“Каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй!”

- 10:40Адукацыйная прастора

Сапраўдны настаўнік вучыцца ўсё жыццё — гэта бясспрэчная ісціна. Толькі чамусьці праз некалькі гадоў работы педагогі падзяляюцца на тых, хто рухаецца па накатанай, выкарыстоўваючы старыя планы, метады і прыёмы работы, і тых, хто, нягледзячы на цыклічнасць, уяўную аднастайнасць вучэбнай дзейнасці, знаходзяцца ў пастаянным пошуку, развіцці, імкненні ўносіць штосьці новае ў практыку сваёй работы. І гэта важны паказчык сапраўднага прафесіяналізму. Калектыў педагогаў-прафесіяналаў творча і натхнёна працуе ў гімназіі № 2 Салігорска Мінскай вобласці. У многім гэта абумоўлена эфектыўнай сістэмай метадычнай работы, што склалася тут. Аб асноўных напрамках метадычнай работы гімназіі, якія вызначаюць яе развіццё, фарміраванні прафесійных кампетэнцый педагогаў расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ўстановы Настасся Міхайлаўна САНЬКО.

— Галоўная мэта метадычнай работы гімназіі — бесперапыннае ўдасканаленне прафесійных кампетэнцый і забеспячэнне асобаснага развіцця педагогаў. Прыярытэтнымі напрамкамі метадычнай работы нашай установы адукацыі з’яўляюцца арганізацыя інфармацыйнага і вучэбна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, ажыццяўленне дыягностыка-карэкцыйнай дзейнасці па аказанні адраснай метадычнай падтрымкі, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне педагагічнага вопыту. А таксама каардынацыя дзейнасці метадычных аб’яднанняў педагогаў, навукова-метадычнае суправаджэнне педагагічнага і інавацыйнага праектаў, інфарматызацыя адукацыйнага працэсу і развіццё IT-пісьменнасці педагогаў, ажыццяўленне метадычнай дапамогі ў праектнай і даследчай дзейнасці, бесперапынная адукацыя педагагічных работнікаў праз самаадукацыю, навучанне ў міжкурсавы перыяд, павышэнне кваліфікацыі.

Адзіная метадычная тэма дадзенага навучальнага года — “Кампетэнтнасна-арыентаваны падыход ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі”.

— Якія формы метадычнай работы сёння найбольш запатрабаваны сярод настаўнікаў? У якой дапамозе маюць патрэбу педагогі?

— Найбольш запатрабаванымі формамі метадычнай работы па-ранейшаму застаюцца семінары, практыкумы, майстар-класы, трэнінгі, бо жывыя зносіны заўсёды прадукцыйныя: можна “тут і цяпер” атрымаць адказы на ўсе пытанні, якія ўзнікаюць. Эфектыўным спосабам узаемадзеяння пры вырашэнні творчых пытанняў з’яўляецца метад мазгавога штурму, да якога часта звяртаемся пры падрыхтоўцы да правядзення метадычных педагагічных саветаў. Неабходна адзначыць, што ва ўмовах глабальнай інфарматызацыі запатрабаванымі сярод педагогаў з’яўляюцца сеткавае ўзаемадзеянне, анлайн-семінары, вэбінары. Зараз пагружаемся ў сутнасць такой формы работы, як медыянар.

— Настасся Міхайлаўна, наколькі вашы педагогі лёгкія на пад’ём, ці праяўляюць цікавасць да конкурсаў прафесійнага майстэрства? Як вы стымулюеце іх да творчасці?

— Прыйшоўшы ў калектыў гімназіі № 2, з першых дзён адчула зладжанасць у працы, згуртаванасць педагагічнага калектыву, з якім можна прадукцыйна ўзаемадзейнічаць. Калектыў на чале з Аленай Анатольеўнай Серай складаецца з педагогаў рознага ўзросту: ад маладых спецыялістаў да вопытных майстроў сваёй справы. Трэба адзначыць высокую кваліфікацыю настаўнікаў-прадметнікаў: вышэйшую і першую катэгорыі маюць 76% педагогаў. Колькасць педагагічных работнікаў другой катэгорыі і без катэгорыі прыпадае на маладых спецыялістаў і тых педагогаў, якія толькі прыбылі. Кожны педагог уцягнуты ў адзіны працэс абмену вопытам, інфармацыяй, поглядамі. Кожны прыўносіць сваю іскрынку ў развіццё ўстановы адукацыі. Сваім эфектыўным педагагічным вопытам настаўнікі гімназіі заўсёды імкнуцца падзяліцца не толькі на гімназічным, раённым, абласным, але і рэспубліканскім узроўнях.

Прафесіяналізм педагогаў гімназіі пацвярджае той факт, што некаторыя навучэнцы ўзнагароджаны прэміяй спецыяль­нага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Так, за апошнія чатыры гады ўзнагароджаны выпускнікі гімназіі Фёдар Кажа, двойчы — Радзівон Міхайлюк (кіраўнік — настаўнік фізікі А.Н.Шубін).

Для выніковага прадстаўлення вопыту педагагічнай дзейнасці выкарыстоўваем усе магчымыя метады матэрыяль­нага і маральнага стымулявання. Члены педагагічнага калектыву неаднаразова былі ўзнагароджаны за прафесійныя поспехі граматамі Салігорскага райвыканкама, Мінскага абл­выканкама, Міністэрства адукацыі.

Неабходна адзначыць выніковы ўдзел педагогаў у конкурсах прафесійнага майстэрства. За апошнія 5 гадоў чатыры педагогі сталі пераможцамі другога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” (настаўніца хіміі Т.А.Алекса, настаўніца пачатковых класаў Т.Д.Стасяловіч, настаўніца англійскай мовы В.Г.Алімава). Настаўнікі прымаюц­ь актыўны ўдзел у штогадовых педагагічных марафонах (настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Л.А.Ларчык, настаўніца матэматыкі А.А.Зубрыцкая). У гімназіі працуе выдатнік адукацыі першы дырэктар установы В.А.Ахрэмчык, які таксама перадае свой вопыт маладому пакаленню.

— Як наладжана работа з маладымі педагогамі?

— Штогод гімназія папаўняецца маладымі спецыялістамі. Працуе школа маладога педагога, мэтай якой з’яўляецца стварэнне ўмоў для прафесійнага станаўлення маладых настаўнікаў. У рабоце з пачынаючымі педагогамі выкарыстоўваюцца розныя формы: семінары, лекцыі, узаеманаведванне ўрокаў, гутаркі па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце. За кожным маладым спецыялістам замацаваны вопытны педагог-настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Кіруе школай маладога педагога метадыст гімназіі Н.Б.Івашка, якая праводзіць разнастайныя пасяджэнні па актуальных пытаннях методыкі выкладання. Для маладых педагогаў арганізавана ўзаеманаведванне вучэбных, факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў з мэтай абмену вопытам. Педагогамі-псіхолагамі праводзіцца мэтанакіраваная сістэматычная работа (кансультацыі, трэнінгі) па адаптацыі маладых спецыя­лістаў, прафілактыцы эмацыянальнага выгарання.

— Рэалізацыя інавацыйных праектаў спрыяе павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў. Над якімі цікавымі праектамі працуюць настаўнікі гімназіі?

— Летась мы закончылі рэалізацыю педагагічнага праекта “Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у сістэме метадычнай работы гімназіі”. Яго мэтай было ўдасканаленне прадметных, псіхолага-педагагічных, інфармацыйна-камунікацыйных, метадычных кампетэнцый педагогаў з дапамогай арганізацыі і рэалізацыі мадэлі метадычнага забеспячэння. У ходзе праекта мы распрацавалі і ўкаранілі мадэль метадычнай сеткі гімназіі па ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый педагогаў, стварылі віртуальны метадычны кабінет, які забяспечвае метадычнае суправаджэнне педагогаў, і інфарм­навігатар па ім, распрацавалі мадэль кампетэнцый педагогаў гімназіі, садзейнічалі развіццю спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў педагагічным калектыве, ацанілі ўзровень сфарміраванасці кампетэнцый педагогаў гімназіі. Далейшая дзейнасць установы звязана з неабходнасцю распаўсюджваць вынікі педагагічнага вопыту праз сеткавае ўзаемадзеян­не, з напаўняльнасцю віртуальнага метадычнага кабінета, з карэкціроўкай структуры метадычнай работы гімназіі з улікам зменлівых умоў у сістэме сучаснай адукацыі.

