, завочна пачастуемся знакамітымі каўбасамі, а таксама перанясёмся ў XVIII стагоддзе і ад Пляцу каралевы Боны пройдземся вулачкамі старадаўняга мястэчка ўздоўж дамоў, крытых чаротам і гонтай. Акрамя таго, пабываем у не менш вядомым Дастоеве і пагутарым з варацэвіцкімі педагогамі, каб раскрыць галоўную таямніцу зямлі, якая дала ўсяму свету двух геніяў — Фёдара Дастаеўскага і Напалеона Орду.
А з нашага акна…
Памятаеце словы знакамітага дзіцячага верша: “А з нашага акна…”. Не ведаю, як у вас, а з вокнаў нашай рэдакцыі бачны толькі шумлівы праспект, аўтамабілі, адміністратыўныя будынкі. Ёсць, праўда, некалькі дрэў, але яны губляюцца сярод шэрасці асфальту і бетону, асабліва цяпер, у змрочныя дні позняй восені. Таму, шчыра кажучы, гэты верш не надта хочацца працягваць. Іншая справа, калі знаходзішся ў будынку Мотальскай сярэдняй школы, з вокнаў якога бачна і Спаса-Праабражэнская царква, узведзеная ў ХІХ стагоддзі, і Мотальскі музей народнай творчасці, і драўляны вятрак, на якім хоць зараз можна малоць муку, і ўтульныя сядзібы з адметнымі драўлянымі дамамі, упрыгожанымі ўзорыстымі франтонамі і шалёўкамі вокнаў, і задуменная Ясельда, якая працякае на ўскрайку Моталя, і шэра-сіняя стужка далёкага лесу, дзе, па словах настаўнікаў, кожны год можна набраць поўныя кошыкі грыбоў і ягад. Гэта яшчэ што! Вось у музеі народнай творчасці за незвычайным чароўным акном аднаго з музейных залаў — дыярама мястэчка Моталь канца XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя.
— Калі больш дакладна, то рыначная плошча. Некаторы час па ініцыятыве маталян яна называлася Пляцам каралевы Боны. Такую павагу з боку нашых жыхароў жанчына заваявала нездарма. Менавіта яна ў 1555 годзе даравала Моталю Магдэбургскае права, правяла зямельную рэформу, у выніку якой з Італіі і Германіі ў Моталь былі пераселены майстры-рамеснікі, — расказвае навуковы супрацоўнік музея народнай творчасці Вольга Сцяпанаўна Кульбеда.
У Моталі і цяпер жывуць людзі з нехарактэрнымі для Палесся прозвішчамі: Кульбеда, Шакалай, Кузюр, Палто. Сярод іх і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мотальскай сярэдняй школы Ганна Сцяпанаўна Палто. Карэнная маталянка, яна не горш за любога навукоўца і музейнага работніка раскажа пра асаблівасці малой радзімы, паведаміць некалькі цікавых легенд. Вось некаторыя з іх.
Пра Бону. Некалі праз мястэчка Моталь праязджала жонка караля Жыгімонта І Старога Бона. Яе падарожжа пралягала праз многія вёскі і сёлы, але жанчыну ўразілі менавіта маталяне. І ў першую чаргу сваім знешнім выглядам (у адрозненні ад сялянак навакольных вёсак маталянкі не насілі на плячах шырокіх хустак), а таксама стрыманасцю і паважлівасцю, з якой яны сустракалі каралеву: палешукі стаялі роўна, а калі Бона да іх падыходзіла, то не спяшаючыся рабілі паклон.
Пра Матыля і матылькоў. Некалькі легенд звязана і з паходжаннем назвы Моталя. Паводле адной з іх, некалі яўрэй па імені Матыль пабудаваў на беразе Ясельды карчму і гасцінны двор, дзе купцы маглі спыніцца і пераначаваць. Многім падарожнікам гэтыя мясціны спадабаліся, і яны засталіся тут жыць. Дарэчы, да Другой сусветнай вайны трэцюю частку насельніцтва Моталя складалі яўрэі. Нарадзіўся ў мястэчку і жыў тут да 11-гадовага ўзросту першы Прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Яго дом цяпер з’яўляецца турыстычнай адметнасцю былога мястэчка. Распаўсюджана і іншая легенда. Некаторыя палешукі сцвярджаюць, што паходжанне назвы Моталя тлумачыцца матылькамі, якія вялікім воблакам лётаюць над навакольнымі палямі.
