Каб было цікава вучыцца

У маленькіх навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Чамучкі” шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” Бялыніч усмешка Святланы Віктараўны Лазаронак і яе “Добры дзень, дзеці!” перад заняткамі за амаль 2 гады ўжо традыцыйна выклікаюць жаданне падбегчы і абняць сваю настаўніцу, пахваліцца сваёй новай кніжкай ці папрасіць дапамагчы разгадаць складаны рэбус. Толькі пасля гэтага можна пагружацца ў свет бясконцых “чаму?”. Педагог упэўнена — з такімі непасрэднымі і цікаўнымі дзецьмі яна знайшла сябе.

Cвятлана Віктараўна ў дадатковай адукацыі амаль 20 гадоў, з іх амаль 7 гадоў працуе ў “Ветразі”. Увесь гэты час яна, натхняючыся ад сваіх дзяцей, не стамляецца прыдумваць новыя гульні, новыя прыёмы.

“Я пачала працаваць у гэтым цэнтры як педагог-арганізатар, але праз некалькі гадоў зразумела, што асабліва мне падабаецца працаваць з дзецьмі ў невялікіх групах. Іх у мяне 4 — па 8 чалавек у кожнай. Так я магу кожнаму ўдзяліць увагу, і так дзеці мяне яшчэ больш натхняюць на творчасць, — расказвае педагог. — Аднойчы мой навучэнец сказаў: “Каб вучыцца было цікава, павінна быць цікава”. І я стараюся рабіць усё, каб так і было. “Чамучкі” — гэта больш за 30 навучэнцаў 2 і 3 класаў. Таму, улічваючы такі юны ўзрост, галоўнае на нашых занятках — гульні. Без іх няма як!”

Гульні дапамагаюць ёй незаўважна навучыць іх бегла чытаць, умець пераказваць, лагічна думаць, рабіць высновы і інш. Любы чалавек менш за ўсё любіць запамінаць лічбы. Таму Святлана Віктараўна распрацавала гульню “Лічбы і факты” па развіцці памяці.

“Спачатку я расказваю, скажам, пра слана, а потым даю карцінку слана і карткі з лічбамі і прашу дзяцей адабраць тыя, якія я толькі што называла: якой даўжыні хобат, колькі слон есць, колькі п’е вады. Дзецям трэба раскласці на часткі цела жывёлы карткі з лічбамі. Як яны запомнілі факты, я правяраю пытаннямі кшталту “На якім баку спіць слон?” (і, канечне, яны мяне “паправяць”, бо ўспом­няць, як я казала, што ён спіць стоячы), — тлумачыць педагог. — Адна з любімых нашых гульняў — відазменены “Марскі бой”, толькі замест караблікаў я на сваім полі размяшчаю пытанні. І калі дзіця называе “А6” — трапляе ў клетку з пытаннем і адказвае на яго, то атрымлівае бал, а калі не адказвае, то ход пераходзіць іншаму. Толькі калі ніхто не ведае, адказ даю я. Так дзеці шмат пра што даведваюцца, самі таго не заўважаючы”.

Неад’емнай часткай заняткаў “Чамучак” стала “гімнастыка для розуму” — практыкаванні па эйдэтыцы. Гэта адна з самых эфектыўных методык для развіцця памяці і неардынарнага мыслення з дапамогай яркіх вобразаў. Асвоіць яе не так проста. Без адметных уменняў з прывычнымі для іх практыкаваннямі нават дарослыя, як паказала практыка, не заўсёды спраўляюцца.

Вывучаючы жывёльны свет, “Чамучкі” на занятках ствараюць свае аўтарскія энцыклапедыі. Святлана Віктараўна расказвае ім цікавыя факты пра розных жывёл, а дзеці іх малююць, збоку запісваюць гэтыя факты — так і запамінаюць пачутае, вучацца выдзя­ляць галоўную думку, канспектаваць. Аркушык да аркушыка — і за 2 гады цэлая кніга. Няхай мастацкія таленты ва ўсіх розныя, але гэтую энцыклапедыю ніхто з іх не выкіне і кожны захавае на памяць. У педагога наладжана сувязь з бацькамі, і кожны раз ёй прыемна, калі таты і мамы пры сустрэчы гавораць: “А мой сын учора ўвесь вечар нам расказваў пра жыццё зайца (мурашак, птушак і г.д.)!”.

Жывёлы — гэта толькі частка праграмы “Чамучак”. Разам з настаўніцай дзеці вывучаюць і Беларусь, і родныя Бялынічы, даведваюцца, якім быў іх некалі зруйнаваны храм, якая яго гісторыя. Кожны “чамучка” ведае, як да нас прыйшла лінейка, сцірка, алоўкі, папера, як з’яўляліся бібліятэкі, як развівалася медыцына, якую будову мае іх арганізм, і сотні іншых адказаў на іх “чаму?” і “як?”. Раздзел праграмы “У гасцях у матэматыка” знаёміць дзяцей з рымскай нумаралогіяй, расказвае, як людзі навучыліся лічыць і інш. Пры выпадку ўсё, што дзеці пачулі, яны ўспамінаюць. Таму школьныя настаўнікі так любяць навучэнцаў Святланы Віктараўны. Асабліва на ўроку “Чалавек і свет” па любой тэме тыя, быццам з кішэні, заўсёды “дастаюць” дадатковую інфармацыю і заражаюць жаданнем больш ведаць увесь клас. Самі ж дзеці адчуваюць асалоду быць разумнымі з першых школьных гадоў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Дзяніса РУЦКАГА.