Каб фізкультура была не толькі прадметам, а ладам жыцця

- 11:40Адукацыйная прастора

Маладая настаўніца фізічнай культуры сярэдняй школы № 92 Мінска Вераніка Аляксандраўна Баск не ўяўляе жыцця без спорту і пастаяннага руху. З першых жа працоўных дзён яна паставіла перад сабой высокую мэту — стаць для вучняў прыкладам, зрабіць так, каб яны з радасцю беглі не толькі да камп’ютараў, але і да яе на ўрокі. Вынікамі працоўнага года маладая настаўніца задаволена, хаця, як у любога навічка, у яе было нямала цяжкасцей.

Быць паспяховай сучаснай настаўніцай

Сама Вераніка Аляксандраўна даўно стала прыхільніцай здаровага і актыўнага ладу жыцця. Яшчэ ў школьныя гады цвёрда вырашыла, што хоча звязаць жыццё са спортам. У такім выпадку яно абяцала быць поўным дынамікі, цікавых момантаў і яркіх уражанняў. Ды і сябе дзяўчына ў будучыні хацела бачыць стройнай, падцягнутай, энергічнай, у добрай фізічнай форме. З 7 класа стала сур’ёзна займацца веласпортам. І калі прыйшоў час паступаць, сумненняў не было: аднесла дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Пасля заканчэння атрымала адразу дзве кваліфікацыі: “менеджар у спорце” і “настаўнік фізічнай культуры”. Яе шлях быў у сталічную школу № 92.

Пачатак працоўнай дзейнасці атрымаўся вельмі хвалюючым. Учарашняй студэнтцы нават не верылася, што цяпер яна ўжо настаўніца, а гэта, безумоўна, адна з самых адказных прафесій. Вераніка Аляксандраўна прызнаецца: пытанняў, якія турбавалі яе на пачатку першага працоўнага года, было шмат. Як знайсці кантакт з такімі рознымі дзецьмі і не дапусціць праблем з дысцыплінай? Як прывіць любоў да свайго прадмета і ўвогуле актыўнага ладу жыцця? Як паводзіць сябе з бацькамі?

— У мяне была нават невялікая паніка, бо жыццё моцна мянялася і ўсё было новым і нязвычным, з’яўлялася вялікая адказнасць, у першую чаргу, за здароўе дзяцей, — прызнаецца В.А.Баск. — І ўсё ж справіцца з такім унутраным станам атрымалася даволі хутка. У школе я з першых дзён убачыла добразычлівыя адносіны і падтрымку і на словах, і на справе. Вельмі супакоіла тое, што я была замацавана за вопытным педагогам, які ўжо больш за дваццаць гадоў выкладае фізічную культуру. Гэта вельмі важна. На ўласным вопыце адчула: маладога спецыяліста не трэба пакідаць сам-насам з яго праблемамі і пытаннямі. На працягу года я звярталася да настаўніка Анатоля Аркадзьевіча Станеўскага, раілася з ім літаральна па ўсіх пытаннях, якія ўзні­калі, і заўсёды атрымлівала слушныя парады.

Выручыла Вераніку Аляксандраўну яшчэ і тое, што па натуры яна баец, інакш бы, вядома, і не займалася спортам. Таму замест хваляванняў маладая настаўніца вырашыла накіраваць сваю энергію ў іншае, больш мірнае і станоўчае,  рэчышча. Падумала, што трэба не перажываць, а стаць паспяховай, сучаснай, для многіх любімай настаўніцай фізкультуры. І калі ўжо прыйшоў час працаваць, то захацелася рабіць гэта так, каб было цікава і ёй самой, і вучням, каб урокі праходзілі максімальна камфортна і для ўсіх карысна.

Падаваць уласны прыклад

Калі чалавек бачыць перад сабой мэту і прыкладае намаганні, каб яе дасягнуць, усё атрымліваецца. У гэтым Вераніка Аляксандраўна пераконвалася не раз: і падчас заняткаў фізкультурай і спортам, і на старце сваёй педагагічнай дзейнасці. Яна з радаснай усмешкай узгадвае: праз некаторы час работы ў школе раптам адчула, што ёй цікава і падабаецца. З вучнямі склаліся добрыя адносіны, у большасці ёсць ціка­васць да прадмета. Словам, усё ладзіцца, а ад былой панікі не засталося і следу. Значыць, далей павінна быць яшчэ лепш.

