Каб дзеці раслі шчаслівымі

Доўгачаканым падарункам дашкалятам сталічнага мікрараёна Дамброўка да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь стала ўрачыстае адкрыццё ясляў-сада № 573 з сімвалічнай назвай “Мы расцём”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Яўгенавіч Кухараў, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы Сяргей Анатольевіч Шкруднеў і галоўны інжынер ААТ “Будтрэст № 1” Віктар Міхайлавіч Міцюрыч. Новабудоўля стала для Фрунзенскага раёна юбілейнай, 90-й установай дашкольнай адукацыі.

“Стала добрай традыцыяй перад святам Дня Незалежнасці рабіць жыхарам горада падарункі. Яшчэ адзін мікрараён Мінска атрымаў новабудоўлю. Бачу, як натхнёны адкрыццём новай установы дзеці і бацькі, і разумею, што гэта значны і доўгачаканы падарунак, — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама. — Таксама гэта святочны дзень для калектыву дзіцячага сада. Яны ўклалі шмат намаганняў і сіл у падрыхтоўку ўстановы да адкрыцця. Педагогі гэтай установы — творчыя людзі, захопленыя прафесіяй. Вельмі прыемна, што падрастаючае пакаленне знаходзіцца ў такіх на­дзейных руках”.

Уладзімір Яўгенавіч дадаў, што апошнім часам склалася добрая практыка: педагагічны калектыў на чале з загадчыкам установы дашкольнай адукацыі ўносяць свае пажаданні і карэктывы ва ўнутранае аздабленне будынка і абстаноўку яго памяшканняў. Тым самым падкрэсліваецца адметнасць дзіцячага сада. Дзякуючы такому прадуманаму падыходу, работнікам установы працуецца камфортна, а дзецям знаходзіцца ў яго сценах утульна.

Яслі-сад № 573 разлічаны на 230 выхаванцаў. Усяго ў садку 12 груп, дзве з якіх ясельныя. Наталля Аляксандраўна Марачова — кіраўнік вопытны, які добра адчувае патрэбы і бацькоў, і калег. Да назначэння загадчыцай сада-новабудоўлі яна працавала на гэтай жа паса­дзе ў іншай установе дашкольнай адукацыі Фрунзенскага раёна.

“Для мяне вельмі важна несці адказнасц­ь за кожнае дзіця, якое прыходзіць ва ўстанову адукацыі, стаяць на яго абароне. Таму я вельмі разлічваю на тое, што з бацькамі складуцца плённыя і шчырыя зносіны дзеля таго, каб дзеці і ў гэтых сценах, і па-за імі былі шчаслівымі”, — падкрэсліла ў размове Наталля Аляксандраўна.

З верасня ў дзіцячым садзе адкрыецца спецыяльная група для дзетак з цяжкімі парушэннямі маўлення. Адначасова будзе працаваць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для дзяцей з лёгкімі парушэннямі маўлення. Матэрыяльна-тэхнічная база новабудоўлі цалкам адпавядае сучасным патрабаванням. Там ёсць прасторны басейн з абсталяваннем для навучання дзяцей плаванню, музычная зала, якая радуе разнастайнасцю музычных інструментаў, фізкультурная зала з дзіцячымі трэнажорамі. Таксама будзе працавац­ь камп’ютарная гульнявая.

“У нашым харчаблоку — самае сучаснае абсталяванне, прадугледзелі таксама ўстаноўку ачышчальнага фільтра для вады і параканвектамата, які дазваляе гатаваць ежу шляхам канвекцыі, на пары і іх камбінацыі. Дзякуючы гэтаму стравы атрымліваюцца сакавітымі, смачнымі, усе вітаміны ў іх захоўваюцца”, — расказала загадчыца ўстановы.

На тэрыторыі сада ёсць гульнявыя і фізкультурныя пляцоўкі, аснашчаныя сучасным надворным абсталяваннем і бяспечным гумавым пакрыццём. Таксама спраектавана пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху. Адным словам, створаны ўсе ўмовы для шматбаковага развіцця дашкалят.

Для бяспекі дзяцей ва ўстанове працуе прапускная сістэма з аховай, усталявана 14 відэакамер, ёсць трывожная кнопка.

Першыя 40 выхаванцаў пераступілі парог дзіцячага садка 5 ліпеня. Паступова, праходзячы адаптацыйны перыяд, дзеці запоўняць усе групы садка. І з пачаткам новага навучальнага года пачнецца паўнавартасны адукацыйны працэс.

У гэтым годзе ў сталіцы плануецца ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ адзін дзіцячы сад у мікрараёне Мінск-Мір, а таксама дзве школы — у Лошыцы і ў Першамайскім раёне сталіцы. Але і на гэтым, па словах старшыні Мінгарвыканкама, работа не спыняецца: “У чарзе будаўніцтва яшчэ некалькіх новых садоў у мікрараёнах-новабудоўлях Мінска, дзе існуе пэўны недахоп устаноў дашкольнай адукацыі. Спа­дзяюся, што за наступныя два гады мы поўнасцю вырашым гэтую праблему”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.