Каб мова беларуская гучала

- 17:44Нам пішуць

“Каб мова беларуская гучала” — пад такім дэвізам прайшоў Дзень беларускай мовы ў яслях-садзе № 6 Смаргоні.

У межах беларускамоўнага дня педагогі падрыхтавалі для выхаванцаў шэраг мерапрыемстваў. Прайшла акцыя “Гавары са мной па-беларуску”, да якой далучыліся бацькі. Музычныя кіраўнікі распрацавалі гульню-падарожжа “Беларусь мая сінявокая”, удзел у якой з задавальненнем узялі выхаванцы сярэдняга і старэйшага ўзросту. На тэрыторыі дзіцячага сада была арганізавана выстава дзіцячых малюнкаў на беларускую тэматыку. На працягу ўсяго дня ва ўстанове гучалі беларускія народныя песні, сучасная папулярная музыка.

Мерапрыемствы мелі на мэце папулярызаваць і пашыраць сферу выкарыстання беларускай мовы ў дзіцячым калектыве, развіваць пазнавальную актыўнасць і любоў да роднай мовы. З дапамогай беларускіх персанажаў выхавальнікі стваралі камунікатыўныя сітуацыі для зносін дзяцей на беларускай мове. Такім чынам, беларуская мова гучала ва ўсіх узроставых групах.

Правядзенне дзён роднай мовы дае магчымасць нагадаць, што мы — беларусы, а нашая родная мова — беларуская. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне і суправаджае ўсё жыццё.

Ірына ГАЎРЫЛІК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 6 Смаргоні.