— Мне вельмі радасна, што атрымліваецца знаходзіць агульную мову з вучнямі, — дзеліцца В.А.Баск. — Прызнацца, я і сама не чакала, што будзе настолькі камфортна і цікава з дзецьмі. Зараз, калі ўзнікаюць цяжкасці, я ўзгадваю добрыя моманты. Па вопыце ведаю, што з усімі праблемамі можна справіцца. Першых цяжкасцей таксама было нямала, але паступова ўсё наладзілася.

Для Веранікі Аляксандраўны адным з самых важных і ня­простых момантаў напачатку было знаёмства з вучнямі. Справа ў тым, што трэба было іх усіх не проста запомніць, а зразумець, якія магчымасці і стан здароўя ў кожнага, і строга ў адпаведнасці з гэтым будаваць урокі і даваць заданні. Фізкультура можа палепшыць і ўмацаваць здароўе, але, каб не здарылася наадварот, настаўніку варта быць вельмі пільным, падыходзіць да кожнага індывідуальна. Кагосьці трэба адправіць адпачыць, іншым — даць дадатковыя заданні, а некаторыя самі просяць павялічыць ім нагрузку.

Складаней за ўсё маладой настаўніцы было з 5 класам. Яна разумела, што ім няпроста даецца пераход з пачатковай школы ў сярэднюю, нязвычна, што стала так шмат педагогаў. Хацелася адразу прывучыць дзяцей да дысцыпліны на ўроку фізкультуры і ў той жа час не быць занадта строгай з гарэзамі і непаседамі. А вось з 10 класам усё адразу пайшло як па масле. Асаблівых праблем са старшакласнікамі не ўзнікала. Аказалася, ім нават прасцей было растлумачыць, што і для чаго трэба, як рабіць тое ці іншае практыкаванне.

— Ад знаёмых не раз даводзілася чуць, маўляў, са старшакласнікамі, напэўна, табе вельмі няпроста прыходзіцца, — гаворыць Вераніка Аляксандраўна. — А я ім кажу ў адказ: “Не трэба верыць стэрэатыпам і настройвацца на негатыў”. Магчыма, нехта проста памятае ў старшых класах сябе, уласнае нежаданне займацца фізкультурай і нават апранаць спартыўную форму. А я бачу, што сёння многім хлопцам і дзяўчатам падабаюцца спорт і рух, ім не ўсё адно, як яны выгляда­юць. А гэта, між іншым, адзін з сур’ёзных аргументаў на карысць фізічнай культуры! Варта толькі правільна падыйсці да вучня, пры неабходнасці растлумачыць, якіх вынікаў можна дасягнуць, што змяніць у сабе і сваім жыцці. Нашы знешні выгляд і здароўе, бадзёрасць і настрой — у нашых руках!

Цікава, што ў свой час менавіта новая настаўніца фізічнай культуры, якая прыйшла ў школу, натхніла і саму Вераніку Аляксандраўну. Ёй, тады яшчэ пяцікласніцы, захацелася быць падобнай на гэтую бездакорную, прыгожую, стройную дзяўчыну. І такая мэта аказалася дасягальнай. Сёння В.А.Баск таксама важна стаць для сваіх вучняў добрым прыкладам. Ёй хочацца, каб у іх спрацоўвала такая ўстаноўка: займацца фізкультурай рэгулярна і з жаданнем, каб выглядаць гэтак жа добра і падцягнута! Не камплексаваць, калі нешта ў сабе не падабаецца, а працаваць і пастаянна прыкладаць намаганні, каб быць здаровым, моцным і прыгожым! Важна, каб такое правіла, а таксама любоў да руху і актыўнага адпачынку з’явіліся ў школьныя гады і захаваліся на ўсё жыццё. Настаўнікам фізкультуры, які задае такі станоўчы настрой, і імкнецца быць Вераніка Аляксандраўна. І гэтае намаганне маладога спецыяліста, безумоўна, выклікае павагу.

Дарэчы, да першага працоўнага года мінулым летам маладая настаўніца фізкультуры рыхтавалася не толькі маральна, але яшчэ і ў трэнажорнай зале. Ёй хацелася не зрабіць перапынак і адпачыць, а самой пастаянна займацца, каб быць у максімальна добрай форме на пачатку навучальнага года.

