Каб карані не высыхалі…

Як жыве польская школа, дзе вывучаюць беларускую мову

Мая сённяшняя суразмоўніца — дырэктар пачатковай школы з дадатковым навучаннем беларускай мове ў гміне Орля (Падляшскае ваяводства Польшчы) Марыя Тамчук. Мы пазнаёміліся з ёй падчас курсаў павышэння кваліфікацыі, якія для польскіх педагогаў праводзілі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў канцы чэрвеня. Марыя працуе дырэктарам 7 гадоў (дагэтуль была настаўніцай) і пераканана, што добры настаўнік той, які ўвесь час развіваецца і мае магчымасць абмяняцца вопытам з калегамі, у тым ліку і замежнымі.

За тыдзень у Мінску Марыя набралася ўражанняў не толькі для сябе, але і сваіх калег з роднай школы: праграму для польскіх настаўнікаў у АПА падрыхтавалі разнастайную і насычаную. А сёння дырэктар пачатковай школы з дадатковым навучаннем беларускай мове расказвае пра асаблівасці сваёй навучальнай установы і сістэму адукацыі ў Польшчы.

— Марыя, раскажыце, калі ласка, пра сваю школу.

— Наша школа стала пачатковай пасля апошняй адукацыйнай рэформы. У мінулым годзе гэта быў комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мове. Пасля рэформы наша ўстанова стала не 6-ці, а 8-гадовая. Восьмы клас будзе ўжо з наступнага навучальнага года. Акрамя таго, у нас былі два класы гімназіі (іх дзейнасць, згодна з рэформай, заканчваецца), адзін з іх дзеці скончылі, а другі працягне функцыянаваць у наступным годзе па старой праграме. Гэта называецца “пачатковая школа з гімназічнымі аддзеламі”.

На сённяшні момант у нашай школе працуе 35 настаўнікаў і вучацца 208 дзяцей. У класах 12—14 чалавек. Зараз самы вялікі клас у нас 3-ці, дзе 22 чалавекі. У гэтым годзе ў нас вучыліся з 1 па 7 клас. Акрамя таго, ёсць і дашкольнікі. Раней была толькі адна група, у якую дзеці прыходзілі з 6 гадоў. Але з’явілася патрэба ў арганізацыі ранняга дзіцячага асяроддзя. На дашкольнікаў дзяржава выдаткоўвае грошы толькі на 5 гадзін у дзень, астатнія гадзіны аплачваюць бацькі. Гэта распараджэнне міністра адукацыі Польшчы .

Мы арганізуем так званыя нулявыя класы, куды прыходзяць дзеці 3—6 гадоў. Пасля пяці гадзін, аплачаных дзяржавай, пачынае працаваць група прадоўжанага дня (у нас гэта называецца святліца), куды прыходзіць іншая настаўніца. Увогуле малыя пад наглядам з 7 раніцы да 4 гадзін дня.

Чаму мы зацікаўленыя, каб гэтыя дзеці былі ў нас у школе? У нашай гміне вёскі невялікія. У некаторых па 1—2 дзіцяці, а ў некаторых увогуле няма. Нам патрэбна, каб дзеці інтэграваліся. Мы стараемся ім забяспечваць усебаковае развіццё, бо не ўсе бацькі могуць сваё дзіця завесці на нейкія заняткі ў горад. У нас ёсць гмінны Дом культуры, з якім мы супрацоўнічаем дзеля ўсеагульнага развіцця нашых дзяцей.

Ёсць класы (з першага па трэці), дзе з дзецьмі, акрамя асноўнага настаўніка, працуюць настаўнікі англійскай і беларускай мовы, інфарматыкі. Гэтыя прадметы вывучаюцца з 1 класа.

З 4 класа пачынаецца прадметнае навучанне з рознымі настаўнікамі. Акрамя таго, з 4 класа дадаткова вывучаецца руская мова (на яе навучанне грошы выдзяляюць мясцовыя органы ўлады). А з 7 класа руская мова ў нас вывучаецца як другая замежная (гэта абавязкова).

— А ці існуюць нормы па напаўняльнасці класаў?