Пра Ясельду. З даўніх часоў жыццё маталян цесна звязана з ракой Ясельдай. Па ёй палешукі сплаўлялі лес, у ёй лавілі рыбу, плавалі на сваіх доўгіх чаўнах у Пінск, іншыя прыбярэжныя гарады, мястэчкі, вёскі. З паходжаннем назвы ракі звязана, напэўна, самая прыгожая легенда тутэйшай зямлі. Гавораць, калісьці беларускі хлопец Ясь пакахаў яўрэйскую дзяўчыну Эльду. Яны хацелі заручыцца, аднак бацькі былі супраць такога шлюбу. Маладыя даведаліся, што іх будуць разлучаць і вырашылі застацца разам назаўсёды. Яны ўзяліся за рукі і кінуліся ў ваду. З таго часу раку, дзе ўтапіліся Ясь і Эльда, людзі называюць Ясельдай.
Усе гэтыя легенды сабраны ўдзельнікамі клуба “Спадчына”, што працуе ў Мотальскай сярэдняй школе пад кіраўніцтвам Ганны Сцяпанаўны Палто.
— Будынак школы знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Моталя каля сацыяльна-культурных аб’ектаў, з якімі мы падтрымліваем цесную сувязь у справе выхавання школьнікаў. Галоўная мэта такой работы — захаванне і працягванне мотальскіх традыцый, а таксама той справы, якой некалі займалася член Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства ўраджэнка нашых мясцін Марыя Саковіч (дарэчы, у нас захоўваецца копія яе кнігі “Сяляне мястэчка Моталь і іх песні”, выдадзенай у канцы ХІХ стагоддзя), — расказвае Ганна Сцяпанаўна.
Пра актыўнасць работы ўдзельнікаў клуба “Спадчына”, заняткі якога праходзяць па трох секцыях (музеязнаўства, фальклор, гістарычнае і геаграфічнае краязнаўства), сведчаць дзясяткі даследчых работ, створаных школьнікамі ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. У кожнай з гэтых работ — цікавы аповед пра пэўную адметнасць роднай зямлі: “Рэцэпты страў бабулінай кухні”, “Мотальскі строй адзення”, “Мотальскі ручнік”, “Вясельны абрад вёскі Моталь”, “Мінулае і цяперашняе аграгарадка Моталь” і інш.
Смачна есці!
Сярод гэтага пераліку работа “Рэцэпты страў бабулінай кухні” нездарма стаіць на першым месцы. Справа ў тым, што ў апошнія гады, дзякуючы знакамітаму мотальскаму фэсту, былое мястэчка праславілася на ўсю Беларусь і Еўропу сваімі адмысловымі стравамі. Памятаеце знакамітыя кадры з кінафільма “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, калі ідзе падрыхтоўка да царскага абеду і на стол выносяцца розныя прысмакі: “ікра чорная, ікра заморская… баклажанная” і г.д. Дык вось, той шыкоўны царскі стол не параўнаецца з местачковым мотальскім. Для пацвярджэння гэтай думкі прывяду назвы некаторых страў, рэцэпты якіх вучні Мотальскай сярэдняй школы запісалі пад кіраўніцтвам Ганны Сцяпанаўны ад мясцовых жыхароў: “Амлет па-сялянску”, “Смажанкі”, “Морква з малаком”, “Бульбяна-маркоўныя аладкі”, “Бульбяна-прасяная запяканка”, “Юшка бульбяная”, “Верашчака”, “Фасоля па-сялянску”. Чакайце, гэта яшчэ не ўсё! А як вам, напрыклад, “Фляхі”, “Свіныя лапкі”, “Каўбаса сялянская” або “Каўбаса з печані”. Ці вось яшчэ гучная назва “Ведары” або рамантычная “Булачка-птушачка”… Так-так, у мяне таксама падчас знаёмства з работай “Рэцэпты страў бабулінай кухні” пацякла слінка.
