Каб дзеці хацелі вучыцца

Пад такім дэвізам у Гомелі прайшоў гарадскі этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. За 26 гадоў конкурс набыў шмат традыцый і паспеў стаць адным з самых важных для педагагічнай грамадскасці Гомеля і краіны ў цэлым.

Для педагогаў удзел у конкурсе — гэта сапраўдная школа прафесійнага росту, матывацыя да развіцця і творчасці, яшчэ большы аўтарытэт сярод калег, бацькоў, навучэнцаў.

Гарадскі этап конкурсу складаўся з чатырох тураў.

Завочны тур уключаў два конкурсныя заданні: відэасамапрадстаўленне, падчас якога педагогі прэзентавалі сістэму сваёй працы, акцэнтаваўшы ўвагу на аўтарскіх ідэях, рэалізацыя якіх прывяла да ўстойлівых вынікаў; апісанне вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці, дзе ўдзельнікі расказвалі пра кірункі сваёй дзейнасці, аналізавалі яе, дзяліліся сваімі педагагічнымі ідэямі.

Першы (вочны) тур уяўляў сабой тэсціраванне, якое дэманструе тэарэтычную дасведчанасць канкурсантаў у галіне псіхалогіі, педагогікі, веданне нарматыўных прававых дакументаў, якія рэгламентуюць педагагічную дзейнасць і арганізацыю адукацыйнага працэсу.

Конкурс немагчыма ўявіць без урокаў і майстар-класаў, таму галоўным яго звяном застаецца правядзенне ўрока ў незнаёмым класе, самааналіз, зроблены па выніках гэтага ўрока, і майстар-клас.

Трэба адзначыць, што майстар-клас быў упершыню ўключаны ў конкурсныя мерапрыемствы ў 2011 годзе. У цэлым журы даволі высока ацаніла правядзенне ўдзельнікамі майстар-класаў. Разам з тым пры іх падрыхтоўцы варта звяртаць увагу на тое, што майстар-клас не можа быць паўторам урока або тэарэтычнай гутаркай, падобнай на маналог ці лекцыю. Майстар-клас — гэта двухбаковы працэс, гэта заўсёды ўзаемадзеянне і актыўнае ўцягванне групы. Паспяховы майстар-клас павінен быць яркім і эфектыўным, дэманстраваць метадычнае майстэрства настаўніка, разуменне зместу свайго прадмета, уменне данесці думкі да калег у даступнай форме. Тут шмат што вырашаюць харызматычнасць, артыстызм, унікальнасць педагога, яго ўменне здзівіць аўдыторыю і здольнасць да імправізацыі.

У трэці (фінальны) тур выйшлі 16 удзельнікаў. У кожнай з 8 намінацый за званне пераможцы гарадскога этапу конкурсу змагаліся па двое ўдзельнікаў. Прафесійнае спаборніцтва ў гэтым туры ўключала правядзенне міні-ўрока на сцэне і публічнае выступленне перад педагагічнай грамадскасцю на тэмы “Вучыць дзяцей вучыцца” або “Каб дзеці хацелі вучыцца”.

Тэма міні-ўрока “О, колькі нам адкрыццяў цудоўных…” была выбрана невыпадкова. У чаканні новых адкрыццяў 2017 год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам навукі. Фіналістам удалося ўзняцца да вяршыню майстэрства і творчасці: ствараць цуды на сваіх уроках і вучыць гэтаму іншых, адкрываць казку і кнігу ведаў, здзяйсняць па-сапраўднаму цудоўныя адкрыцці ў сваёй галіне. Завяршэннем фінальнага тура сталі публічныя выступленні ўдзельнікаў. Гэтае заданне дазволіла канкурсантам асэнсаваць уласны педагагічны вопыт, паказаць свае рэфлексіўныя навыкі, праявіць моўную і інфармацыйную дасведчанасць, а таксама прадэманстраваць уменне бачыць праблемы, рабіць абагульненні, фармуляваць аргументы і контраргументы.

Далейшыя выпрабаванні на абласным этапе конкурсу працягнуць 8 пераможцаў гарадскога этапу: настаўнік інфарматыкі, матэматыкі Вікторыя Афанасенка і настаўнік французскай мовы Віктар Смольскі з гімназіі № 46, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 12 Ірына Цішкова, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 51 Алена Цітова, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 4 Наталля Казанцава, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 8 Іван Весялоў, настаўніца біялогіі гімназіі № 14 Вольга Занько, выхавальніца ясляў-сада № 41 Ірына Зяньковіч. У кожнага з іх свой шлях да поспеху, але аб’ядноўвае іх любоў да працы і да сваіх вучняў, цвёрдасць духу і бязмежнае цярпенне, неардынарнасць, мудрасць і імкненне да таго, каб дзеці хацелі вучыцца.

Юлія ІВАЛГА,
намеснік загадчыка ГВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *