Каардынатар, матыватар, натхняльнік

Сёння госцем нашага дырэктарскага клуба з’яўляецца Юрый Пятровіч СНАПКОЎ, дырэктар сярэдняй школы № 15 Магілёва. Гэтая навучальная ўстанова, на першы погляд, проста школа на ўскрайку горада. Але школу “робяць” яе вучні і настаўнікі. А тон навучальнай установе задае дырэктар, які з’яўляецца своеасаблівым акумулятарам і генератарам адначасова. Каб кіраваць сучаснай школай, трэба быць вельмі мабільным, умець натхняць усіх адразу і кожнага паасобку. Калегі цэняць Юрыя Пятровіча за прыстойнасць, спагаду, добразычлівасць.
У педагогіцы Юрый Пятровіч з 1991 года (ён настаўнік гісторыі і грамадазнаўства), а на пасадзе дырэктара — з 2000 года. Добрыя арганізатарскія здольнасці і тактоўнасць дапамаглі яму стварыць у школе асаблівую атмасферу. Пасля заканчэння ВНУ 15 выпускнікоў вярнуліся ў школу працаваць настаўнікамі.

— Юрый Пятровіч, давайце знаёміцца. Сярэдняя школа № 15 Магілёва сёння — гэта…
— …Гэта 1186 навучэнцаў, 52 класы, 111 педагогаў (65% з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй). У школе 29 вучэбных кабінетаў; 2 камп’ютарныя класы; лінгафонны кабінет, кабінет з інтэрактыўнай дошкай; вучэбныя майстэрні; бібліятэчна-інфармацыйны цэнтр з доступам у інтэрнэт; зала рытмікі і 2 спартыўныя залы; стадыён; кабінет сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы; пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі; кабінет інтэграванага навучання; музей баявой славы; кабінет грамадскіх арганізацый; сталовая; медыцынскі кабінет; працэдурны кабінет.
Вучні школы маюць магчымасць наведваць гурткі, клубы, спартыўныя секцыі, атрымліваць дадатковыя адукацыйныя паслугі, удзельнічаць у руху КВЗ, валанцёраў, працаваць у грамадскіх арганізацыях, быць удзельнікамі займальных, цікавых школьных мерапрыемстваў. Сёння ў школе кожны вучань можа рэалізаваць свае здольнасці, раскрыць талент, праявіць творчасць. У 2013/2014 навучальным годзе ў школе было арганізавана 117 прадметных факультатыўных заняткаў, 49 факультатыўных заняткаў выхаваўчай накіраванасці, 78 гурткоў.
Пяцёра навучэнцаў школы з’яўляюцца стыпендыятамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўключаны ў банк адоранай моладзі Рэспублікі Беларусь. Гэта Ганна Церахава, Кацярына Драгунова, Юлія Бародзька, Настасся Краўцова і Настасся Кунцэвіч. Акрамя таго, Кацярына Драгунова ў ліпені 2014 года стала бронзавай пераможцай 25-й Міжнароднай алімпіяды па біялогіі, якая праходзіла на інданезійскім востраве Балі.
Навучэнцы школы атрымліваюць дыпломы за ўдзел у конкурсах навукова-даследчых работ. За тры апошнія гады даследаванні навучэнцаў былі адзначаны 22 дыпломамі. Увогуле, нашай школе ёсць чым ганарыцца! Тут вучацца мэтанакіраваныя вучні, працуюць кваліфікаваныя педагогі. Яшчэ адно пацвярджэнне гэтага — неаднаразовыя перамогі навучэнцаў у інтэлектуальных конкурсах, напрыклад, у Міжнароднай алімпіядзе па інтэлектуальнай уласнасці для старшакласнікаў. Навучэнка школы Юлія Бародзька перамагла ў VI Міжнароднай алімпіядзе па інтэлектуальнай уласнасці для старшакласнікаў і стала студэнткай Расійскай дзяржаўнай акадэміі інтэлектуальнай уласнасці, а за год да гэтага пераможцай V Міжнароднай алімпіяды па інтэлектуальнай уласнасці для старшакласнікаў стала выпускніца нашай школы Ганна Церахава.
На нашым рахунку перамога ў Рэспубліканскім конкурсе інтэрнэт-праектаў “Школа будучыні” Webprog-2012, Рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіядзе па біялогіі, XI і XII Міжнароднай алімпіядзе эрудытаў планеты, І Міжнародным турніры па інтэлектуальным мнагаборстве сярод адукацыйных устаноў, перамога ў Рэспубліканскім конкурсе “Таленты XXI стагоддзя”, на Міжнародным конкурсе школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергія і асяроддзе пражывання”, конкурсе школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”. Толькі за 2012—2013 гады навучэнцы школы заваявалі 939 дыпломаў па выніках інтэлектуальных і творчых конкурсаў і праектаў рознага ўзроўню.

