Каб любіць Беларусь

Мэта і задачы: паглыбляць веды вучняў пра Беларусь, яе гісторыю, прыроду, культуру; развіваць маўленне, пазнавальную актыўнасць вучняў, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці; выхоўваць любоў да Радзімы, пачуццё гонару за свой край і народ.

Абсталяванне: палітыка-адміністра­цый­ная карта Беларусі; партрэты знакамітых беларусаў; паштоўкі з выявай беларускіх гарадоў; выявы жывёл і раслін нашага краю; Чырвоная кніга Беларусі; фотаздымкі беларускіх краявідаў.

Ход мерапрыемства

І. Арганізацыйны этап

Настаўнік. Мы — беларусы, наша краіна — Беларусь. Народаў і краін на свеце шмат. Кожная краіна, кожны народ адрозніваецца ад іншых мовай, звычаямі, адзеннем, знешнім выглядам. Кожны ча­лавек абавязкова павінен ведаць мову сваіх продкаў, культуру свайго народа. Сёння мы з вамі адправімся ў цікавае падарожжа па Беларусі. (Настаўнік паказвае план падарожжа, які суправаджаецца карцінамі беларускіх краявідаў.) А адправімся мы разам з Буслікам. Як вы думаеце, чаму з Буслікам? (Таму, што ў нашай краіне вельмі шмат буслоў; бусел — адзін з сімвалаў Беларусі.)

(Гучыць беларуская народная музыка, дзеці выконваюць танцавальныя рухі.)

Чытанне і аналіз твора П.Глебкі

О Беларусь, мая калыска,

Жыццё маё, прытулак мой!

З гарачаю любоўю нізка

Схіляюся перад табой.

Зямны паклон табе, радзіма,

Тваім палям, тваім лясам,

Тваім заводам з белым дымам,

Тваім гасцінцам і шляхам.

На спелых нівах ураджайных,

Ад краю ў край, ва ўсе канцы,

Махаюць крыламі камбайны,

Спяваюць жнеі і касцы…

ІІ. Станцыя “Гістарычная”

Настаўнік. Як дрэва не можа жыць без каранёў, так і народ не можа існаваць без сваёй гісторыі, культуры, сваіх сімвалаў памяці. А дзе знаходзіцца наша краіна? (Вучні разглядваюць карту свету і знаходзяць Беларусь.)

Першы вучань. Людзі прыйшлі на нашу зямлю падчас аднаго з пацяпленняў і пасяліліся на поўдні Беларусі. Гэта было больш за 40 тысяч гадоў назад. Чаму ўзнікла назва Беларусь, дакладна невядома. Адны кажуць, што белая, бо такім з’яўляецца колер ільнянога адзення і светлых валасоў жыхароў краіны. Іншыя лічаць, што белая — значыць вольная. Сапраўды, гэты колер ва ўсе часы быў сімвалам свабоднага жыцця. З даўніх часоў нашы продкі давалі адпор ворагу, строілі новае жыццё.

(Настаўнік расказвае пра вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, чаму Дзень Незалежнасці святкуецца 3 ліпеня.)

Беларусы навучыліся жыць у міры, любові, павазе да іншых людзей планеты.

Гісторыю сваёй краіны трэба ведаць для таго, каб лепш разумець сучаснасць, каб унесці свой уклад у росквіт нашай рэспублікі.

(Гучыць беларуская народная музыка, спыняемся ля станцыі.)

ІІІ. Станцыя “Батанічная”

Настаўнік.

Зямля Беларусі!

Бары і дубровы.

Жытнёвае поле,

шаўковы мурог.

У промнях рабіны

заход вечаровы,

Што клёкат буслоў —

ручаёў пералівы,

І ў шумных прысадах

стужкі дарог.

(П.Броўка.)

Другі вучань. Беларусь славіцца расліннасцю лясоў, лугоў, балот і вадаёмаў. Лясы, дарэчы, займаюць амаль трэцюю частку тэрыторыі краіны. У нашых лясах расце каля 30 відаў дрэў. Багаты і разнастайны жывёльны свет лясоў. Самая буйная рыба беларускіх вадаёмаў — гэта сом, які можа дасягаць 5 метраў у даўжыню.