— Мінімум — гэта 7 вучняў, максімум — 25. Калі ў старшых класах атрымліваецца больш, то ідзе падзел на групы. Але ў нас дзеці дзеляцца на групы на мовах, інфарматыцы і фізкультуры. Напрыклад, на мовах ідзе падзел на групы, калі ў класе 16 чалавек. Наша школа добра абсталявана метадычна, таму мы можам сабе дазволіць такі падзел. Акрамя таго, ёсць дзеці, якім неабходны два настаўнікі. Усім трэба месца. Кожны вучэбны кабінет абсталяваны відэапраектарам, ёсць 10 інтэрактыўных дошак. Любы клас, які не на фізкультуры, можа працаваць з інтэрактыўнай дошкай. Для ўрокаў інфарматыкі абсталяваны 2 кабінеты. Дашкольнікі маюць інтэрактыўны дыван (для заняткаў на падлозе). Але хачу адзначыць, што камп’ютары за нас нічога не зробяць. Калі няма настаўніка, вучняў, супрацоўніцтва з бацькамі, то нічога ў адукацыі не будзе.

— У колькі гадоў дзеці ідуць у школу?

— Быў час, калі дзіця ішло ў школу ў 6-гадовага ўросту. Але ў мінулым годзе гэтае рашэнне адмянілі, і цяпер школу дзеці наведваюць з 7 гадоў. Абявязковай стала падрыхтоўка да школы, якая пачынаецца з 6-гадова ўзросту. Але калі бацькі жадаюць, яны могуць аддаць сваё дзіця ў школу і ў 6 гадоў. Раней для гэтага патрэбна была псіхолага-педагагічная дыягностыка дзіцяці, цяпер дастаткова жадання бацькоў. У школе дзеці вучацца да 18 гадоў — гэта абавязкова. Пасля васьмігадовай пачатковай школы яны будуць вучыцца 4 гады ў агульнаадукацыйным ліцэі або 5 гадоў у тэхнікуме.

— У нашай краіне існуе сістэма павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў, у межах якой былі арганізаваны адпаведныя курсы для вас. А ці існуе нешта падобнае ў Польшчы?

— Так, у кожным вялікім горадзе ёсць Цэнтр адукацыі настаўнікаў, дзе працуюць метадысты па розных прадметах. Мы, дарэчы, маем свайго метадыста па беларускай мове, які павінен нас узбагачаць неабходнымі ведамі.

На жаль, нас не забеспячваюць падручнікамі, як у вас, але я як дырэктар гавару сваім настаўнікам, што падручнік — гэта не адзіны сродак для навучання. Мы павінны рэалізоўваць вучэбную праграму. Вопытны настаўнік, настаўнік, які стараецца працаваць добра, абапіраючыся на сучасную інфармацыйную прастору, можа так арганізаваць урок, што падручнікі будуць не патрэбны. У нас ёсць вучэбная літаратура, розныя дапаможнікі, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі, але яны не абавязковы для выкарыстання. Гэтымі сродкамі дзяржава забяспечвае бясплатна. А калі ўжо ўзяліся працаваць з падручнікам, то памяняць яго на новы можна толькі праз 3 гады.

Што тычыцца вучэбных праграм, то яны могуць быць рознымі, розных аўтараў, але аўтарская праграма павінна быць узгоднена з законам. Прынамсі мы так робім з праграмай па беларускай мове, якая ў нас зацвярджаецца педагагічным саветам. І дырэктар нясе за яе адказнасць. Гэта кантралюецца. Дарэчы, у нас школа падлягае двум надзорам — фінансава-арганізацыйнаму (мясцовы орган улады) і педагагічнаму (куратар Міністэрства адукацыі).

— А як і ў якім аб’ёме ажыццяўляецца фінансаванне вучняў вашай школы?

— На кожнага вучня ёсць датацыя з адміністрацыі нашай гміны (прыкладна 6 тысяч злотых на год). На вучняў, якія вывучаюць беларускую мову, выдаткоўваюцца большыя грошы (гэта ўжо недзе 9 тысяч злотых). У нас у адукацыі ёсць розныя датацыі. Іх атрымліваюць, напрыклад, хворыя дзеткі. Але адміністрацыя школы абавязкова павінна дакладваць, на што гэтыя грошы былі патрачаны.

— Якім чынам арганізуеце работу з бацькамі?