Уводзіць навінкі

— Кожны павінен усвядоміць, што фізічная культура — гэта прадмет, які не можа быць другарадным, — эмацыянальна тлумачыць В.А.Баск. — Гэта ўмацаванне здароўя і загартоўванне арганізма, фарміраванне здаровага ладу жыцця, усебаковае развіццё фізічных і псіхічных якасцей, а таксама забеспячэнне высокага ўзроўню працаздольнасці і нават аснова даўгалецця. Словам, гэта тое, што будзе важным і спатрэбіцца ў жыцці кожнаму! Таму адносіцца да фізкультуры варта сур’ёзна!

Як жа зрабіць урок фізічнай культуры эфектыўным? Вераніка Аляксандраўна паспела назбіраць у сваю скарбонку некалькі педагагічных сакрэтаў. Ёй падабаецца час ад часу ўводзіць элементы навізны, адыходзячы ад стандартаў. Гэта адразу ж прыцягвае ўвагу і актывізуе школьнікаў. На пачатку ўрока нават звыклае пастраенне можна правесці па-іншаму: не проста па дыяганалі, а, напрыклад, на новым месцы ці ў дзве шарэнгі. У любімых рухавых гульнях настаўніца таксама час ад часу мяняе правілы. І гэта працуе: дзеці ўключаюцца ў гульню з большым жаданнем, а пасля дзеляцца ўражаннямі.

Як правіла, без асаблівай ахвоты вучні выконваюць агульнаразвіццёвыя практыкаванні на месцы. Таму маладая настаўніца зрабіла вывад: гэты момант урока лепш праводзіць у руху, з разнастайнымі прадметамі (скакалкамі, мячамі, абручамі, гімнастычнымі палкамі). Таксама можна арганізоўваць такую размінку ў парах ці камандную, а ёсць і іншыя варыянты: кругавая, вуглавая, індывідуальная, па дыяганалі, дугамі ці класам па чарзе. Калі няма аднастайнасці, вучні ўспрымаюць усё з большай цікавасцю.

Пры правядзенні асноўнай часткі ўрока Вераніцы Аляксандраўне падабаецца прымяняць разнастайныя гульнявыя метады. Эфектыўнымі паказалі сябе інтэграваныя гульні. Іх асаблівасць у тым, што конкурсы, віктарыны, загадкі, спаборніцтвы, тэксты, якія ў іх уваходзяць, падбіраюцца і складаюцца такім чынам, каб яны спрыялі, напрыклад, выхаванню пачуцця сяброўства ці абавязку, замацаванню асноў правіл бяспекі жыцця і інш. Так паралельна з фізічнымі практыкаваннямі на ўроку можна яшчэ і засяродзіць увагу вучняў на важнай тэме.

— А для вучняў старшых класаў больш цікавым і перспектыўным з’яўляецца метад кругавой трэніроўкі з эфектам спаборніцтва, — дзеліцца сваімі назіраннямі маладая настаўніца. — Увогуле, мой самы галоўны вывад за год такі: трэба пастаянна эксперыментаваць, мяняць формы правядзення ўрокаў, даваць дзецям больш самастойнасці, падтрымліваць іх псіхалагічна. Гэта дапамае перамагчы страх пры выкананні складаных фізічных практыкаванняў, нават тых, якія дзеці ну ніяк не могуць зрабіць па заданні настаўніка.

Пра сваіх вучняў Вераніка Аляксандраўна гаворыць з цеп­лынёй і задавальненнем. Так, пяцікласнікі навучыліся гу­ляць у піянербол. Зараз цікава і прыемна назіраць, што яны ўжо самі разумеюць правілы, ведаюць, як правільна перахо­дзіць і перадаваць мяч. Таксама дзецям падабаецца гуляць у “Трэці лішні”, “Рыбака і рыбку”, “Замарозку”, прымаць удзел у эста­фетах. Шасцікласнікам палюбіўся валейбол, і хоць пакуль яшчэ не зусім атрымліваецца, але яны вучацца і стараюцца. Некаторыя ўжо нават прымалі ўдзел у спаборніцтвах. Хлопцы са старшых класаў, вядома ж, аддаюць перавагу баскетболу, футболу, валейболу.