І што самае галоўнае ва ўсёй гэтай смачнай гісторыі — названыя стравы за апошнія гады не саступілі месца салатам “Аліўе” і іншым стравам інтэрнацыянальнай кухні. За сямейным сталом у кожнай мотальскай сям’і і цяпер абавязкова падаюцца прысмакі, якія ўжывалі дзяды-прадзеды. Прычым, рэцэпты гэтых страў не з’яўляюцца таямніцай. Спецыяльна для чытачоў “Настаўніцкай газеты” ад шчырага сэрца маталян адзін з такіх рэцэптаў:
“Каўбаса сялянская”. Свініну наразаюць дробнымі кубікамі, дабаўляюць сечаны часнок, кмен, соль, спецыі. Усё гэта перамешваюць. Свіную кішку прамываюць і напаўняюць яе прыгатаваным фаршам, па краях перавязваюць. Потым каўбасу смажаць у печы. Гавораць, вельмі смачна.
Мотальскія каўбасы заваявалі сваё месца на спажывецкім рынку краіны. Напрыклад, на знакамітым фэсце яны расходзяцца ў імгненне вока. Яшчэ б: як на свежым паветры, лагодным жнівеньскім днём ды не пакаштаваць смачнай каўбасы. Мясцовыя жыхары перакананы, што мотальскія прысмакі ахвотна набывалі б не толькі ўдзельнікі фэсту, але і наведвальнікі прадуктовых магазінаў усіх беларускіх гарадоў.
Кажух або дублёнка?
Калі са знакамітымі мотальскімі каўбасамі справы ідуць больш-менш добра (людзі іх ведаюць, ахвотна набываюць), то славутыя мотальскія кажухі, у якіх калісьці, па словах настаўнікаў, была апранута палова Еўропы, на жаль не вытрымалі націску турэцкага, кітайскага і в’етнамскага шырпатрэба. А яшчэ не так даўно мотальскія кажухі разыходзіліся “на ўра”. Іх насілі не толькі людзі сталага ўзросту, але і моладзь. І сёння ў кожнай маталянскай сям’і ў вялікім куфры захоўваецца хаця б адзін кажух.
— Цяпер у нас шмат замежных канкурэнтаў, — расказвае Ганна Сцяпанаўна. — А калісьці ў Моталь за кажухамі ехалі людзі з блізкага і далёкага замежжа. Вядомы такі факт. Да вайны адна палячка купіла ў Моталі жаночы кажух і паехала ў ім пагасціць у Францыю. Французскім мадэльерам настолькі спадабаўся кажух, што яны перанялі вопыт нашых майстроў і пачалі на сваіх дублёнках выкарыстоўваць такі элемент, як паяскі і апушка на рукавах, варатніку, ніжняй частцы кажуха.
Ганна Сцяпанаўна падзялілася і некаторымі сакрэтамі вырабу кажухоў, якія вядомы кожнаму маталяніну. Хто ведае, можа, нехта з чытачоў нашай газеты захоча працягнуць мотальскія традыцыі і разам са сваімі выхаванцамі ў шосты школьны дзень вырашыць пашыць лёгкі, цёплы, упрыгожаны рознакаляровымі ніткамі кажух.