— Ёсць бацькоўскі самаўрад, які прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы фінансавых планаў школы. Ну, і, зразумела, усе настаўнікі адкрыты да размовы з бацькамі. У нас працуюць псіхолаг, лагапед, ажыццяўляюцца рэабілітацыйныя заняткі. Мы пастаянна ўзаемадзейнічаем.

— Што ў Польшчы ўкладваюць у паняцце “добры настаўнік”?

— Раскажу пра сістэму авансаў, якая існуе ў польскім педагагічным асяроддзі. Прыходзіць у школу малады настаўнік, які пачынае, можна сказаць, з нуля. Ён настаўнік-стажор. Мы яму даём апекуна (вопытнага настаўніка). Стажор абавязаны пісаць канспекты ўрокаў, каб калегі маглі ўбачыць, што ён робіць добра, а дзе яму ведаў і ўменняў не хапае. Пасля такой стажыроўкі адбываецца прафесійная размова са спецыяльнай камісіяй, і дырэктар пераводзіць маладога педагога на новую ступень — кантрактнага настаўніка. Да гэтага часу такая стажыроўка доўжылася 9 месяцаў. З 1 верасня яна будзе ажыццяўляцца на працягу 1 года і 9 месяцаў.

Пасля гэтай стажыроўкі педагогу даецца перапынак ад кантролю, каб ён мог папрацаваць і набрацца яшчэ больш вопыту. Наступная стажыроўка ўжо 3-гадовая. Яна перавядзе настаўніка ў статус наменаванага. У гэты час ён піша канспекты ўрокаў, але не да кожнага, праводзіць адкрытыя заняткі, ходзіць на майстар-класы да калег. Ён павінен увесь час самаўдасканальвацца самымі рознымі шляхамі, і ў яго ёсць апякун, які ў гэтым дапамагае. Экзамен наменаванага настаўніка арганізуюць мясцовыя органы ўлады (наш самаўрад). Складаецца спецыяльная камісія, у якую ўваходзіць дырэктар школы, прадстаўнік самаўрада, два эксперты, прызначаныя міністрам, куратар з міністэрства. Яны размаўляюць з настаўнікам, задаюць яму пытанні, глядзяць яго пісьмовую работу. У выніку, калі экзамен здаецца паспяхова, то настаўнік становіцца іменаваным — што значыць прафесіянальным.

Апошняя ступень — дыпламаваны настаўнік. Каб атрымаць гэтае званне, стажыравацца трэба яшчэ 3 гады, але самастойна, без апекуна. У канцы такой стажыроўкі настаўнік піша справаздачу, дзе апісвае ўсё, чым займаўся на працягу 3 гадоў, што зрабіў, якіх вынікаў дасягнуў. У канцы гэтай стажыроўкі адбываецца размова з куратарам міністэрства, які ўваходзіць у склад спецыяльнай камісіі. Па выніках такой размовы і прадстаўленай справаздачы настаўнік становіцца дыпламаваным. Яшчэ ў нас ёсць ганаровае званне “Прафесар асветы”, але яно даецца дзяржавай.

— Марыя, ваша школа значыцца як “з дадатковым вывучэннем беларускай мовы”. Што гэта азначае?

— Наша школа вясковая, але наша гміна адзіная ў Польшчы, дзе можна ўбачыць двухмоўныя назвы на польскай і беларускай мовах. Польская дзяржава дапускае, што калі больш за 60% насельніцтва акрэсліваецца ў нейкай нацыянальнай меншасці, то афіцыйна можа карыстацца мовай сваёй нацыянальнай меншасці і польскай. У гэтай сувязі нашы самаўрадаўцы (мясцовыя органы ўлады) у 2012 годзе прынялі рашэнне, што ў нас усе паказальныя дошкі будуць на дзвюх мовах: польскай і беларускай. Праўда, спецыялістам давялося папрацаваць над назвамі некаторых вёсак, якія гучалі па-рознаму. Урэшце прыйшлі да кансэнсусу і дошкі з’явіліся. У нашу гміну ўваходзіць больш за 20 вёсак.