Слухаць спецыялістаў

Выхоўваць у вучняў любоў да фізкультуры маладой настаўніцы дапамагаюць некалькі на першы позірк простых, але эфектыўных прыёмаў. Па-першае, гэта ўласны прыклад, шчырасць і адкрытасць. Яна дзеліцца вопытам, расказвае пра свае былыя цяжкасці і іх пераадоленне, уражанні і дасягненні. І робіць гэта без павучанняў, добразычліва. Заўсёды на сваім прыкладзе В.А.Баск паказвае, як здаць той ці іншы нарматыў. Так, калі здавалі кіданне мяча, спачатку яшчэ раз прадэманстравала вучням увесь працэс ад “а” да “я”, звярнула ўвагу на кожны момант: як правільна стаяць і трымаць мяч, як замахнуцца… Практыкаванні таксама настаўніца выконвае разам з вучнямі, гуляе з імі ў валейбол і баскетбол. Яшчэ тры жалезныя правілы Веранікі Аляксандраўны: ніколі не параўноўваць дзяцей, іх здольнасці і дасягненні, падтрымліваць іх пры няўдачах і не прымушаць рабіць практыкаванне, калі вучню страшна.

— Калі ў дзіцяці пры выкананні практыкавання нешта атрымліваецца няправільна, я адразу дапамагаю разабрацца, у чым памылка і як яе выправіць. Пасля яно робіць усё з пачатку, і, калі асэнсавала мае словы, атрымліваецца ўжо лепш, — тлумачыць Вераніка Аляксандраўна. — У некаторых дзяўчынак быў страх, які не даваў ім лезці па канаце. У такіх выпадках я стаяла побач і гаварыла: “Давай паспрабуем падняцца хаця б крыху, наколькі зможаш, не абавязкова ж лезці высока”. І гэта спрацоўвала. У выніку атрымлівалася паўнацэнна выканаць заданне. І кожны раз у дзяцей было столькі радасці ад таго, што ўдалося пераадолець свой страх і справіцца!

Вераніка Аляксандраўна ўжо адчула, наколькі радуюць педагога поспехі яго навучэнцаў. Вось у дзіцяці нарэшце атрымалася практыкаванне, якое яму ніяк не давалася ці было страшна рабіць. Здавалася б, гэта не нейкае асаблівае дасягненне, але на справе ўсё інакш. У такія моманты маладая настаўніца адчувае вялікую радасць, што разам атрымалася зрабіць крок наперад!

Зразумела, ёсць яшчэ шмат пытанняў, на якія маладой настаўніцы хочацца знайсці адказы. Вераніку Аляксандраўну засмучае, што сённяшнія дзеці празмерна прывязаны да гаджэтаў. З радасцю ўзгадвае сваё дзяцінства, калі хацелася ў вольны час пагуляць у двары з сябрамі ў любую пару года і любое надвор’е. І яна не можа зразумець, як камп’ютар ці смартфон можа замяніць актыўны адпачынак. Настаўніца імкнецца змяніць гэтую сітуацыю. Па суботах запрашае дзяцей у школу на спартыўныя мерапрыемствы і стараецца, каб яны праходзілі як мага больш цікава і весела. Каб той, хто не прыйшоў, пачуўшы ўражанні аднакласнікаў, пашкадаваў і далучыўся ў наступны раз.

— Мяне вельмі радуе, калі бачу дзяцей, якія пасля школы ідуць на школьны стадыён і там кідаюць мяч у кальцо, гуляюць у футбол ці катаюцца на веласіпедах, — зазначае В.А.Баск. — Аднак іх, на жаль, не так шмат, як бы хацелася. А вось калі бачу моладзь на электронных веласіпедах ці самакатах, на душы становіцца сумна. Ці задумаліся яны, навошта ім падобная тэхніка, якая ад яе карысць для здароўя? Фізічна нічога самому рабіць не трэба. Як майстар веласпорту і чалавек, які думае пра сваё здароўе, я абсалютна не разумею такой сітуацыі. Варта адда­ваць перавагу тэхніцы, якая дапаможа быць у форме, фізічна папрацаваць і ўзбадзёрыцца пасля вучэбнага ці працоўнага дня! Гэтую інфармацыю стараюся даносіць да вучняў і бацькоў.

За першы працоўны год Вераніка Аляксандраўна яшчэ больш адчула, якая гэта вялікая адказнасць — быць настаўніцай фізічнай культуры. Зараз яна ўжо думае пра тое, як бу­дзе працаваць далей. У наступным годзе нагрузка павялічыцца, ёй давядзецца выкладаць фізкультуру ў першаклашак, знаёміцца з новымі вучнямі рознага ўзросту… Гэтым летам яна таксама плануе рэгулярна наведваць трэнажорную залу, каб быць прыкладам для дзяцей, якіх ёй давераць!

Таццяна ШЫМКО.