— Для вырабу кажухоў патрэбна аўчына. Паколькі сваіх авечак маталяне не трымалі, за матэрыялам ездзілі ў Драгічын, Кобрын, нават у Падмаскоўе. Аўчыну чысцілі, разміналі, потым закладвалі ў спецыяльны раствор — квас, які робіцца з пшанічнай або жытняй мукі, вады і разводзіцца, як на бліны. На вядро квасу дабаўляецца 300 грамаў солі, ён павінен пастаяць тыдзень і ўкіснуць. Толькі потым у яго закладваецца аўчына ў некалькі слаёў, якія праз некалькі дзён мяняюць месцамі. Гатоўнасць аўчыны правяраюць, праводзячы па скуры пазногцем. Калі застаецца белая палоска, то аўчына гатова. Потым яе сушаць на гарышчы, пасля вымочваюць і пачынаюць размінаць. Гэты працэс называецца ключаванне. Пасля аўчыну можна фарбаваць у светла-карычневы колер — дубіць, трымаючы тыдні два ў адвары кары дуба або фарбаваць з дапамогай магазінных фарбаў, напрыклад, у чорны колер. Потым аўчыну сушаць, ключуюць, зноў высушваюць. Толькі пасля гэтага яе сшываюць і вышываюць рознакаляровымі ніткамі з дапамогай спецыяльных іголак, — расказвае Ганна Сцяпанаўна.
На першым фэсце настаўнікі і вучні Мотальскай сярэдняй школы наладзілі шыкоўную выставу кажухоў. Да ўвагі наведвальнікаў былі прапанаваны мужчынскія, жаночыя, дублёныя, фарбаваныя кажухі. Чамусьці яны не выклікалі асаблівай цікавасці ў наведвальнікаў. Таму ў апошнія гады падобныя выставы не праводзяцца. Пры гэтым удзельнікі клуба “Спадчына” ўпэўнены: некалі людзі абавязкова зразумеюць, што з мотальскім кажухом, у якім на працягу стагоддзяў прахадзілі тысячы людзей, не параўнаецца ніякая замежная дублёнка.
З адметнасцямі народных свят, сакрэтамі прыгатавання страў, выпякання незвычайнага вясельнага каравая, легендамі і паданнямі роднай зямлі настаўнікі і вучні Мотальскай сярэдняй школы знаёмяцца падчас музейна-педагагічных заняткаў, якія для іх праводзяць супрацоўнікі Мотальскага музея народнай творчасці (“Казкі бабулькі Алены”, “За віфлеемскай зоркай”, “Гуканне вясны”). Каб заняткі праходзілі ў асаблівай атмасферы, вучням прапаноўваюць апрануць своеасаблівую школьную (дакладней, музейную) форму: адзенне народнага мотальскага строю. А ў канцы па добрай мотальскай традыцыі ход заняткаў абмяркоўваецца за кубачкам травяной гарбаты са знакамітай мотальскай булачкай-птушачкай.
“Дастойны” край
Як вядома, на працягу стагоддзяў Беларусь знаходзілася ў складзе розных дзяржаў. Адпаведна, і тых талентаў, якіх узгадавала беларуская зямля або продкі якіх паходзяць з нашага краю, часта лічаць прадстаўнікамі іншых дзяржаў і культур. Менавіта так можна сказаць у дачыненні да Напалеона Орды і ў нейкай ступені да Фёдара Дастаеўскага. Хаця мы ведаем, што калі б не маляўнічае Палессе, то наўрад ці… Але не будзем паглыбляцца ў гэтае пытанне, няхай ім займаюцца гісторыкі, літаратуразнаўцы, крытыкі, мастацтвазнаўцы. Мы ж адправімся на малую радзіму геніяў еўрапейскага і сусветнага маштабу.
Для пачатку наведаем сяло Дастоева, а дакладней сярэднюю школу, якая носіць імя Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. Амаль 30 гадоў у ёй дзейнічае музей, у якім расказваецца не толькі пра мінулае Дастоева, але і захоўваюцца ўнікальныя экспанаты, звязаныя з жыццём прадстаўнікоў знакамітага роду Дастаеўскіх або Дастоеўскіх (так вымаўляць, напэўна, больш правільна).
