Каб мова родная гучала

У выхавальніцы ясляў-сада № 35 Гродна Святланы Іванаўны Парахоўнік ёсць цудоўнае хобі — прыдумваць вершы для сваіх выхаванцаў на беларускай мове. Педагог стварыла аўтарскі зборнік вершаў і рухавых гульняў для дзяцей “Каб мова родная гучала” і аформіла яго як кнігу з каляровымі малюнкамі і фотаздымкамі. Дапоўніла зборнік відэаролікамі, у якіх дзеці чытаюць на памяць вершы і гуляюць у рухавыя гульні. Сваю работу Святлана Іванаўна прадставіла на І Абласным фестывалі педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі “Дашкольная адукацыя — інвестыцыі ў будучыню” ў кастрычніку мінулага года.

Праз месяц у гродзенскім выдавецтве выйшла кніга вершаў педагога для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Прывітанне з Гродна”.

Беларускую мову Святлана Іванаўна стала выкарыстоўваць у сваёй прафесійнай дзейнасці з таго моманту, як у 1989 годзе пераступіла парог дзіцячага сада ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна. А да гэтага вывучала яе на дашкольным аддзяленні ў Гродзенскім музычна-педагагічным вучылішчы, затым — у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага, дзе атрымала спецыяльнасць “Педагогіка і псіхалогія дашкольная”.

“Сучасныя дзеці рэдка чуюць беларускую мову ў штодзённым жыцці, у іх бедны слоўнікавы запас, — адзначае Святлана Іванаўна. — Педагогі ясляў-сада № 35 Гродна, разумеючы ўсю важнасць гэтай праблемы, нягледзячы на тое, што ўстанова рускамоўная, шмат увагi ўдзяляюць развiццю беларускага маўлення выхаванцаў, не даюць забыць аб вытоках нацыянальнай культуры, яе традыцыях, фальклоры, прывіваюць дашкольнікам пачуццё грамадзянскасці, любові да Радзімы”.

Чацвер ва ўстанове — заўсёды дзень беларускай мовы, калі ўсе заняткі з выхаванцамі сярэдняй і старшай груп педагогі праводзяць па-беларуску. Са сваімі падапечнымі Святлана Іванаўна размаўляе на роднай мове як на занятках, так і ў свабоднай дзейнасці, падчас гульняў. Вучыць іх простым “ветлівым” словам — “калі ласка”, “дзякуй”, “добры дзень” і інш. Па-беларуску звяртаецца з просьбамі: “прынясіце ляльку”, “збярыце цацкі”, “дапамажыце сябру”… Калі хтосьці з дзяцей не разумее сэнс новых для сябе слоў, педагог падрабязна яго растлумачвае. Святлана Іванаўна прыдумала цікавую забаву для выхаванцаў — “збіраць” у групе скарбонку беларускіх слоў, пры гэтым акцэнт робіць на словах, не сугучных з рускай мовай, напрыклад: “сукенка”, “шкарпэткі”, “нагавіцы”, “цукерка”, “шклянка”.

Святлана Іванаўна займаецца з дзецьмі тэатральнай дзейнасцю, драматызуе беларускія казкі, вершы, ставіць невялікія сцэнкі з выкарыстаннем прыёмаў розных відаў тэатраў. Педагог стварае мадэлі дзіцячых касцюмаў для танцаў, пастаноўкай якіх займаецца, складае сцэнарыі дзіцячых і дарослых свят і сама з задавальненнем прымае ў іх удзел. Вынікі работы прадстаўляе бацькам падчас святочных мерапрыемстваў у музычнай зале або на бацькоўскіх сходах.

“На працягу мінулага і бягучага тыдня калектыў нашай установы прымаў удзел у дэкадзе, прысвечанай святкаванню Мiжнароднага дня роднай мовы “Край родны і сэрцу дарагі”, — гаворыць педагог. — Тэматычныя кірункі, якія мы з калегамі выбралі пры падрыхтоўцы да мерапрыемстваў, — дзяржаўныя сімволіка і святы, беларускія краявіды, нацыянальнае адзенне і таямніцы арнаменту, нацыянальная кухня, беларуская цацка, традыцыі, фальклор для дзяцей і народныя гульні. Педагогі рыхтавалі канспекты заняткаў і гутарак па тэме, падборку гульняў для дзяцей і кансультацый для дарослых. Падчас дэкады роднай мовы дашкольнікі даведаліся пра прадметы народнага побыту, беларускай народнай вопратцы, звычаі і традыцыі, звесткі аб паходжанні беларусаў, пазнаёміліся з картай нашай краіны, з беларускімі музычнымі кампазіцыямі, прынялі ўдзел у інсцэніроўках народных казак, чытанні беларускіх твораў і разгадванні загадак. Прайшлі выстава сумеснай творчасці дзяцей і бацькоў, экскурсiя ў бiблiятэку.

