Каб хацелася вярнуцца

- 12:20Культура

Цэнтральным мерапрыемствам Тыдня музеяў устаноў адукацыі стаў рэспубліканскі форум “Памяць народа ў надзейных руках маладых”. На працягу двух дзён (21 і 22 кастрычніка) прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, музеяў сістэмы культуры, кіраўнікі школьных музеяў абмяркоўвалі пытанні музейнай педагогікі. Азнаёмімся з некаторымі думкамі і прапановамі.

Пасля наведвання музея дзяцінства (стваральнік і кіраўнік Васіль Чайка) сярэдняй школы №2 Нароўлі імя І.М.Шаўрэя, сюды абавязкова захочацца вярнуцца.

Музейная справа актыўна развіваецца. Нават пандэмія не стала перашкодай. Калі няма магчымасці стаць экскурсантам у рэальнасці, на дапамогу прыхо­дзяць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, у першую чаргу Zoom. Ствараюцца віртуальныя музеі, праводзяцца віртуальныя экскурсіі. Словы “віртуальны” і “анлайн” цяпер дамінуючыя ў музейнай справе. Але ж і афлайн ніхто не адмяняў. Як прыцяг­нуць рэальных наведвальнікаў у рэальныя экспазіцыі? Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Яўгеніі Красновай, кіраўнікам школьных музеяў варта звярнуць увагу на паняцце “музейны турызм”.

Музейны турызм — перспектыўны напрамак. У перыяд пандэміі больш актыўна стаў развівацца рынак унутранага турызму, дзе музеі могуць заняць патэнцыяльную нішу са сваімі прадуктамі і праектамі. Гэтыя праекты мо­гуць быць рознага характару — як адукацыйнага, так і забаўляльнага. Да гэтага працэсу падключаюцца не толькі самі музеі, але і розныя лакацыі, адметныя мясціны, аграсядзібы, якія таксама могуць быць уключаны ў турыстычны рэзерв.

“Многія музеі становяцца турысц­ка арыентаванымі комплексамі. Напрыклад, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, замкавы комплекс “Мір” або Косаўскі палац. Усе гэтыя аб’екты арыентаваны на турыста, паколькі размешчаны ў невялікіх населеных пунктах і не мо­гуць існаваць толькі за кошт мясцовага насельніцтва. Перад форумам у мяне была сустрэча з супрацоўнікамі турыстычных арганізацый. Вельмі парадавала, што ў турыстычныя маршруты яны ўключаюць і музеі. Ёсць запатрабаванасць у музейных прадуктах у выгля­дзе майстар-класаў, навамодных ворк­шопаў і г.д. Таму музеі, падначаленыя Міністэрству культуры, на гэта арыентуюцца. І музеі сістэмы культуры, і музеі сістэмы адукацыі дзейнічаюць у агульнай музейнай прасторы, у нас адны і тыя ж задачы: працаваць з наведвальнікамі розных катэгорый, прапаноўваць ім цікавыя і карысныя прадукты”, — па­дзялілася Яўгенія Краснова.

Музейны турызм — перспектыўны напрамак. У перыяд пандэміі больш актыўна стаў развівацца рынак унутранага турызму, дзе музеі могуць заняць патэнцыяльную нішу са сваімі прадуктамі і праектамі.

А гульныя задачы вырашаюцца агульнымі намаганнямі. У супрацоўніцтве музеяў сіс­тэмы культуры і сістэмы адукацыі ўжо склаліся добрыя традыцыі. Гэта пацвярджае хаця б той факт, што ў рэспуб­ліканскіх і рэгіянальных форумах музеяў устаноў адукацыі па традыцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі сістэмы культуры. У плане такога супрацоўніцтва шмат карыснага можна пераняць ад расійскіх калег. Так, Музей Перамогі — Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны вядзе актыўную асветніцкую і адукацыйную дзейнасць. Па словах супрацоўніка музея Алены Слесарэнка, ужо трэці год установай рэалізуецца ўнікальная праграма “Школьны музей Перамогі”. Гэта доўгатэрміновая праграма фарміравання выхаваўчага асяроддзя, якая дазваляе школьным музеям абменьвацца вопытам стварэння экспазіцый, правядзення патрыятычных мерапрыемстваў.

