Ізраіль: прэстыжны кітайскі ўніверсітэт адкрыў кампус у Петах-Цікве

- 12:40Паралелі

Савет па вышэйшай адукацыі адобрыў адкрыццё кампуса кітайскага Універсітэта міжнароднага бізнесу і эканомікі (UIBE) у Ізраілі. Пасля гэтага рашэння кампус прэстыжнай кітайскай ВНУ адкрыўся 3 жніўня ў горадзе Петах-Ціква (уваходзіць у сталічную агламерацыю, размешчаны за 10 км на ўсход ад Тэль-Авіва). 

Прэзідэнтам UIBE-Israel будзе Матан Вільнаі, які ў тым ліку працаваў паслом Ізраіля ў Кітаі.

“Кітай з’яўляецца другім па велічыні гандлёвым партнёрам Ізраіля і магутным рухавіком росту ізраільскай інфраструктуры і эканомікі. Сёння ўзрастаючы попыт на менеджараў, якія валодаюць вопытам і знаёмы з дзелавым светам Кітая, патрабуе інстытуцыйнага акадэмічнага адказу”, — заявіў Вільнаі напярэдадні цырымоніі адкрыцця.

Ад імя пекінскага ўніверсітэта ў кампусе будуць прапанаваны новыя курсы па дзелавым адміністраванні, якія будуць выкладацца на іўрыце і англійскай мове. Выкладчыкі будуць з Ізраіля і Кітая. Таксама ў праграму курсаў уваходзіць вывучэнне кітайскай мовы. Акрамя таго, студэнты атрымаюць магчымасць адправіцца ў Кітай на стажыроўку, перадае Мignews.com.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.