Бацькі прынялі ўдзел у анлайн-галасаванні “Цi чытаеце вы дзецям па-беларуску?”, якое прайшло на сайце ўстановы, і ў акцыі “Чытаем дзецям па-беларуску”, калі дарослыя чыталі малышам уголас кнігі на роднай мове і гэты працэс захавалі на фота і вiдэа. Да выхаванцаў ясляў-сада ў госці прыходзілі знакамітыя гродзенцы: паэт Віктар Сямёнавіч Кудлачоў і празаік Ірына Васільеўна Фамянкова. Дзеці выступілі перад творцамі з іх вершамі і песнямі на іх словы, паказалі інсцэніроўку казкі “Страчаны флікер” В.Кудлачова. На развітанне атрымалі ад гасцей аўтографы”.


Ведаючы пра цікавасць Святланы Іванаўны Парахоўнік да беларускай тэматыкі, загадчыца ясляў-сада Алена Станіславаўна Жэгала прапанавала ёй прадставіць установу на абласным фестывалі педагагічных работнікаў. У той момант Святлана Іванаўна толькі пачала працаваць з групай трохгадовых дзетак, якія зусім не размаўлялі па-беларуску. Тым не менш ад прапановы не адмовілася. Перагледзела стос літаратурных твораў для дашкольнікаў на беларускай мове. У большасці сваёй яны былі разлічаны на дзяцей 5—6 гадоў. Твораў для самых маленькіх знайшлося няшмат. Таму яна пачала складаць для малышоў забаўныя чатырохрадкоўі, даступныя для іх па змесце і лёгкія для запамінання. Творчы працэс педагог параўноўвае з прыгодніцкім падарожжам, яна заўважыла, што калі пішаш на роднай мове, то пачынаеш на ёй думаць і размаўляць. Чым глыбей яе вывучаеш, тым хутчэй на памяць прыходзяць мілагучныя трапныя беларускія слоўцы, што рыфмуюцца ў прыгожыя радкі.

Цыкл вершаў пра лета, напрыклад, нарадзіўся падчас прагулак педагога з дзецьмі. Святлана Іванаўна запісала відэаролік, на якім выхаванцы, трымаючы ў руках салодкія яблыкі і грушы, дэкламуюць на памяць вершы. Першы з іх — “Яблыкі для Машы” (Вось якія яблыкі // У садочку нашым. // Іх збіраем у траве // Для сяброўкі Машы). Пасля прагучаў верш “Салодкія сябры” (Яблык з грушай сябравалі. // Людзям “Добры дзень” казалі. // Сонейка святло лавілі, // Дзетак сокам напаілі) і г.д. Таксама педагог прыдумала вершаваную казку “Прыгоды яблыка і грушы”, якую гэтай восенню плануе паставіць з дзецьмі.

У кнігу вершаў для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Святланы Парахоўнік “Прывітанне з Гродна” ўвайшлі 27 вершаў пра родны горад і поры года, пра грыбы і ягады, жывёл, кветкі і дзіцячыя захапленні, а таксама вершы, адрасаваныя матулі, вершаваныя пальчыкавыя гульні і вершаваная казка. Верш “Песня дажджу” быў пакладзены на музыку загадчыцай установы. А Святлана Іванаўна падрыхтавала ўжо другі вершаваны зборнік.

Асаблівую цікавасць уяўляюць распрацаваныя педагогам да вершаў рухавыя гульні. Назва гульні “Вадзянік” гаворыць сама за сябе. Для яе падабраны спецыяльныя вершаваныя словы, з якімі дзеці звяртаюцца да Вадзяніка і просяць: “Пагуляй ты з намі трошкі і схапі хутчэй за ножку”. Падчас гульні выхавальніца размотвае доўгую гумку, а дзеці, ідучы па крузе, ставяць за яе нагу, прыгаворваючы гэтыя словы. У сярэдзіне круга сядзіць Вадзянік, які, раптам прачнуўшыся, хапае за нагу таго, хто не паспеў выскачыць з-за гумкі.

