Каб квітнела Беларусь пад мірным небам

Шчыра і пранікнёна гучаць у ІТ-прасторы словы навучэнцаў Віцебшчыны пра мір на зямлі і сляды фашысцкага ліхалецця ў сямейнай гісторыі, абавязак і адказнасць юных у клопаце пра ветэранаў.

Дзеці і падлеткі выказваюць асабістае стаўленне да вечных каштоўнасцей у ходзе прысвечанага 75- годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне піянерскага чэленджу “Я памятаю”, старт якому дала абласная піянерская арганізацыя па ініцыятыве лідараў і актыву БРПА рэгіёна. Штодня на інфармацыйных рэсурсах абласнога палаца дзяцей і моладзі, абласной арганізацыі БРПА дадаюцца новыя відэаролікі пра герояў, удзельнікаў і відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны, знятыя і зманціраваныя акцябратамі і піянерамі, хто словам і справай захоўвае памяць пра герояў, працягваючы традыцыі спадчыннікаў Перамогі. Чэлендж з’яўляецца працягам рэспубліканскай акцыі “Ніколі не забудзем. Унукі пра вайну” і абласной патрыятычнай акцыі “Сэрцам дакраніся да подзвігу”.

— Вялікая Айчынная вайна — гэта боль, пакуты, страх. Час, калі людзі страчвалі родных і блізкіх, дзеці заставаліся без бацькоў, а на кожным кроку можна было пачуць стрэлы або плач, — гаворыць навучэнец сярэдняй школы № 2 Оршы Аляксей Брысін, аўтар першага з размешчаных відэаролікаў. — Я вырашыў выказацца, таму што нікога з маіх родных, хто прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, сёння няма ў жывых. 9 Мая адзначаецца як самае галоўнае свята ў маёй сям’і, бо мае родныя прымалі ўдзел у той вайне і цаной свайго жыцця набліжалі Перамогу. Бацькі часта расказваюць мне пра вайну, асабліва маці. Мой прадзед Мікалай Захаравіч Стабронік прапаў без вестак падчас абароны Брэсцкай крэпасці. Яго жонка Лізавета Кузьмінічна з дачкой Дзіначкай, маёй бабуляй, засталіся на акупіраванай тэрыторыі. Ад бамбёжак яны хаваліся ў склепе, было вельмі страшна і голадна. Калі ў вёску ўвайшлі фашысты, да іх у хату засялілі нямецкага афіцэра з аўчаркай. Сабаку добра кармілі: давалі суп, мяса, кашы. Маленькая Дзіначка заў­сёды была напаўгалоднай і, не ведаючы страху, падпаўзала да сабачай міскі, ела адтуль. Сабака дазваляў ёй паесці, а потым еў сам. Немцы збіраліся пасмяяцца, гледзячы, як дзіця есць з сабачай міскі. Цяжка перажылі гады акупацыі Лізавета з дачкой, але выжылі і дачакаліся вызвалення ад фашыстаў. Я не хачу, каб вайна яшчэ раз паўтарылася. Няхай заўсёды будзе мір на зямлі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 2 Оршы.