— Упершыню Дастоева ўзгадваецца ў Літоўскай метрыцы ў 1452 годзе. Назва вёскі пайшла ад слова “дастойнікі”. Паводле тлумачальнага слоўніка Даля, дастойнік — гэта майстар, які валодае пэўным рамяством. Нездарма прозвішчы карэнных дастоеўцаў носяць рамесніцкі характар (Ткачук, Гарбарук, Шаўчук, Кавальчук). У 1506 годзе пінскі князь Фёдар Іванавіч выдаў прывілей на валоданне землямі ў ваколіцах Дастоева Данілу Іванавічу Рцішчаву (Рцішчэвічу). Яго сыны Іван і Сямён ужо насілі прозвішча Дастоеўскіх. Рэшткі сядзібы Дастоеўскіх ва ўрочышчы Сад захоўваліся да сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя. У дзяцінстве разам з сябрамі мы любілі там гуляць. Нам падабалася лазіць па рэштках разваднога моста, залазіць у таямнічы склеп, — гаворыць захавальнік фондаў народнага літаратурна-краязнаўчага музея Анатоль Іосіфавіч Бурак.
На жаль, падчас маштабнай меліярацыі ўсё гэта было знішчана. Цяпер азнаёміцца са знешнім выглядам сядзібы Дастаеўскіх можна толькі дзякуючы макету, створанаму Анатолем Іосіфавічам на аснове старадаўніх карт і інвентару 1754 года. Педагог спадзяецца, што пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама асабістай зацікаўленасці расійскага акадэміка Сяргея Уладзіміравіча Бялова і старшыні Іванаўскага райвыканкама Юрыя Юр’евіча Бісуна нарэшце ажыццявіцца даўняя мара многіх дастоеўцаў: сядзіба знакамітага роду адновіцца.
— Цяпер пра стварэнне музея, — працягвае Анатоль Іосіфавіч. — Збор экспанатаў вёўся доўгі час. Яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў у працэсе даследчай работы мы аналізавалі, ці ёсць сувязь паміж Фёдарам Міхайлавічам і нашай вёскай. У тыя часы былому дырэктару Мікалаю Паўлавічу Раманаву пачаў пісаць унук Дастаеўскага Андрэй Фёдаравіч. Напярэдадні святкавання 150-годдзя з дня нараджэння пісьменніка ён вельмі хацеў прыехаць да нас, дапамагчы ў стварэнні музея. На жаль, не паспеў — памёр. Яго справу працягнуў праўнук Дзмітрый Андрэевіч Дастаеўскі, які гасцяваў у нас у 2007 годзе. Канкрэтныя даныя пра сувязь Фёдара Міхайлавіча і Дастоева з’явіліся ў кнізе з серыі “Жыццё выдатных людзей”. Пасля выхаду гэтай кнігі мы пачалі больш актыўна шукаць неабходны матэрыял. Так, у 1982 годзе музей быў афіцыйна адкрыты. Сёлета, дзякуючы фінансавай падтрымцы райвыканкама, мы пашырылі яго экспазіцыю, у прыватнасці, аформілі пакой, прысвечаны Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.
Пасля адкрыцця музея пачалося актыўнае супрацоўніцтва школы з дастоевазнаўцамі. У Дастоева пабывалі госці амаль з усіх еўрапейскіх краін, а таксама з Кітая, Ізраіля. Мясцовыя настаўнікі і вучні ўдзельнічаюць у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая праводзіцца на базе Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і школьнага музея. Традыцыйнымі для школы сталі і літаратурныя чытанні, якія ладзяцца пад эгідай генеральнага консула Расійскай Федэрацыі. Музей падтрымлівае цесныя сувязі, напрыклад, з Маскоўскім музеем-кватэрай Ф.М.Дастаеўскага, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.
Музей Дастоеўскай сярэдняй школы, у якім сабрана больш за 3 тысячы экспанатаў, па словах Анатоля Іосіфавіча, з’яўляецца жывым арганізмам. Ён служыць справе не толькі выхавання, але і навучання жыхароў як раёна, так і ўсёй Беларусі, краін далёкага і блізкага замежжа, пра што сведчыць таўшчэзная кніга водгукаў, якая ўжо даўно стала адным з самых каштоўных экспанатаў. Акрамя таго, на базе музея ад Іванаўскага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства працуе гурток “Юны экскурсавод”, пры музеі працуе навукова-этнаграфічны клуб “Спадчына”, літаратурна-краязнаўчы клуб “Пошук”. Тут праводзяцца ўрокі, тэматычныя экскурсіі (напрыклад, “З чаго пачынаецца Радзіма”, “Дастоева і Дастаеўскі”, “Памяць продкаў”), сустрэчы выпускнікоў школы.