Гульня “Знайдзі дрэва” дапамагае замацаваць у памяці назвы дрэў, развівае ўвагу і хуткасць. Дзеці ідуць адно за адным ланцужком, вымаўляючы вершаваныя словы хорам. Час ад часу прыслухоўваюцца да вядучага, які раптам называе дрэва, да якога ўсе павінны бегчы.

У гульні “Хто хутчэй збярэ бульбу” дзеці ў складзе 2 каманд знаходзяцца каля абручоў з бульбай. Разам гавораць вершаваныя словы і перадаюць адно аднаму па бульбіне, якую кладуць у вядро. Перамагае тая каманда, якая хутчэй справіцца з задачай.

Мэта рухавай гульні “Прайдзі па мосце” — навучыць дашкольнікаў каардынаваць свае рухі. Дзеці па адным ідуць па дошцы або шнуры, якія размешчаны на падлозе, і чытаюць верш. Падчас гульні “Зробім як птушкі” выхаванцы выконваюць рухі ў адпаведнасці са словамі верша: скачуць як птушачкі, падымаюць правую і левую руку ўгору, бегаюць, махаюць рукамі.

Гуляючы ў “Кветкі і садоўнікі”, выхаванцы-“кветкі” (на галоўках у дзяцей пялёсткі-шапачкі макаў, рамонкаў, сланечнікаў) стаяць у акружэнні аднолькавых кветак. Вядучы чытае верш, а “садоўнікі” ходзяць з палівачкамі вакол сваіх кветак. “Садоўнікі” сядаюць адпачываць, а “кветкі” пачынаюць разыходзіцца па лузе і перамешваюцца. Па сігнале вядучага “Знайдзіце сваю кветку!” выхаванцы павінны сабрацца ў свае кругі. Перамагаюць дзеці, якія зрабілі круг хутчэй.


“Лічу, што для любога педагога самае галоўнае — уменне любіць тых, каго ён вучыць. Тады і радасць будзе ад сваёй працы. Толькі так можна стаць сапраўдным творцам, цікавым не толькі дзецям, але і ўсім людзям. Я вельмі люблю дзяцей і ў адказ адчуваю іх шчырыя даверлівыя адносіны да мяне, — гаворыць выхавальніца. — Заўсёды стаўлюся да дзіцяці як да асобы са сваімі патрэбамі, жаданнямі і магчымасцямі, дапамагаю выявіць здольнасці кожнага і звяртаю ўвагу бацькоў на таленты дзяцей, на тое, як іх трэба развіваць”.

З дапамогай немудрагелістых гульняў і вершаў Святланы Іванаўны родная мова для дзяцей становіцца блізкай і зразумелай. Пад уплывам заняткаў у садзе некаторыя малышы просяць бацькоў пагуляць з імі ў тыя гульні, пра якія яны даведаліся ва ўстанове, або пачытаць кнігу па-беларуску. Для Святланы Іванаўны гэта лепшы вынік работы, якога толькі можна чакаць. Убачыўшы сапраўдную цікавасць дзяцей да беларускага слова, яна нават прысвяціла гэтаму наступныя радкі: “Пачытай мне, мама, вершы, // Бо не ўмею я сама, // Ды на роднай нашай мове, // Хай гучыць сёння яна. // Пачытай пра горад Гродна, // Пра маленькіх жыхароў, // Пра прыроду Беларусі // І лясных яе звяроў. // А калі я навучуся // Ў словы літары складаць, // Буду ўжо я самастойна // Вершы гэтыя чытаць”.


Святлана Іванаўна мае не адно захапленне. Яна вышывае прыгожыя карціны крыжыкам і бісерам, выкладвае карціны алмазікамі, шые і вышывае навагоднія цацкі для ёлкі. Дзяцей старшай групы таксама вучыць вышываць простым пяцельчатым швом і бісерам. Малыя ствараюць вясновыя кветкі, сонейка, выявы жывёл і насякомых, афармляюць работы ў рамкі з кардону і дораць на святы сваім родным і блізкім. У снежні мінулага года ў дашкольнай установе прайшла выстава вышытых карцін і навагодніх цацак ручной работы Святланы Парахоўнік. Педагог вяжа пруткамі і кручком, выпякае смачныя тарты і пірагі, робіць мыла ручной работы. У вольны час катаецца на веласіпедзе, на каньках і лыжах, плавае, збірае грыбы і ягады, падарожнічае. І з задавальненнем здымае відэаролікі і маленькія фільмы аб дашкольным жыцці, якія потым выкладвае на сваім YouTube-канале і прапануе паглядзець бацькам выхаванцаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.