З 2019/2020 навучальнага года гімназія з’яўляецца пляцоўкай па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання дзелавой актыўнасці навучэнцаў на аснове прыцягнення ў прадпрымальніцкія праекты”. Яго мэта — стварэнне арганізацыйна-педагагічных умоў, якія спрыяюць фарміраванню дзелавой актыўнасці навучэнцаў шляхам уцягвання іх у прадпрымальніцкія праекты. У рамках гэтага праекта наладжана ўзаемадзеянне з Палескім дзяржаўным універсітэтам, а таксама многімі сярэднімі спецыяльнымі ўстановамі і ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі. Выніковым стала выступленне ў бягучым навучальным годзе ўдзельніка праекта навучэнца 10 класа гімназіі Расціслава Шчуроўскага з праектам “Модульнасць у вымяральных прыборах” (кіраўнік — настаўнік фізікі А.М.Шубін) на конкурсе інавацыйных праектаў маладых навукоўцаў “Пінск Інвест Уікэнд-15”, які праходзіў у рэжыме анлайн 11 снежня.

— Якое значэнне ў гімназіі надаецца рабоце з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі?

— Павышэнню ІКТ-кампетэнтнасці настаўнікаў удзяляецца вялікая ўвага. Выкладанне з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій з’яўляецца неабходным у вучэбным працэсе, бо ўзровень развіцця сучаснага грамадства патрабуе прымянення ў адукацыі новых тэхналогій, якія спрыялі б развіццю ў навучэнцаў самастойнага руху ў інфармацыйных палях, дзе настаўнік становіцца каардынатарам іх дзеянняў.

У межах работы пастаянна дзеючага семінара “Сучасны ўрок” для павышэння інфармацыйнай культуры педагогаў арганізавана работа па прымяненні сучасных электронных адукацыйных рэсурсаў у працэсе навучання. Так, педагогі гімназіі працуюць над укараненнем электронных сшыткаў (настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Л.А.Ларчык, В.М.Таміла), над прымяненнем дапоўненай рэальнасці на вучэбных занятках і ў мабільных дадатках (настаўніца ан­глійскай мовы В.Г.Алімава). Актыўна выкарыстоўваюць элек­тронныя адукацыйныя рэсурсы LearningApps, Triventy, Kahoot, ZipGrade, Plikers, QR-коды, Google-формы і інш.

Многія педагогі маюць уласныя сайты: настаўніца англійскай мовы В.Г.Алімава, настаўніца гісторыі і грамадазнаў­ства Л.А.Ларчык, настаўніца беларускай мовы і літаратуры К.С.Хандрыка, метадыст гімназіі Н.Б.Івашка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н.М.Санько. У гімназіі дзейнічаюць віртуальны метадычны кабінет, віртуальны метадычны кабінет класных кіраўнікоў, віртуальны кабінет педагогаў-псіхолагаў. У стадыі ўдасканалення знаходзяцца прадметныя віртуальныя метадычныя кабінеты. Настаўнікі вынікова выступаюць з вопытам прымянення ІКТ у адукацыйным працэсе. Яны штогод становяцца пераможцамі такіх конкурсаў, як “Педагагічная IT-мазаіка” (Л.А.Ларчык, В.Г.Алімава). Арганізавана работа з малодшымі гімназістамі па праграмаванні ў асяроддзі Scratch.

Мінулай вясной ва ўмовах складанай эпідэмічнай абстаноўкі педагогамі гімназіі было арганізавана анлайн-навучанне на базе платформы дыстанцыйнага навучання, распрацаваны курсы па гуманітарных дысцыплінах, тэсты па матэматыцы. Быў праве­дзены аналіз адукацыйных інтарэсаў навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, што дазволіла выявіць актуальнасць атрымання ведаў з прымяненнем ІКТ. Вынікі апытання паказалі, што бацькі ўсведамляюць важнасць і неабходнасць выкарыстання дыстанцыйных тэхналогій. 72% рэспандэнтаў упэўнены ў тым, што гэта спрыяе павышэнню якасці вучэбнага працэсу.