Беларускую мову ў школе нашай гміны вывучалі заўсёды. Некалі гэта была сапраўдная беларуская мова, але ў выніку асіміляцыі, той беларускай мовай валодае толькі старэйшае пакаленне. Але апошнім часам ужываць беларускую мову пачалі малыя дзеці. У сем’ях назіраецца своеасаблівая яруснасць у веданні мовы. Напрыклад, мае бацькі добра ведаюць беларускую мову і карыстаюцца ёю ў гаворцы. Маё пакаленне (дзядулі і бабулі нашых вучняў) таксама ведае беларускую мову і выкарыстоўвае яе ў размове паміж сабой. Нашы дзеці (бацькі вучняў) гавораць толькі на польскай мове, але чуюць беларускую ад нас. Гэта шчасце, калі сям’я шматпакаленная.

— Значыць, беларуская мова ў вас вывучаецца як мова нацыянальнай меншасці?

— Так, і пры вывучэнні ў нас няма падзелу на мову і літаратуру. Ёсць прадмет “Беларуская мова”, які, а гэта самае важнае, падтрымлівае нашу тоеснасць, камунікацыю, гісторыю. У нас ёсць магчымасць вучыць беларускую гісторыю і культуру праз факультатыўныя заняткі, на якія адведзены спецыяльны час. Не ўсе бацькі карыстаюцца такой магчымасцю, але мы імкнёмся заахвочваць дзяцей самымі рознымі шляхамі, бо калі карані высахнуць, то ўжо нічога не пасадзіш і нічога не прыклеіш. Таму мы працягваем працаваць, і ў нас беларускай мовы 2—4 гадзіны на тыдзень.

Актыўна дзейнічаюць розныя гурткі, дзе дзеці захапляюцца вывучэннем беларускай мовы. Вывучэнне беларускасці — гэта не толькі для настаўнікаў беларускай мовы. Каб справа развівалася, трэба падключаць да яе дырэкцыю школы, бацькоў і іншых настаўнікаў. Да таго ж урад на гэта грошай не шкадуе.

У нас працуе рэгіянальны гурток, дзе настаўнікі разам з вучнямі рэалізуюць розныя праекты. На яго развіццё мы таксама закладваем фінансы. Частку грошай выдзяляюць мясцовыя органы ўлады (якія, дарэчы, на адукацыю грошай не шкадуюць), а частку дабаўляюць настаўнікі, бацькі і іншыя арганізацыі. Праекты самыя розныя. Адны паказваюць нашу культуру, продкаў, у другіх даследуюцца нашы суайчыннікі, якія таксама пакінулі след у развіцці гміны. Напрыклад, у мінулым годзе дзеці рабілі праект пра герояў, дзе разважалі пра геройскія ўчынкі, хто можа быць героем на прыкладзе жыцця беларуса Аляксея Кузьмінова, які ў час Другой сусветнай вайны загінуў, ваяваўшы за вёску Маліннікі (уваходзіць у склад гміны). Мы вучым дзяцей пашане. Усіх, хто робіць дабро, трэба шанаваць. А ад таго, хто робіць крыўду, — адысці ўбок. Нельга зусім адрывацца ад гісторыі і традыцый. І, дарэчы, за гэты праект мы атрымалі ўзнагароду. Як і за праект пра тапонімы нашых вёсак.

Узнагарода — гэта паездка, краязнаўчая экскурсія, напрыклад, у Варшаву або ў Карпаты. Мы жывём на поўначы Польшчы, у малых мястэчках, таму не заўсёды ў бацькоў ёсць магчымасць некуды звазіць дзяцей. Мы сяляне, таму перавага аддаецца працы на зямлі. І дзеці, вядома, павінны дапамагаць. А перамога ў конкурсе дае магчымасць дзіцяці паехаць і ўбачыць нешта новае для сябе. Штогод узнагароды ўручаюцца ў новым месцы, што таксама матывуе нашых вучняў і настаўнікаў на ўдзел. Гэта выдатна. Дасягненні ў такіх конкурсах у нас стабільныя апошнія 10 гадоў. Назапашаны багаты матэрыял, які дае магчымасць рухацца далей.

Падчас курсаў у вашай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі мы былі ў гімназі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска, дзе настаўнікі таксама дэманстравалі нам сваю работу па даследчай дзейнасці з вучнямі. Мы, канечне, былі проста ашаломлены тым аб’ёмам работы, які там праводзіцца. Для таго, каб развівацца, трэба наладжваць больш цеснае су-працоўніцтва. Мяркую, што мы так і зробім.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.