Каб мова родная гучала

- 11:20Людзі адукацыі

З чаго пачынаецца павага да Радзімы, да роднай зямлі, да сям’і? Відавочна, што з любові і павагі да роднага слова, да беларускай мовы. Але ці магчыма сучасным школьнікам прывіць гэтыя пачуцці? І калі магчыма, як зрабіць так, каб гэта выглядала ненавязліва і цікава? Вольга Іванаўна Сакалова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Бігосаўскай сярэдняй школы Верхнядзвінскага раёна, для папулярызацыі і распаўсюджвання роднай мовы выкарыстоўвае падчас правядзення ўрокаў актыўныя метады і формы, якія заўсёды прыносяць станоўчы вынік.

Вольга Іванаўна Сакалова расказала, што прафесія настаўніка, з якой яна ідзе па жыцці, не выпадковасць. Калі была маленькай, марыла стац­ь міліцыянерам, але, на шчасце, усё змянілася, калі дзяўчынка пай­шла ў школу. Вялікае ўражанне на вучаніцу аказалі яе настаўнікі — выкладчыца гісторыі Сцепаніда Кузьмінічна Кузьмічонак, класны кіраўнік настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Маркіянаўна Клопава і настаўніца рускай мовы і літаратуры Зінаіда Піліпаўна Баро­дзіч.

У 1983 годзе Вольга Сакалова (тады Бондал) паступіла ў педагагічны каледж, але не вучылася ў ім: яе запрасілі працаваць у школу выхавальніцай групы прадоўжанага дня. Праз год Вольга Іванаўна паступіла на завочнае аддзяленне ў сённяшні Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава (раней Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя С.М.Кірава).

“Беларуская мова прысутнічала ў маім жыцці з дзяцінства, уся сям’я, уся вёска размаўляла на роднай мове, — гаворыць Вольга Іванаўна. — І тыя трапныя выслоўі, якія існавалі ў мове, заўсёды чаплялі. Пасля заканчэння ўніверсітэта пачала выкладаць беларускую мову ў школе”.

У сваёй рабоце Вольга Сакалова выкарыстоўвае разнастайныя метады выкладання, сярод якіх гутаркі, назіранне, сама­стойная работа, моўны аналіз, інтэрв’ю, асацыяцыі, практыкаванні на завяршэнне фразы і шмат іншых. Метад работы з дзецьмі зале­жыць ад падрыхтаванасці класа і зацікаўленасці саміх навучэнцаў.

Штогод вучні Вольгі Іванаўны ўдзельнічаюць у алімпіядах, на якіх займаюць прызавыя месцы. У 2018/2019 навучальным годзе вучаніца 9 класа Марыя Шкляр на заключным этапе алімпіяды па беларускай мове атрымала дыплом ІІІ ступені. Акрамя алімпіяд, навучэнцы Вольгі Сакаловай прымаюць удзел у іншых спаборніцтвах, сярод якіх інтэлектуальны конкурс “Буслік”, конкурс чытальнікаў, конкурс “БрамаМар”, конкурс эпісталярнага жанру, дыстанцыйныя алімпіяды і інш.

Разважаючы над пытаннем пра тое, як дзецям прывіць любоў да прадмета і да беларускай мовы, настаўніца гаворыць, што павага да роднага слова закладваецца ў сям’і. Што тычыцца настаўніка, тут адной любові да прадмета мала. Педагог павінен бачыць у кожным з вучняў асобу са сваім прызваннем, сваім жыццёвым шляхам. Настаўнік павінен даць навучэнцам магчымасць праявіць уласнае “Я”, наву­чыць кожнага з іх думаць, аналізаваць, адстойваць сваю жыццёвую пазіцыю.

Зрэшты, дасягнуць такога балансу настаўніцы дапамагае дэвіз, з якім яна кожны дзень заходзіць у клас на ўрок: спачатку любіць, як родных, а потым вучыць.

Наталля САХНО.