— Каб школа працавала як зладжаны механізм, трэба прыкладаць шмат намаганняў усяму педагагічнаму калектыву, але гэты “механізм” заўсёды запускае дырэктар, які з’яўляецца і каардынатарам, і матыватарам, і натхняльнікам як для педагагічнага калектыву, так і для вучнёўскага. Як вам удаецца ўтрымліваць неабходны баланс?
— Я вельмі люблю сваю работу і штодзень іду на яе з вялікім задавальненнем. Ніколі не гавару са сваімі калегамі загадным тонам. Гэта проста недапушчальна. Мая задача — захапіць, зацікавіць нейкай справай кожнага настаўніка ў калектыве. І я, і мае намеснікі заўсёды адкрыты да прапаноў і ініцыятыў. Калі мы прыступаем да рэалізацыі чарговага праекта, то да ўдзелу запрашаем усіх жадаючых, у тым ліку і пачынаючых настаўнікаў, для якіх такія мерапрыемствы могуць стаць крыніцай натхнення. Калі нам не хапае пэўных ведаў і магчымасцей, то запрашаем прадстаўнікоў МДУ імя Аркадзя Куляшова, з якімі, дарэчы, у нас ужо цесныя сувязі.
Тут вельмі важна, што кожны ўдзельнік працэсу ведае сваю ролю і яе значэнне для канчатковага выніку, што дазваляе ўсведамляць сваю значнасць і неабходнасць. Узаемапавага і падтрымка — аснова поспеху любога калектыву. Яшчэ адным немалаважным фактарам з’яўляецца матэрыяльнае стымуляванне. Мы імкнёмся да заахвочвання кожнага настаўніка, бо калі ў педагога не будзе матывацыі, то і ніякіх вынікаў не будзе.
Асаблівая катэгорыя педагогаў — гэта маладыя настаўнікі, з якімі цікава і складана адначасова. Самае галоўнае, што яны прыйшлі ў школу. Калі яны адважыліся на гэты крок, а не пайшлі, напрыклад, у прадаўцы, то значыць ёсць у іх душы цяга да дзяцей. Тут кіраўніку навучальнай установы трэба быць тонкім дыпламатам, каб не напужаць, а зацікавіць. Настаўнікам нельга стаць у адзін момант. Каб адбыцца ў прафесіі, прычым не толькі педагагічнай, трэба многа і добра працаваць. А праблема нашай моладзі ў тым, што яна хоча ўсяго і адразу. Мне падаецца, што прычына гэтай праблемы ва ўсеагульнай камп’ютарызацыі, інфармацыйных тэхналогіях, дзе вынік можна атрымаць проста націснуўшы на кнопку, а ў жыцці так не бывае. Але мне за маю практыку даводзілася толькі адзін раз гаварыць маладому спецыялісту, што ён не здатны да педагогікі. Уважлівыя адносіны, прыцягненне да самых розных мерапрыемстваў заўсёды даю ць станоўчы вынік, і маладыя педагогі адчуваюць сваю педагагічную значнасць.