Трэці вучань. На жаль, многія віды раслін і жывёл знікаюць з нашай зямлі. У 1979 го­дзе была створана Чырвоная кніга Беларусі, куды ўвайшлі звесткі пра рэдкія віды раслін і жывёл. У першае выданне Чырвонай кнігі было ўключана 80 відаў жывёл, а ў другім выданні, выпушчаным у 1993 годзе, было ўжо 182 віды.

“Краязнаўчы калейдаскоп”

Якое адно з галоўных багаццяў нашай краіны? (Лясы.)

Якое самае распаўсюджанае ў Беларусі дрэва? (Сасна.)

Які запаведнік на тэрыторыі нашай краіны лічыцца адным з самых старажытных у свеце?(Белавежская пушча.)

Якая жывёла лёгка перамяшчаецца па балотах, дзе іншыя патанулі б? (Лось.)

Якой істоце значна лягчэй бегчы на гару, чым з гары? (Заяц.)

Чаму? (Пярэднія ногі кароткія, а заднія — доўгія.)

“Зямля пад белымі крыламі” — так Ула­дзімір Караткевіч назваў сваю кнігу пра Беларусь. Пра крылы якой птушкі ідзе гаворка? (Бусел.)

Які самы магутны звер беларускіх лясоў? (Зубр.)

Беларусь часта называюць сінявокай. Чаму? (Шмат азёр і рэк.)

Якія самыя вялікія рэкі на тэрыторыі Беларусі? Пакажыце іх на карце. (Дняпро, Прыпяць, Нёман, Заходняя Дзвіна.)

Якое самае вялікае возера Беларусі? (Нарач.)

(Гучыць беларуская народная музыка, спыняемся ля станцыі.)

ІV. Станцыя “Геаграфічная”

Настаўнік. Як пісаў Францыск Скарына, людзі, дзе нарадзіліся і ўзгадаваліся, да таго месца вялікую ласку маюць. Існуе шмат легенд пра беларускія гарады. Паслухаем некаторыя з іх.

(Вучні расказваюць легенды пра Касцюковічы, Магілёў, Мінск, Полацк.)

(Гучыць беларуская народная музыка, спыняемся ля станцыі.)

V. Станцыя “Фальклорна-літа­ратур­ная”

Настаўнік. Песня і казка, як у крышталі, свету пакажуць тайныя далі. У беларусаў надзвычай многа песень, казак, танцаў, паданняў, прыказак і прымавак, загадак. Мы не ведаем аўтараў гэтых твораў, бо яны вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне і захаваліся ў памяці народа. Вусная народная творчасць — гэта мастацтва слова, якое абазначаецца словам “фальклор”.

(Дзеці выконваюць беларускі народны танец “Юрачка”.)

Настаўнік. У літаратурным творы аўтар заўсёды вядомы. Самыя знакамітыя беларускія пісьменнікі — Янка Купала і Якуб Колас. (Настаўнік паказвае іх партрэты.)

Інсцэніроўка верша Янкі Купалы “Сын і маці”

(Гучыць беларуская народная музыка, спыняемся ля станцыі.)

VІ. Станцыя “Творчая”

Настаўнік. Наш Буслік падрыхтаваў для вас заданні:

Складзі прыказкі

Радзімы, без, чалавек, салавей, што, песні, без. (Чалавек без Радзімы, што салавей без песні.)

Птушкі, для, сваёй, усякай, гняздо, мілае. (Для ўсякай птушкі сваё гняздо мілае.)

Мілы, свой, куток, кожнаму. (Кожнаму свой куток мілы.)

Закончы прыказку

Як мы да людзей, так і людзі … … (да нас).

Няма лепшай хаткі, як … … … (у роднай маткі).

Родная зямля мякчэйшая за … … (чужую пярыну).

Пры сонейку цёпла, пры … … (матулі добра).

Хто за Радзіму гарой, … … … (той сапраўдны герой).

Настаўнік. Вось і скончылася наша падарожжа. Мы зноў у класе, у нашай роднай вёсцы. А ці ведаеце вы легенду пра вёску?

(Вучні расказваюць легенду пра родную вёску.)

Падрыхтавала Тамара ШУМІЛІНА,
настаўніца пачатковых класаў
Сялецкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.