Як вынік, з 2020/2021 навучальнага года ў гімназіі рэалізуецца педагагічны праект “Развіццё прадметных кампетэнцый навучэнцаў у працэсе дыстанцыйнага навучання”. Актуальнасць праекта заключаецца ў тым, што тэхналогія дыстанцыйнага навучання забяспечвае максімальна магчымую інтэрактыўнасць паміж навучэнцам і педагогам, зваротную сувязь, індывідуалізацыю навучання, дае магчымасц­ь вучню выконваць заданні па індывідуальным графіку. Калі навучэнец недастаткова добра выканаў заданні, то педагог можа вярнуць іх на дапрацоўку, указаўшы на памылкі, што спрыяе развіццю крытычнага, прадукцыйнага мыслення.

З мэтай рэалізацыі праекта арганізавана работа творчай групы “Сістэма дыстанцыйнага навучання ў гімназіі”. Плануецца, што рэалізацыя гэтага праекта дасць магчымасць павысіць якасць ведаў, створыць спрыяльныя ўмовы для прадукцыйнага ўзаемадзеяння педагога і навучэнца, педагога і законных прадстаўнікоў, іх уцягнутасць у адукацыйны працэс; дазволіць вучню пераадолець цяжкасці, забяспечыць падрыхтоўку да жыцця ва ўмовах інфармацыйнага грамад­ства. Таксама праект дазволіць навучэнцам, якія знаходзяцца па аб’ектыўных прычынах у аддаленым доступе да ўстановы адукацыі, бесперапынна засвойваць адукацыйныя праграмы, дасць магчымасць стварыць новыя ўмовы для павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў гімназіі, асвоіць новыя формы навучання, стварыць вучэбныя курсы, арганізаваць і ўкараніць дадзеную тэхналогію па індывідуаль­ных траекторыях навучэнцаў.

— Настасся Міхайлаўна, на ваш погляд, як павысіць эфектыўнасць работы метадычнай службы ўстановы адукацыі?

— Успамінаецца крылаты выраз з кнігі Льюіса Кэрала “Аліса ў краіне цудаў”: “трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй”. Таму бесперапыннае прафесійнае развіццё педагагічных кампетэнцый — залог паспяховасці настаўніка. Таксама неабходна памятаць правіла залатой сярэдзіны. Нельга заставацца на месцы. Трэба рухацца ўдвая хутчэй за нашых навучэнцаў, але пры гэтым умела спалучаць напрацаваныя навыкі, найбагацейшы вопыт з сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Умелае спалучэнне традыцыйнага і сучаснага навучання можа даць сапраўды высокія вынікі.

— Напярэдадні Новага года прынята строіць планы на будучыню. Якія перспектывы развіцця метадычнай работы гімназіі?

— Работа з педагогамі вельмі цікавая і непрадказальная, бо ў кожнага свае патрэбы, запыты, вопыт і талент. І ўсё гэта трэба ўмець убачыць, дапамагчы раскрыць і рэалізавац­ь. Вядома, павышэнне ўзроўню прафесійнага майстэрства маладых педагогаў, распаўсюджванне эфектыўнай педагагічнай практыкі вопытных педагогаў былі і застануцца галоўнымі арыенцірамі метадычнай работы. Але хочацца зрабіць яе разнастайнай, цікавай і займальнай для педагогаў. Таму ў планах на будучыню, вядома ж, авалоданне актуальнымі, запатрабаванымі формамі работы з педагогамі і прымяненне сучасных метадаў навучання (метафарычныя гульні, ролевыя і дзелавыя гульні, кейс-стадзі), укараненне сеткавага ўзаемадзеяння (у прыватнасці правядзенне медыянараў), а таксама актывізацыя цімбілдынгу.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.