— Немалаважнае значэнне ў станаўленні педагога мае і прафесійная атмасфера ў калектыве. Калі старэйшыя калегі імкнуцца да поспеху, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі шматлікіх праектаў, то і ў моладзі з’яўляецца стымул для рэалізацыі сваіх амбіцый.
— Прафесіянальная амбіцыйнасць толькі вітаецца. Наш педагагічны калектыў з вялікім патэнцыялам. Высокі прафесіяналізм настаўнікаў пацвярджаецца выніковым удзелам у конкурсах прафесійнага майстэрства.
Па выніках абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” педагог школы Галіна Васільеўна Дудко выйшла ў рэспубліканскі фінал конкурсу. Яна выкладае гісторыю і грамадазнаўства. Настаўніца замежнай мовы А.А.Кошалева стала паўфіналістам VII Рэспубліканскага конкурсу “Адкрыты ўрок”, які праводзіць “Настаўніцкая газета”. Удзел у Абласным фестывалі кіраўніцкага вопыту ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі “Эфектыўнае кіраванне ўстановай адукацыі ў сучасных умовах” прынёс перамогу намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце С.А.Паўлінковіч. Яна стала лепшай у намінацыі “Прафесіяналізм метадычнага суправаджэння”. І работа настаўніцы фізікі Г.В.Турбінскай над праектам па энергазберажэнні стала выніковай: на раённым этапе праект атрымаў дыплом ІІ ступені, на абласным — І ступені, а на рэспубліканскім этапе быў адзначаны граматай.
За высокія дасягненні ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах спецыяльныя дыпломы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта атрымалі настаўніца біялогіі Ю.А.Паўлава, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Н.У.Радзькова і Г.Ф.Грынкевіч, настаўніца працоўнага навучання І.В.Кавалёва. Акрамя таго, Ю.А.Паўлава ўзнагароджана дыпломам Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія прафесійныя дасягненні ў сацыяльнай сферы і з’яўляецца неаднаразовым уладальнікам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Мэта школы — забеспячэнне роўных магчымасцей атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, якая адпавядае сучасным умовам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Настаўнікі школы працуюць над павышэннем сваёй прафесійнай кампетэнтнасці з дапамогай эфектыўных тэхналогій і методык выкладання, асваення сучасных, у тым ліку электронных, сродкаў навучання, інфармацыйных тэхналогій.
У красавіку 2014 года паміж нашай школай і кафедрай педагогікі МДУ імя Аркадзя Куляшова была заключана дамова, згодна з якой школа стала філіялам гэтай кафедры. У выніку, з аднаго боку, адбываецца практыка-арыентаваная падрыхтоўка студэнтаў, з другога боку, настаўнікі школы маюць доступ да навуковага забеспячэння, якое спрыяе павышэнню іх ведаў па метадалогіі і педагагічнага майстэрства.

— Юрый Пятровіч, у сувязі з гэтым не магу не запытацца пра рэйтынгі школ, вакол якіх не адзін год вядуцца дыскусіі. Дасягненні настаўнікаў і вучняў даюць падставы гаварыць пра тое, што ваша школа — паспяховая навучальная ўстанова. Наколькі патрэбны школе рэйтынгі і па якіх крытэрыях вы ацэньваеце сваю школу?
— Насамрэч рэйтынгаў у школ не існуе. Развіццё сваёй установы ў першую чаргу трэба разглядаць адносна дасягненняў сваёй жа школы. І я не магу поспехі сваіх вучняў ці настаўнікаў параўноўваць з перамогамі ў суседняй школе, бо вынікі дзейнасці нашай школы дэманструюць развіццё і дынаміку руху толькі нашай школы. Гэта тое самае, калі вучань спачатку атрымлівае “шэсць”, затым “сем”, а праз некаторы час — і “восем”, і “дзевяць”. Ён прыкладае намаганні, развіваецца і расце, але не на фоне іншых, а адносна самога сябе.
Мы штогод аналізуем вынікі дзейнасці сваёй навучальнай установы за мінулы навучальны год, робім планаванне на будучыню. Гэта дазваляе сачыць за дынамікай і карэкціраваць недахопы. Прынамсі, у мінулыя навучальныя гады наша школа была пляцоўкай для ўкаранення розных інавацый.
З 2010 па 2013 год школа ўдзельнічала ў рэалізацыі інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Укараненне мадэлі інфармацыйна-тэхналагічнага сэрвісу метадычнай службы ўстановы адукацыі”. За час рэалізацыі інавацыйнага праекта былі створаны сеткавыя інфармацыйныя рэсурсы “Электронны метадычны кабінет” і “Сайт настаўніка матэматыкі”. Педагогі школы выступалі на міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных канферэнцыях, праводзілі семінары і вэбінары. У гэтым навучальным годзе мы ўзялі перадышку ад інавацый, але ўжо з наступнага зноў падключымся да інавацыйнай дзейнасці. На базе нашай школы пачне дзейнічаць інавацыйная пляцоўка па ўкараненні сэрвісаў Web 2.0.
А вось нашы мінулагоднія вопыты не толькі метадычна, арганізацыйна ўзбагацілі настаўнікаў, яны адкрылі шматлікія магчымасці для самарэалізацыі школьнікаў, а таксама павысілі прэстыж нашай школы. У выніку нашы вучні сталі больш актыўнымі ўдзельнікамі алімпіяднага руху. За апошнія тры гады выніковасць удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах наступная: 207 дыпломаў на раённым этапе, 25 — на абласным, 11 дыпломаў нашы вучні заваявалі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і адзін на міжнароднай.

