11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэтая дата ўстаноўлена па ініцыятыве ААН у памяць пра інтэрнацыянальнае паўстанне, якое паднялі 11 красавіка 1945 года вязні Бухенвальда. У гэты дзень мы абавязаны помніць таксама пра адну з малавядомых трагедый Вялікай Айчыннай вайны — трагедыю былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Усяго на тэрыторыі Германіі і акупіраваных ёю краін дзейнічала больш за 14 тысяч канцлагераў. За гады Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці прайшлі 18 мільёнаў чалавек, з іх больш як 5 мільёнаў — грамадзяне Савецкага Саюза. У 1937 годзе, 80 гадоў назад, адкрыў свае вароты канцлагер Бухенвальд. 80 гадоў назад запрацавала нацысцкая фабрыка смерці. 80 гадоў назад першыя вязні ўбачылі на яго варотах свой прысуд: “Кожнаму — сваё”. За гады існавання Бухенвальда праз гэтыя вароты прайшло больш за 250 тысяч чалавек. Лагерныя вароты з надпісам “Кожнаму — сваё” і калючы дрот захаваліся да сённяшняга часу. Зараз гэта ўваход у Музей памяці Бухенвальда. На сотнях квадратных метраў усяго некалькі пабудоў. Санчасць, дзе нацысты праводзілі эксперыменты над зняволенымі, вартаўнічыя вышкі, зброевая майстэрня і крэматорый — вось усё, што засталося ад лагера смерці. На месцы баракаў, дзе жылі тысячы вязняў, зараз поле і камяні з нумарамі: блок 3, блок 5, блок 17.
Першыя савецкія ваеннапалонныя прыбылі ў Бухенвальд 16 верасня 1941 года. Па ўспамінах, гэта былі афіцэры і палітработнікі. Усю групу, 300 чалавек, расстралялі ў праходзе на тэрыторыі завода. Іх імёны ўстанавіць не ўдалося. 18 кастрычніка 1941 года ў Бухенвальд былі перададзены каля 2000 савецкіх ваеннапалонных. Гэтая група была прызначана для работы па пашырэнні лагера і знаходзілася асобна ў заходняй частцы лагера. На канец 1941 года ў Бухенвальдзе налічвалася 1903 савецкія ваеннапалонныя. Расстраляныя і памерлыя ў справаздачныя дакументы не ўключаюцца. У студзені 1942 года па распараджэнні інспекцыі канцлагераў з Бухенвальда частка ваеннапалонных была адпраўлена для работы ў каменяломні.
У лагеры былі 52 асноўныя баракі. Аднак многія зняволеныя былі змешчаны ўзімку ў палаткі. Існаваў яшчэ так званы малы лагер, інакш кажучы, каранцінная зона. Умовы жыцця ў каранцінным лагеры былі нават у параўнанні з асноўным лагерам настолькі нялюдскія, што гэта не паддаецца разуменню. У малы лагер змяшчалі галоўным чынам савецкіх ваеннапалонных. Тут налічвалася толькі 12 баракаў без вокнаў — былыя стайні памерам 40 на 50 метраў. У кожным такім бараку — 750 чалавек. Каля 100 з іх штодня паміралі.
У лагеры лютавалі інфекцыйныя захворванні. Практычна ўсе зняволеныя пакутавалі ад дыярэі. Вуліцы лагера не былі ўмацаваны і былі слізкімі. Многія зняволеныя, абутыя ў драўляныя чаравікі, атрымлівалі траўмы. Калі траўміраваны зняволены не мог працаваць, яго расстрэльвалі. Працу ў канцлагеры можна ахарактарызаваць як сродак фізічнага знішчэння зняволеных і як сродак эканамічнай эксплуатацыі. Над вязнямі праводзілася мноства медыцынскіх доследаў. Гэтыя дзеянні, не маючыя нічога агульнага з навукай, прычынялі зняволеным неймаверныя пакуты і часта паскаралі іх смерць.
З паступленнем новых палітвязняў з краін, акупіраваных нацыстамі, антыфашысты розных нацыянальнасцей стваралі свае групы супраціўлення. З гэтых груп у ліпені 1943 года быў створаны Інтэрнацыянальны лагерны камітэт, які пад кіраўніцтвам камуніста Вальтэра Бартэля аказваў супраціўленне нацыстам. Камітэт збіраўся ў бальнічным бараку, дзе і праходзілі яго тайныя пасяджэнні. Пазней камітэтам была арганізавана Інтэрнацыянальная ваені-заваная арганізацыя. Яшчэ задоўга да таго, як сюды былі кінуты першыя савецкія людзі, у лагеры ўзнікла антыфашысцкая арганізацыя. Стварылі яе нямецкія камуністы Вальтэр Бартэль, Эрнст Бусэ і інш. Да нямецкіх таварышаў далучыліся чэхі Квятаслаў Іннэман і Ян Геш, югаслаў Рудзі Супэк, француз Поль Марсэль і інш. Гэтыя людзі дапамаглі савецкім падпольшчыкам. Неўзабаве арганізацыя савецкіх падпольшчыкаў стала адной з наймацнейшых. Узначаліў яе Мікалай Сімакоў, які ўвайшоў у склад Інтэрнацыянальнага цэнтра лагера, адкуль вялося кіраўніцтва барацьбой.
11 красавіка 1945 года вязні Бухенвальда, даведаўшыся пра падыход саюзных войскаў, паспяхова ажыццявілі ўзброенае паўстанне, абяззброілі і захапілі ў палон эсэсаўцаў і салдат аховы, узялі ў свае рукі кіраўніцтва лагерам і толькі праз двое сутак дачакаліся прыходу амерыканскіх салдат. Вось як пра гэта ўспамінае французскі публіцыст Жак Га цье, вязень Бухенвальда: “Да варот падышлі танкавыя часці амерыканцаў, мы сустракалі іх як вызваліцеляў. У многіх танкістаў на вачах былі слёзы, калі яны ўбачылі, у якім мы знаходзімся стане. Але тут прыбыло камандаванне, якое адразу аддало загад здаць зб рою, захопленую ў фашыстаў. Ніхто не адважыўся непаслухацца загаду. Але тут з групы рускіх вязняў выйшаў зняволены. Наступіла мёртвая цішыня. Голасам, больш падобным на грозны шэпт, ён сказаў: “Паспрабуйце забраць, калі зможаце”. І над усім лагерам разнёс вецер яго голас: “Слухайце мой загад! Зброю не здаваць!” Батальён з савецкіх ваеннапалонных не выканаў патрабавання пра здачу зброі і працягваў існаваць як баявое падраздзяленне. На жалобным мітынгу, прысвечаным памяці забітых таварышаў, 19 красавіка 1945 года вязні Бухенвальда ўсіх нацыя-нальнасцей далі клятву спыніць барацьбу толькі тады, калі апошні фашысцкі злачынец паўстане перад судом народаў.
Падчас вывучэння гісторыі мы не раз пераконваемся, што для нас, беларусаў, захопніцкія ідэі з’яўляюцца чужымі. І мы павінны ўмець супрацьстаяць ідэям фашызму, шавінізму, нацыяналізму. Да гэтага нас заклікае кроў нашых суайчыннікаў, аддадзеная за светлую будучыню.
Валерый БУКО,
настаўнік гісторыі Браслаўскай сярэдняй школы № 2.
Фота Наталлі ЧАРКЕС.