“Музей Перамогі выдзеліў спецыяльную пляцоўку, цэлую залу, каб школьныя музеі маглі прадставіць свае ўнікальныя экспазіцыі, прадэманстраваць вопыт патрыятычнай работы. На гэтую пляцоўку можа трапіць любы музей. На нашу прапанову стаць партнёрамі адгукнуліся больш за тысячу школьных музеяў, прычым не толькі з Расіі. Асабліва мы хацелі б падзяка­ваць музеям Рэспублікі Беларусь: народнаму музею баявой славы сярэдняй школы № 2 Наваполацка і народнаму музею баявой славы двойчы Чырванасцяжнай 43-й арміі гімназіі № 9 Віцебска імя А.П.Белабародава. Музей Перамогі прапаноўвае ўсім школьным музеям Беларусі стаць партнёрамі і такім чынам абмяняцца ўнікальным метадычным матэрыялам, прак­тыкамі, напрацоўкамі”, — паведаміла Алена Слесарэнка.

Праграма дазваляе папулярыза­ваць музейную дзейнасць, павышаць статус школьных музеяў, якія з’яўляюцца партнёрамі Музея Перамогі. Музеем Перамогі створаны каляндар новых магчымасцей для школьных музеяў, які інтэгруецца партнёрамі ў выхаваўчую работу ўстаноў адукацыі. Акрамя праграмы “Школьны музей Перамогі”, ра­сійскімі музейшчыкамі створаны партал, які з’яўляецца адзінай інфармацыйнай прасторай для абмену музейным вопытам. На гэтым партале школьныя музеі расказваюць усёй краіне пра сваю работу, карыстаюцца метадычнай дапамогай спецыялістаў Музея Перамогі, абменьваюцца вопытам з калегамі з іншых рэгіёнаў. Такім чынам выбудоўваецца новая сетка кааперацыі і камунікацыі, а гэта цягне за сабой і абнаўленне зместу дзейнасці школьных музеяў. Дзякуючы праекту, школьныя музеі нават з самых аддаленых куточкаў далучаюцца да адзінага інфармацыйнага поля.

Вучні павінны прыходзіць у музей падрыхтаванымі. Наведванне школьнікамі музея — гэта не проста цікавае правядзенне часу, гэта ў першую чаргу заняткі.

Любая справа, у тым ліку музейная, патрабуе ведання нарматыўна-прававой базы. З 2006 года з унясеннем змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспуб­лікі Беларусь” музеі ўстаноў адукацыі замест ведамасных сталі дзяржаўнымі. З гэтага часу на іх сталі распаўсюджвацца ўсе нарматыўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да музеяў, падначаленых Міністэрству культуры.

Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і края­знаўства ўдзяляецца значная ўвага нарматыўна-прававому і навукова-метадычнаму забеспячэнню дзейнасці музеяў, уліку, камплектаванню і захаванасці фондаў. Распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі. Гэтыя рэкамендацыі рэгламенту­юць дзейнасць музеяў з улікам сучаснага заканадаўства і спецыфікі ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, распрацавана праграма развіцця музеяў сістэмы адукацыі на 2021—2025 гады. Гэтымі дакументамі і павінны кіравацца ў сваёй дзейнасці педагогі-музейшчыкі. Азнаёміцца з дакументамі можна на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Дарэчы, матэрыялы форуму можна знайсці на партале https://patriot.rcek.by.

Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Ануфровіч, музеям устаноў адукацыі неабходна больш актыўна прэзентаваць у СМІ сваю дзейнасць, выкарыстоў­ваць сацыяльныя сеткі і школьныя сайты, уключыць музейны прадукт у рэгіянальныя турысцка-экскурсійныя маршруты, удасканаліць узаемадзеянне з музеямі сістэмы культуры.

“Варта ўдзяляць увагу абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы музеяў устаноў адукацыі, бо калі музеі не будуць выглядаць сучасна, прывабна, то дзеці сюды наўрад ці пойдуць. Усім нам трэба вучыцца, павышаць сваю кваліфікацыю, таму што і патрабаванні да музеяў растуць, і магчымасці, якія могуць рэалізоўвацца на базе музеяў, таксама павышаюцца. Трэба ісці ў нагу з часам.

Летам быў праведзены маніторынг музеяў устаноў адукацыі. Ён паказаў, што ёсць музеі, якія значна ўдасканалілі сваю дзейнасць, але ёсць такія, якім трэба зрабіць новы віток у сваім развіцці (на­прыклад, навесці парадак ва ўліку музейных прадметаў)”, — адзначыла намеснік дырэктара Рэспуб­ліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Жур.

Музейная справа ва ўстановах адукацыі актыўна развіваецца. А любое развіццё не можа адбывацца без вырашэння пэўных пытанняў. Рэспубліканскія і рэгіянальныя форумы якраз і дазваляюць вызначыць шляхі ўдасканалення музейнай справы, каб школьныя музеі былі запатрабаваны, каб наведвальнікі хацелі сюды вярнуцца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.