— А наколькі неабходны сёння школе той ахоп разнастайнымі конкурснымі мерапрыемствамі, якія існуюць? Ці не многа іх?
— Конкурсны і алімпіядны рух неабходны. Ён дае шанс заявіць пра сябе як вучню, так і настаўніку не толькі ўнутры школы, але і за яе межамі. А разнастайнасць конкурсаў і спаборніцтваў даюць такі шанс кожнаму. І для навучэнцаў, і для педагогаў удзел у любым конкурсным мерапрыемстве — гэта самарэалізацыя і павышэнне самаацэнкі. А імкненне да перамогі фарміруе мэтанакіраванасць, уменне мабілізавацца і дасягаць поспеху. Усё гэта патрэбна як дзецям, так і дарослым. Наша імклівае і зменлівае жыццё падказвае, што сапраўдны прафесіянал, прычым у любой сферы, павінен быць гнуткім і стойкім пры вырашэнні прафесійных праблем. Таму ўзрослая актыўнасць нашых школьнікаў мяне толькі радуе.

— Яшчэ адным спрэчным пытаннем з’яўляецца ўзаемадзеянне школы і сям’і. Сёння ў асяроддзі бацькоў вітаюць спажывецкія адносіны да школы.
— Школа не можа выконваць функцыі сям’і, а сям’я — школы. Каб дзіця вырасла здаровым, адукаваным і сацыялізаваным, сям’я і школа павінны ісці поруч, дапамагаючы і падтрымліваючы адна адну. Іншага шляху няма. У аснове ўзаемадзеяння бацькоў і педагогаў павінна быць толькі супрацоўніцтва. І мы імкнёмся да гэтага, арганізуючы разнастайныя сумесныя праекты і мерапрыемствы.

— Юрый Пятровіч, і апошняе пытанне. Нядаўна быў створаны Савет асацыяцыі дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці. Вы ўваходзіце ў яго склад. Зразумела, гаварыць пра нейкія вынікі яшчэ рана. Тым не менш стваралася гэтая арганізацыя з пэўнымі мэтамі і спадзяваннямі. Чаго чакаеце вы?
— Такая арганізацыя нам вельмі патрэбна, бо яна дасць магчымасць выпрацоўваць як агульныя праблемы, так і шляхі іх вырашэння. Мы ўсе знаходзімся ўнутры адукацыйнага працэсу, таму ведаем сістэму дасканала. Асацыяцыя дазволіць праблемы не толькі агучваць, але і выносіць іх на грамадскае абмеркаванне. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць вырашыць іх на больш высокім узроўні. Адна з вострых праблем нядаўна была вырашана. Заработная плата педагогаў павялічылася.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.