Каб квітнела родная зямля

- 10:57Віцебшчына

На наступным тыдні ў Аршанскім раёне адкрыецца рэгіянальны інфармацыйны цэнтр па пытаннях абыходжання са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і небяспечнымі хімічнымі рэчывамі. Напярэдадні ў рамках прэс-туру мы завіталі ў Копыскі дзіцячы сад — сярэднюю школу, на базе якой рэалізуецца праект.

Гарадскі пасёлак на маляўнічым узбярэжжы Дняпра сёння імкліва развіваецца. У абліччы Копысі арганічна спалучаюцца помнікі-сведкі старажытнай мінуўшчыны, нетаропкая, размераная руплівасць вясковага жыцця і сучасныя тэхналогіі. Ісці ў нагу з часам або нават на некалькі крокаў апераджаць яго, а разам з тым захоўваць традыцыі продкаў — прынцып жыцця пасёлка будучыні. І, безумоўна, яго адукацыйнага і культурна-асветніцкага цэнтра — мясцовай школы. Матэрыяльна-тэхнічным рэсурсам установы адукацыі можна па-добраму пазайздросціць. На прышкольнай тэрыторыі цешаць вока прыгожыя клумбы, альтанкі, дагледжаныя газоны. Бадзёра гудзе крыху наводдаль міні-трактар, нястомны працаўнік і памочнік. Захапленне ў дзятвы выклікаюць футбольнае поле і бегавыя дарожкі са спецыяльным штучным пакрыццём, інтэрактыўная пляцоўка па навучанні правілам дарожнага руху, вулічныя трэнажоры, выдатная хакейная пляцоўка. Абсталяванне вучэбных класаў, спартыўнай і актавай залаў, утульнай сталовай таксама адпавядае самым сучасным крытэрыям. Усё гэта — плён маштабнай дзяржаўнай падтрымкі, спонсарскай дапамогі і вялікай працы педагагічнага калектыву. Значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу дазволіла перамога школы ў конкурсе праектаў Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду.

— Мы прапанавалі стварыць першы ў рэспубліцы рэгіянальны інфармацыйны цэнтр, які будзе спецыялізавацца на інфармаванні грамадзян аб праблеме стойкіх арганічных забруджвальнікаў, прыцягненні мясцовага насельніцтва да ўдзелу ў даследаваннях, правядзенні практычных семінараў па тэме ўплыву небяспечных хімічных злучэнняў на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей, укараненні перадавых тэхналогій і рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на пераадоленне экалагічных наступстваў прымянення пестыцыдаў і павышэнне адукацыйнага ўзроўню мясцовага насельніцтва ў пытаннях экалогіі і хімічнай бяспекі, — праінфармавала куратар праекта намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Людміла Лушчаева. — У якасці сувыканаўцаў праекта выступілі ўстанова па ахове прыроды “Экалагічная сфера” і Копыскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Аршанскага раёна.

Стойкія арганічныя забруджвальнікі — небяспечныя хімічныя рэчывы з высокай таксічнасцю. Міжнароднай супольнасцю праблема САЗ вызначана як глабальная экалагічная пагроза, якая патрабуе прыняцця неадкладных мер па яе ліквідацыі. У 2001 годзе Стакгольмскай канвенцыяй вызначаны 12 самых небяспечных сінтэзаваных рэчываў, на цяперашні час гэты пералік уключае 24 найменні. У Беларусі інфармацыйна-асветніцкая работа ў галіне абыходжання з САЗ з’яўляецца адной з прыярытэтных задач дзяржаўнай праграмы “Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў” на 2016—2020 гады. Набытыя ў рамках праекта хімічныя лабараторыі дазваляюць як у школе, так і ў палявых умовах праводзіць аналізы на выяўленне хімічных злучэнняў у вадзе, глебе, раслінах. На прышкольным участку распачаты эксперымент па вырошчванні раслін з прымяненнем розных відаў угнаенняў і без іх; восенню ўраджай правераць на ўтрыманне шкодных хімікатаў. Даныя эксперыментальных даследаванняў сістэматызуюцца і апрацоўваюцца з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій, для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне.

— Месца для цэнтра выбрана невыпадкова, — акцэнтаваў увагу дырэктар школы Міхаіл Лебедзеў. — Копысь знаходзіцца на памежжы Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Міншчыны — нашу дзейнасць можна распаўсюдзіць на тры вобласці. Сельскагаспадарчая накіраванасць рэгіёна і актыўнае земляробства прыводзяць да інтэнсіўнага выкарыстання ў якасці ўгнаенняў пестыцыдаў, гербіцыдаў і іншых хімікатаў. Праз семінары, акцыі, інфармацыйна-практычныя заняткі да дзейнасці цэнтра падключыліся мясцовыя жыхары, асабліва зацікавілася моладзь. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі актывісты-валанцёры займаюцца выяўленнем несанкцыянаваных звалак і складоў з састарэлымі пестыцыдамі і хімікатамі, каб прыняць аператыўныя меры для іх ліквідацыі. Для акультурвання, навядзення парадку, рэкультывацыі тэрыторый пасля ліквідацыі несанкцыянаваных звалак адходаў мы набылі міні-трактар. Пакуль такая работа вядзецца ў найбліжэйшым наваколлі, але неўзабаве яе радыус павялічыцца. У перспектыве мы мяркуем далучыцца да праекта “Зялёная школа”. У нашай установе адукацыі створаны спрыяльныя ўмовы для размяшчэння і падрыхтоўкі груп навучэнцаў у фармаце летніх акадэмій: магчымай і пажаданай бачыцца арганізацыя профільных летніх лагераў для дзяцей і моладзі па пытаннях абыходжання з САЗ і небяспечнымі хімічнымі рэчывамі. Копысь — магутнае і прыгожае зялёнае дрэва. Але каб яно і надалей квітнела, патрэбны агульныя намаганні.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.