І беларус, і проста паляшук
Знакамітага мастака, музыканта Напалеона Орду нашыя суседзі палякі лічаць сваім геніем. Гэта іх права. Аднак у жыхароў Іванаўскага раёна наконт гэтага іншая думка, што пацвярджае, напрыклад, помнік земляку, які ўстаноўлены ў 1997 годзе ў цэнтры горада пад высокімі вербамі, а таксама актыўная даследчая работа па вывучэнні жыцця і творчай дзейнасці Напалеона Орды, якой займаюцца настаўнікі і вучні ўсіх устаноў адукацыі раёна. Аднак найбольш плённа вывучэнне біяграфіі славутага земляка вядзецца ў Варацэвіцкай сярэдняй школе. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Міхаіла Іванавіча Міховіча навучэнцамі была створана работа “Шчодры талент зямлі палескай”.
Падрабязна пераказваць біяграфію Напалеона Орды мы не будзем. Засяродзім увагу толькі на тых этапах жыцця мастака, якія звязаны з Іванаўшчынай. Як адзначаюць аўтары работы, Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў сям’і інжынера-фартыфікатара Міхаіла Орды ў родавым маёнтку Варацэвічы. Бацька будучага мастака адносіўся да той часткі інтэлігенцыі, якая марыла пра адраджэнне былой велічы Вялікага Княства Літоўскага і звязвала надзеі з Напалеонам Банапартам. Менавіта ў яго гонар Міхаіл Орда і назваў свайго сына. Пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў Напалеон Орда эмігрыраваў у Парыж. Вядома, што перад ад’ездам ён наведваў Варацэвічы. Пасля аб’яўлення амністыі ўдзельнікам паўстання мастак разам з жонкай і сынам вярнуўся на малую радзіму і заняўся гаспадаркай. Ён прывёў родавы маёнтак да лепшых еўрапейскіх узораў, праявіў сябе як выдатны гаспадар. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў улады забаранілі яму жыць у Варацэвічах, і ён стаў падарожнічаць. У гэты час створаны многія знакамітыя работы. 26 красавіка 1883 года Напалеон Орда памёр у Варшаве. Аднак сябры выканалі яго просьбу, і мастак быў перапахаваны ў мястэчку Янаў, сённяшнім Іванаве, у родавым склепе.
Цяпер на месцы былой сядзібы Ордаў вядуцца будаўнічыя работы. Плануецца аднаўленне сядзібнага дома, гаспадарчых пабудоў. А пакуль што гасцей з розных куточкаў Беларусі з радасцю прымуць настаўнікі і вучні Варацэвіцкай сярэдняй школы, якія абавязкова пакажуць месца сядзібы, памятны знак, устаноўлены ў гонар мастака, і раскажуць некалькі цікавых фактаў з жыцця славутага земляка.
Пытанне без адказу
Камандзіроўка ў Іванаўскі раён пераканала, што Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага мы можам лічыць крыху і сваім, беларускім, пісьменнікам, а пра Напалеона Орду, наогул, павінны смела гаварыць: ён наш геній. У дачыненні да мотальскіх кажухоў варта сказаць наступнае: “Прыйдзе час, і людзі зразумеюць: тое, што праверана стагоддзямі, не павінна забывацца. Ва ўнівермагах мы яшчэ абавязкова ўбачым мотальскі брэнд”. На жаль, без адказу засталося толькі адно пытанне. Як правільна называць зямлю, што ляжыць паміж Ясельдай і Пінай, на самым поўдні нашай краіны: Іванаўшчына, Янаўшчына ці ўсё ж Яноўшчына?..
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.