Каб максімальна выкарыстоўваць патэнцыял жанчын, трэба скараціць іх двайную занятасць

- 12:45Інфармацыйная гадзіна

Патэнцыял жанчын у эканоміцы раскрыецца больш, калі павышаць удзел мужчын у выхаванні дзяцей і дамашніх справах. Такое меркаванне выказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч перад адкрыццём Міжнароднага форуму жанчын-лідараў.

“Беларусь можа пахваліцца дастойнымі вынікамі: па індэксе гендарнага разрыву мы займаем 26-е месца сярод 144 краін. Ёсць вынікі ў адукацыі, на рынку працы, у прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў і адносна месца жанчыны ў сям’і, — сказала Ірына Касцевіч. — Цяпер перад намі ўсё яшчэ стаіць задача па пашырэнні эканамічных магчымасцей жанчын. А каб максімальна выкарыстоўваць патэнцыял жанчын, трэба скараціць іх двайную занятасць”.

Міністр растлумачыла, што сёння ў сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці да 10 гадоў, жанчына траціць у 2,5 разу больш часу на дамашнія клопаты і догляд дзяцей, чым мужчына. “А значыць, нам трэба падняць ролю мужчыны ў сям’і. Прэстыж бацькоўства і разуменне ролі бацькі важна павысіць не толькі ў грамадстве, але і непасрэдна сярод мужчын”, — падкрэсліла Ірына Касцевіч.

Паводле яе слоў, істотных перашкод для самарэалізацыі жанчын у палітыцы, бізнесе няма. Інструменты падтрымкі бізнесу, дзеючыя ў краіне, накіраваны на ўсіх у аднолькавай ступені. “Мы бачым, што ў Нацыянальным сходзе амаль 35 працэнтаў жанчын, яны таксама складаюць палову занятых у эканоміцы”, — адзначыла Ірына Касцевіч.

Акрамя таго, яна прадставіла партрэт сучаснай сярэднестатыстычнай беларускі. Гэта гарадская жыхарка 42 гадоў з вышэйшай адукацыяй, якая актыўна займаецца спортам, карыстаецца інтэрнэтам, у 26 гадоў выходзіць замуж, а ў 27 упершыню нараджае. І гэты партрэт на фоне іншых еўрапейскіх краін выглядае дастойна.

Міжнародны форум накіраваны на садзейнічанне гендарнай роўнасці, жаночаму лідарству і ўдзелу жанчын у палітычным і грамадскім жыцці. Яго арганізатарамі выступаюць Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ў партнёрстве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз жанчын”, агенцтвамі ААН, Еўрасаюзам. Гэта ўжо другое такое мерапрыемства, праведзенае ў Рэспубліцы Беларусь. Першы Міжнародны форум жанчын-лідараў адбыўся ў чэрвені 2016 года.