Каб любіць Беларусь…

“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…” — так пяецца ў вядомай песні Ігара Лучанка на словы Алеся Ставера. Канечне, паэт у сваім вершы меў на ўвазе краіны блізкага ці далёкага замежжа, але ўпэўнены, што вучням трэба найперш ведаць родны край. І не па словах настаўніка ці віртуальных фотаздымках, а пры дапамозе займальных краязнаўчых падарожжаў.

Да гэтай думкі я прыйшоў, калі толькі пачынаў педагагічную дзейнасць. Як гісторык і сам цікавіўся падарожжамі, таму, калі стаў класным кіраўніком, вырашыў заахвоціць вучняў да ўдзелу ў краязнаўчых экскурсіях. І так атрымалася, што я і мае пяцікласнікі сталі аднадумцамі ў гэтай цікавай і карыснай справе.

Першае падарожжа мы ажыццявілі ў 2013 годзе, накіраваўшыся ў Ружаны, дзе нас чакаў знакаміты беларускі Версаль. Палацавы комплекс Сапегаў заўсёды прыцягваў увагу наведвальнікаў моцным энергетычным уздзеяннем. Гэта асаблівае месца, што вучні адчулі адразу. Да Ружан мы пабывалі ў Брэсцкай крэпасці і Белавежскай пушчы, наведалі Мір і Нясвіж. Але гэта былі традыцыйныя школьныя экскурсіі, якія мелі мала агульнага з краязнаўствам. Усё пачалося менавіта з Ружан.

Потым былі палац Пуслоўскіх у Косаве, дом-музей Тадэвуша Касцюшкі і езуіцкі калегіум у Пінску. Лічу, што займацца краязнаўствам трэба пачынаць з наведвання родных мясцін. Таму шматлікія падарожжы па Брэстчыне сталі для мяне і маіх вучняў пачаткам вялікай экскурсійнай дзейнасці, якая працягваецца да сённяшняга часу.

Якія мясціны ўразілі маіх выхаванцаў больш за ўсё? Я гэта дакладна ведаю, бо пасля кожнага падарожжа хлопчыкі і дзяўчынкі пішуць водгукі і выказваюцца, ці спадабалася ім экскурсія, якую карысць яна ім прынесла і куды яшчэ яны хацелі б адправіцца. Менавіта з сачыненняў я даведаўся, што вучням вельмі спадабаліся гомельскі парк і палац Румянцавых-Паскевічаў, які ўпрыгожвае горад над Сожам, маляўнічы Крэўскі замак і першы мураваны храм на тэрыторыі Беларусі — знакаміты Сафійскі сабор у Полацку.

Адным з самых цікавых і ўражальных стала падарожжа ў Віцебск, на малую радзіму сусветна вядомага мастака Марка Шагала. Яго дом-музей і арт-цэнтр з выдатным відам на раку не могуць пакінуць абыякавым нікога з наведвальнікаў. Нездарма мастак заўсёды заставаўся верным малой радзіме і ўсё жыццё ствараў яе выявы, нават у эміграцыі.

Сёння мае вучні ўжо ў 10 класе. За 5 гадоў, што мы побач, яны пабывалі ў розных мясцінах Беларусі, але іх прага да падарожжаў захоўваецца дагэтуль. Дзеці выдатна разумеюць: лепш адзін раз убачыць на ўласныя вочы, чым тысячу разоў пачуць ад настаўніка ці прачытаць у кнізе. Некаторыя вучні ўдзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, падчас якой працягваюць краязнаўчую адукацыю, наведваючы Хатынь, Нацыянальную бібліятэку, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, “Лінію Сталіна” і іншыя адметныя аб’екты нашай радзімы. У планах — пабываць у Магілёве, убачыць блакітную крыніцу ў Слаўгарадзе, Бабруйскую крэпасць і Налібоцкую пушчу.

Мае вучні ведаюць, што краязнаўчыя экскурсіі — гэта надзвычай цікава і карысна, бо яны дапамагаюць пазнаць родны край, наталіцца яго прыгажосцю, адчуць сябе сапраўдным патрыётам. На пытанне “Што трэба для таго, как любіць Беларусь?” кожны мой выхаванец адразу адкажа: “Трэба падарожнічаць па ёй і трэба яе ведаць!” Ведаць, каб любіць!

Юрый АРСЯНЮК,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 28 Брэста.