Каб больш не паўтарылася

- 9:43Авторские колонки, Мнение

У пятніцу вечарам усе мы былі ўзрушаны жахлівымі падзеямі ў падмаскоўным Краснагорску.

Ігар ГРЭЧКА

У выніку тэракта ў “Крокус Сіці Холе”, па звестках на дадзены момант,  загінулі 139 чалавек, сярод якіх і наша зямлячка. Людзі самага рознага ўзросту, звычайныя мірныя жыхары, якія вырашылі правесці вечар з роднымі і сябрамі на канцэрце любімай групы…

Беларусы з болем у сэрцы ўспрынялі гэтую трагедыю. Тым больш што адбылася яна ў адзін з самых сумных дзён нашай гісторыі — 22 сакавіка — у гадавіну хатынскай трагедыі. Хатынь нашага часу — менавіта такія ўзніклі асацыяцыі, калі бачыў на экране кадры палаючага будынка канцэртнай залы, як пажарнікі даставалі з-пад завалаў абгарэлыя целы.

Вечарам 22 сакавіка 1943 года паранены, абгарэлы Іосіф Камінскі таксама даставаў з-пад пачарнелых ад пажарышча бярвенняў целы забітых карнікамі аднавяскоўцаў. Сярод іх быў смяротна паранены ў жывот сын Адам. Пра той трагічны момант ужо 55 гадоў усяму свету нагадвае скульптура “Няскораны чалавек”.

У сваім спачуванні ў адрас расійскага калегі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі народ рашуча асуджае зверскае забойства ў Падмаскоўі ні ў чым не вінаватых людзей, якому не можа быць ніякага апраўдання. Увечары да расійскага пасольства ў Мінску, а таксама да консульстваў у іншых гарадах Беларусі пачалі прыносіць кветкі. Прадстаўнікі ўлады, розных прафесій, у тым ліку педагогі, прыходзілі па закліку сэрца, каб ушанаваць памяць бязвінна забітых. У кожнага на твары чыталіся сум, роспач, спачуванне. І ўсе мы ў гэтыя хвіліны задаваліся пытаннямі: “Чаму падобныя трагедыі паўтараюцца? Што асабіста я магу зрабіць, каб такога больш не адбылося?”

Каб новыя Хатыні ніколі не з’явіліся на нашай зямлі, мы павінны захоўваць гістарычную памяць: расказваць школьнікам пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра лёс знішчаных нацыстамі вёсак, праводзіць адзіныя ўрокі памяці.

Гэтая думка чырвонай ніткай прахо­дзіла 22 сакавіка праз выступленні ўдзель­нікаў жалобных мітынгаў. І з гэтай думкай нельга не пагадзіцца. Толькі памятаючы пра Хатынь, ведаючы, якую страшную цану заплаціў наш народ у змаганні з нямецка-фашысцкімі акупантамі, мы будзем рабіць усё магчымае, каб будаваць на роднай зямлі мірную, шчаслівую будучыню, у якой не будзе месца тэрактам, масавым забойствам мірных грамадзян.

Цяпер ідзе вялікі пост. І лепшае, што мы можам зрабіць, — памаліцца за бязвінна забітых і ў расійскім Краснагорску, і ў беларускай Хатыні. Памаліцца і памятаць, каб такія трагедыі больш не паўтарыліся.