Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба… на гала-канцэрце “АРТ-вакацый” пабываць!

- 11:30Культура, Рознае

28 мая ў Малой зале Палаца Рэспублікі адбыліся цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” і гала-канцэрт лепшых творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў з ліку студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. 

Заключнае музычна-танцавальнае дзейства сёлетняга Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” стала яркім фэстам у фэсце, дэманстрацыяй усіх лепшых якасцей і здольнасцей беларускай студэнцкай моладзі. Гэта трэба было чуць і бачыць, з якім гонарам на самым пачатку канцэрта вядучыя прадстаўлялі студэнцтва сваіх абласцей, як велічна і ўзнёсла загучала магутная хваля студэнцкай творчасці, як з кожным новым нумарам яна мяняла настрой і тэмп, але не натхнёнасці і ўнутранай душэўнай сілы. І як лёгка, аж да здзіўлення лёгка, мянялі адна адну тэмы (удзячнасці героям-продкам, замілаванасці роднай культурай, студэнцкага жыцця з бяссоннымі начамі перад экзаменамі і рамантычнымі спатканнямі да світання), тым не менш падпарадкоўваючыся адной галоўнай тэме, сфармуляванай у дэвізе сёлетніх “АРТ-вакацый” — “Эпоха таленавітых — дыялог часу і творчасці”.

22 нумары гала-канцэрта — і што ні нумар, то новы ўдых і выдых. Так хацелася б пералічыць тут усіх выканаўцаў, але гэта проста немагчыма: пералік быў бы занадта доўгі. А кагось не ўзгадаць было б несправядліва, бо кожны быў цуд, і ўсе разам таксама былі цудам. Спаяным, знітаваным, едным.
І было відаць, як расчуліўся міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, калі выйшаў на сцэну, каб прывітаць удзельнікаў свята і ўручыць міністэрскія дыпломы і спецыяльныя прызы трыумфатарам. І ён сказаў, здаецца, вельмі важную рэч: “Я часта разважаю, параўноўваю нашу сістэму адукацыі з сістэмай адукацыі іншых краін. Безумоўна, калі бачыш, што нечага ў нас няма, што ёсць у іншых, іншым разам хочацца да гэтага дацягнуцца, хочацца гэта пераняць. Але потым думаеш: а ці не згубім пры гэтым мы тое, што ў нас ёсць, а чаго ў іх няма? Літаральна ўчора я сустракаўся з кіраўніком місіі Сусветнага банка ў Беларусі, і ён сказаў мне прыблізна так: “Таго, што робіцца ў вашай краіне для развіцця асобы, каб чалавек быў не толькі адукаваным, але і ўсебакова развітым, я не бачыў у іншых краінах”. Вы не ўяўляеце, як прыемна мне было гэта слухаць. І таму хочацца сказаць вялікі дзякуй кіраўнікам устаноў адукацыі і кіраўнікам творчых калектываў, нашым цудоўным майстрам мастацкай творчасці. І — асабліва — моладзі, якая, мне здаецца, займаючыся ў аб’яднаннях па інтарэсах мастацкай творчасцю, знаходзіць сябе не менш, чым у прафесійнай справе. Гэтыя людзі, я ўпэўнены, будуць запатрабаваны ў жыцці ў прафесійным плане, але, акрамя таго, яны будуць адчуваць сябе вельмі ўпэўнена”.

А намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, узрушыўшыся канцэртам, па-свойму дапоўніў словы вядомай песні: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць, а таксама пабываць на гала-канцэрце конкурсу “АРТ-вакацыі”!”
Канцэрт быў душэўны, прыгожы, высакародны… Ён заканчваўся словамі вядучых: “Мы — тэмп, мы — рытм, мы — стыль, мы — энергія, мы — пазітыў, мы — захопленасць, мы — дасціпнасць, мы — неўтаймаванасць, мы — творчасць, мы — каханне… Віват, студэнцтва! Віват, фестываль! Віват, “АРТ-вакацыі-2014”! Віват, “АРТ-вакацыі-2015”!”
Віват!

 

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.