Каб адносіны ніколі і ні ў чым не прабуксоўвалі

Узаемаадносіны Беларусі і Расіі павінны выйсці на якасна новы ўзровень. Аб гэтым заявіла на сустрэчы з губернатарамі рэгіёнаў Беларусі і Расіі Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянціна Мацвіенка.

Паводле слоў Валянціны Мацвіенка, у абедзвюх краін назапашаны даволі эфектыўны вопыт супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, падпісаны пагадненні, дагаворы паміж суб’ектамі гаспадарання. Шмат дакументаў будзе падпісана і на форуме. “Важна, каб яны былі напоўнены канкрэтным зместам, каб былі рэальныя механізмы іх рэалізацыі, — сказала старшыня. — Гэтым вы будзеце ўносіць рэальны ўклад у развіццё Саюзнай дзяржавы”.

Валянціна Мацвіенка папрасіла расійскіх губернатараў узяць пад асабісты кантроль беларуска-расійскія адносіны. Кожны рабочы дзень кіраўніка павінен пачынацца менавіта з гэтага. Да гэтага абавязвае і ўвага да форуму рэгіёнаў. “Нам трэба дабіцца, каб беларуска-расійскія адносіны ніколі і ні ў чым не прабуксоўвалі”, — падкрэсліла яна.

“Цяпер мы павінны зрабіць акцэнт не на колькасным падліку дагавораў і пагадненняў, а з наступнага форуму ацэньваць іх змястоўны фактар супрацоўніцтва, а таксама ўвесці фармат справаздач, як мы пражылі пэўны адрэзак часу, каб многія суб’екты маглі даведацца пра станоўчы вопыт двухбаковага ўзаемадзеяння”, — лічыць Валянціна Мацвіенка.

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч дадаў, што цяперашні форум рэгіёнаў з’яўляецца самым прадстаўнічым. У ім удзельнічаюць госці з 31 рэгіёна Расійскай Федэрацыі. Усяго ён сабраў у Магілёве больш за 2 тысячы ўдзельнікаў. “Для нас гэта вельмі адказна, таму мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб нашы чаканні ад форуму апраўдаліся, а работа на ім была плённай і эфектыўнай”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Па выніках сустрэчы паміж шэрагам рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісаны пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве.