Каб дарогу асіліў невідушчы

- 12:39Рознае, Сацыяльны ракурс

“Працэс рэабілітацыі людзей з інваліднасцю ўключае не толькі аказанне дапамогі ў аднаўленні страчаных фізічных магчымасцей, але і навучанне жыццёва неабходным уменням і навыкам. Важна сфарміраваць у такіх людзей пазітыўны вобраз мыслення, стварыць асяроддзе для зносін, для іх самарэалізацыі”, — упэўнена кіраўнік гуртка “Данка”, што дзейнічае пры пакоі рэабілітацыі інвалідаў па зроку Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва Маргарыта Манкевіч.

Як і ў галоўнага героя вядомага апавядання М.Горкага Данка, у яе палымянае сэрца. Жанчына дапамагае людзям з парушэннямі зроку, вучыць самаму элементарнаму: хадзіць з кіем, працаваць на камп’ютары, гатаваць ежу. У самой Маргарыты — першая група інваліднасці па зроку, і яна добра разумее праблемы і патрэбы людзей, якія страцілі зрок.

Ад дэпрэсіі — да новага жыццёвага шляху

Сярод найбольш распаўсюджаных прычын, якія прыводзяць да страты зроку ў дарослым жыцці, — цукровы дыябет, траўмы і ўскладненні некаторых захворванняў. Інваліднасць Маргарыта Манкевіч атрымала ў выніку другіх цяжкіх родаў. Па адукацыі яна інжынер-механік. Раней працавала па спецыяльнасці, а сёння дапамагае такім, як і сама, людзям не страчваць веру ў будучыню, жыць максімальна паўнацэнным жыццём.
Сітуацыя чалавека, які страціў зрок у дарослым жыцці, асаблівая, вылучаецца сярод іншых. Дзеці з парушэннямі зроку навучаюцца ў спецыяльных садках і школах, дзе іх вучаць і кіем карыстацца, і чытаць па Брайлі і г.д. Тым, хто страціў зрок ужо дарослым, куды больш цяжэй. Пасля вялікага стрэсу пачынаецца дэпрэсія. Яе глыбіня і працягласць у многім залежаць ад падтрымкі сям’і, сяброў, суседзяў і іншых неабыякавых людзей. Калі дачцэ Маргарыты споўнілася 5 гадоў (сын быў старэйшым), жанчына засталася адна з двума дзецьмі, таму што іх тата кінуў сям’ю. Гэты перыяд быў надзвычай цяжкім для Маргарыты, тым больш што ён прыпаў на 90-я гады. Працаваць па спецыяльнасці жанчына па стане здароўя больш не магла.
Але яна імкнулася пераадолець усе цяжкасці, даглядаць дзяцей, наладжваць быт. Праз пэўны час зацікавілася творчасцю, стала пісаць вершы. Нарэшце Маргарыта акрэсліла для сябе свой шлях, знайшла сапраўднае месца ў жыцці. Такіх сцэнарыяў сярод людзей з інваліднасцю шмат. Кожны выбірае занятак па душы. Тым, хто ўсё жыццё займаўся разумовай працай, цяжэй знайсці прымяненне сваім ведам. Работа, скажам, на заводзе, не для ўсіх падыходзіць, не кожны можа працаваць на канвееры, каля станка.

“Я ўладкавалася на прадпрыемства “Тыфлас” пры БелТІЗ па вытворчасці спажывецкіх тавараў шырокага асартыменту, — расказала Маргарыта. — Гэта была даволі цяжкая для мяне надомная праца, якую я спалучала з работай у цэху. Галоўны плюс такой сітуацыі — магчымасць падтрымліваць зносіны з людзьмі, быць у калектыве, ну і, зразумела, грашовы даход, заробак. На прадпрыемстве ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, дэкламавала са сцэны свае вершы, спрабавала сілы ў інтэлектуальных спаборніцтвах. Усё быццам бы наладзілася. Але адчуванне было такое, што чагосьці не хапае, хацелася жыць больш якасна, быць больш самастойнай, мабільнай, незалежна перамяшчацца па горадзе, хадзіць у магазіны, тэатры, больш чытаць. Даведалася, што ў Брэсце ёсць навучальная ўстанова “Беларускі эксперыментальны вучэбна-метадычны цэнтр”, дзе вучаць рабоце на камп’ютары па безманіторнай праграме. Там я і асвоіла камп’ютар, навучылася чытаць і пісаць па Брайлі і асновам хадзьбы з кіем. Ва ўстанове прапанавалі шмат літаратуры па тыфлапедагогіцы, якую я дасканала вывучыла і з якой даведалася аб розных спосабах і метадах рэабілітацыі людзей з парушэннямі зроку”.

Шлях пачынаецца з першага кроку

У пакоі рэабілітацыі інвалідаў па зроку Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва, дзе Маргарыта Манкевіч вядзе гурток “Данка”, знаходзіцца камп’ютар са спецыяльнай агучанай праграмай “Джавс”, агучаны тэлефон і шмат тыфлапрылад, якія яна выкарыстоўвае ў рабоце са сваімі падапечнымі.

“Мы дапамагаем любому, хто звяртаецца ў цэнтр, самі шукаем і запрашаем наведвальнікаў, многія з якіх спачатку сумняваюцца, што мы ім зможам дапамагчы, — гаворыць Маргарыта. — Я дасканала вывучаю спісы, што фарміруюцца ў МРЭК, тэлефаную людзям з парушэннямі зроку і запрашаю іх на заняткі. Тых, хто па стане здароўя не можа да нас самастойна дабрацца, я сама наведваю дома два разы на тыдзень і займаюся з імі. Больш за ўсё мае падапечныя мараць навучыцца рабоце на камп’ютары. Для многіх гэта адзіны спосаб выхаду ў вялікі свет і доступу да неабходнай для іх інфармацыі. Навучанне рабоце на камп’ютары адбываецца праз шматразовае паўтарэнне і прагаворванне адных і тых жа дзеянняў. Невідушчаму ў першую чаргу неабходна добра вывучыць клавіятуру. Любое дзеянне, якое выконваецца пры дапамозе мышкі, можна выканаць і праз сумесны націск адпаведных клавіш. Я навучаю рабоце ў аперацыйнай сістэме Windows, расказваю, як стварыць у ёй папку (ярлык), як капіраваць (перамяшчаць) дакументы і г.д. Разам дасканала прапрацоўваем праграмы Word, Skype, інтэрнэт-пошукавікі і г.д. Мая задача — навучыць людзей з парушэннямі зроку азам камп’ютарнай граматнасці. Якім чынам яны будуць у далейшым выкарыстоўваць камп’ютар, гэта іх асабістая справа. Усё залежыць ад складу іх розуму, настойлівасці і жадання штосьці мяняць у сваім жыцці. Ёсць нямала прыкладаў, у нашай краіне таксама, калі невідушчыя станавіліся праграмістамі”.

Маргарыта Манкевіч вучыць людзей з парушэннямі зроку карыстацца кіем. Гэтае простае прыстасаванне таксама трэба правільна падабраць — і па канструкцыі (у залежнасці ад вагі і росту чалавека), і па форме ручкі, і нават па відзе наканечніка. Спачатку трэба навучыць правільна трымаць кій, а затым пачынаць навучанне правільным рухам з ім — па незнаёмай дарозе і па той, дзе часта ходзіш, па вузкай сцяжынцы, у цесным памяшканні, на лесвіцах. Кій — гэта нібы працяг рукі і нагі чалавека, яго своеасаблівыя вочы і вушы, таму што чалавек прыслухоўваецца да гукаў кія пры дакрананні да розных паверхняў, адчувае з яго дапамогай, калі знаходзіцца ў адкрытай прасторы і каля дома, і г.д. Рух з кіем, рытм падчас хадзьбы павінен быць даведзены да аўтаматызму. Тонкі белы кій у руцэ чалавека — гэта не толькі яго асабістая “палачка-выручалачка”, але і сігнал для ўсіх прахожых на вуліцы аб тым, што такому чалавеку можа спатрэбіцца дапамога.

У людзей з парушэннямі зроку часта ўзнікаюць пытанні, звязаныя з вядзеннем хатняй гаспадаркі. Некаторых з іх бацькі з дзяцінства надта бераглі, не давалі праявіцца іх самастойнасці: за сталом клалі ў руку лыжку, зашпільвалі гузікі і г.д. Мне даводзілася чуць: “Мая дачка не можа працаваць за камп’ютарам, яна не можа пайсці ў тэатр, таму што яна не бачыць!” Сваімі дэпрэсіўнымі адносінамі да невідушчых дзяцей бацькі часта даводзяць іх да пакут бездапаможнасці. Але ўсё ж надыходзіць момант, калі сын ці дачка сутыкаюцца з неабходнасцю многае рабіць самастойна.

Рэабілітацыя — пажыццёвы працэс, які са з’яўленнем новых тыфлатэхнічных сродкаў паступова спрашчаецца для людзей з інваліднасцю. Але шмат да чаго яны дадумваюцца самі, праз асабісты вопыт, праз метад спроб і памылак. Каб такіх памылак у наведвальнікаў цэнтра было менш, Маргарыта вучыць іх самым простым рэчам: як, напрыклад, заварыць гарбату і не апячыся, як правільна нарэзаць хлеб, каўбасу, сыр, як наліць ваду, каб яна не пералілася праз край кубка. Яна расказвае, як заходзіць у памяшканне, дзе нізкая столь, каб не пашкодзіць пры гэтым галаву, як правільна перайсці праз дарогу, дзе няма святлафора, як завесці гадзіннік, зрабіць пакупкі ў магазіне і падлічыць здачу. Часам Маргарыце задаюць даволі складаныя пытанні: як, напрыклад, ускапаць і засеяць агарод, як адрозніць чырвоныя таматы ад зялёных?

Што адчувае невідушчы?

Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва наладзіў работу са студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова ў рамках вывучэння імі дысцыпліны “Рэабіліталогія” на кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Студэнты ў цэнтры праходзяць практыку, удзельнічаюць у семінарах. Супрацоўнікі цэнтра расказваюць ім пра людзей з інваліднасцю, пра тое, як працаваць з імі. Маргарыта далучае студэнтаў да розных мерапрыемстваў з удзелам інвалідаў па зроку, да экскурсій на прадпрыемствы, дзе яны працуюць, расказвае аб неабходнасці безбар’ернага асяроддзя ў горадзе і дэманструе яго. У цэнтры здымаюцца невялікія вучэбныя відэаролікі, у якіх у форме майстар-класаў расказваецца, як, напрыклад, дапамагчы чалавеку з інваліднасцю сесці ў аўтобус, зрабіць пакупкі, перайсці праз дарогу. Гэтыя вучэбныя ролікі трансліруюцца па Магілёўскім абласным тэлебачанні, што, зразумела, мяняе адносіны гараджан да асаблівых людзей, вучыць іх аказваць кваліфікаваную дапамогу тым, каму яна так неабходна.

Цэнтр сумесна з Магілёўскай абласной арганізацыяй БелТІЗ на працягу некалькіх гадоў праводзіць конкурс “Роўны паядынак”, у якім удзельнічаюць інваліды па зроку і студэнты-практыканты з МДУ імя А.Куляшова. Мэты і задачы мерапрыемства — дапамагчы зразумець тым, у каго нармальны зрок, што адчувае невідушчы чалавек, пабыць хоць некаторы час на яго месцы. У мінулым годзе ў гэтым конкурсе прымала ўдзел каманда людзей, якія наведваюць у цэнтры аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Паміж канкурсантамі ішлі спаборніцтвы, хто хутчэй набярэ тэкст на камп’ютары пры выключаным маніторы з меншай колькасцю памылак, хто хутчэй (з невідушчых) прачытае тэкст па Брайлі. З завязанымі вачыма канкурсанты чысцілі бульбу і г.д. Праводзіліся і сумесны інтэлектуальны конкурс “Эрудыт”, спаборніцтвы па шашках, паэтычны конкурс. Варта падкрэсліць, што тры гады запар такія выпрабаванні выйгравалі невідушчыя.

“Я імкнуся, каб усе мае падапечныя пасябравалі паміж сабой, каб яны абменьваліся карысным вопытам, вучыліся адно ў аднаго, — гаворыць Маргарыта. — Часам нават хітрую, кажу, што чагосьці не ўмею рабіць, не ведаю, напрыклад, як працаваць у пэўных камп’ютарных праграмах, і прашу маіх “выхаванцаў” навучыць мяне. Такім чынам, мы вучымся разам і сябруем, рэалізоўваем дадзеныя нам ад прыроды здольнасці і таленты”.

Надзея ЦЕРАХАВА.