Каб напіцца чыстай вадзіцы

Важнасць вады для чалавека і прыроды немагчыма пераацаніць. Ад таго, якую ваду мы п’ём, залежыць і наша здароўе, і наша жыццё. Гэта добра разумеюць у Барысаўскім цэнтры экалогіі і турызму. Клопат пра чысціню пітной вады ў раёне прынесла педагогу і кіраўніку навуковага таварыства Алене Шубара і яе навучэнцам шырокую вядомасць у навуковых колах. На мінулым тыдні ў скарбонку перамог у конкурсах па экалогіі адзінаццацікласніца Ганна Казлова дабавіла яшчэ і “золата” Міжнароднага конкурсу экалагічных праектаў навучэнцаў (кірмаша) International Science and Invention Fair (ISIF) 2021, які прайшоў у Інданезіі.

Ганна Казлова — адна з самых актыўных удзельніц навуковага таварыства навучэнцаў “Экалогія і чалавек”. Ужо 4 гады пад кіраўніцтвам Алены Віктараўны яна праводзіць свае даследаванні. І асноўная іх тэматыка — водная.
Сутнасць яе праекта “Нябачная пагроза: нітраты ў пітной вадзе” — у маніторынгу пітной вады ў калодзежах і крыніцах Барысаўскага раёна на ўтрыманне нітратаў і высвятленне магчымых крыніц забруджвання. Па словах дзяўчыны, сёння гэта самая актуальная праблема тэрыторый з развітой сельскай гаспадаркай.

“Вада — гэта вельмі каштоўны рэсурс, які, на жаль, заканчваецца на нашай планеце. І для мяне важна паспрыяць захаванню вады і палепшыць яе якасць”, — абгрунтоўвае свой “водны” інтарэс Ганна Казлова. — Мая мэта — прыцягнуць увагу звычайных жыхароў, у якіх ёсць калодзежы, да праблемы воднага забруджвання і паказаць: часам іх перакананне, што яны п’юць крыштальна чыстую ваду, памылковае. Мы ездзілі па вёсках раёна, дзе расказвалі мясцовым жыхарам пра важнасць маніторынгу, выдавалі ім тэст-палоскі, каб яны змаглі праверыць утрыманне нітратаў у сваіх калодзежах, а потым фіксавалі іх паказчыкі. Пры перавышэннях мы рэкамендавалі гаспадарам калодзежаў звярнуцца ў раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі для пацвярджэння даных і праверкі якасці пітной вады, а таксама давалі ім канкрэтныя парады. Напрыклад, у аднаго з жыхароў калодзеж быў у дрэнным тэхнічным стане. Калі ён па нашай рэкамендацыі пабудаваў для калодзежа гліняны замок і зрабіў для яго накрыўку, колькасць нітратаў у ім зменшылася ў 2 разы”.

Маніторынг утрымання нітратаў у пітной вадзе праводзіўся на тэрыторыі 18 населеных пунктаў Барысаўскага раёна на працягу апошніх 3 гадоў. За гэты час было ўзята 550 проб пітной вады на ўтрыманне нітратаў з 47 калодзежаў, свідравін і крыніц. Было выяўлена, што ў 20 з 47 крыніц перавышэнне гранічна дапушчальнай нормы нітратаў склала 2—10 разоў! Юныя даследчыкі разам са сваім кіраўніком выявілі магчымыя крыніцы нітратнага забруджвання і асноўныя фактары, якія паспрыялі гэтаму.

Па словах А.В.Шубара, гэтае даследаванне дасць магчымасць у далейшым распрацаваць комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні забруджвання прыродных вадаёмаў на тэрыторыі Барысаўскага раёна і ў цэлым навакольнага асяроддзя, што мінімізуе ўздзеянне няякаснай пітной вады на здароўе чалавека.
Але чыстая вада патрэбна штодня, а не толькі потым. Таму юныя даследчыкі рэкамендуюць не чакаць і ўжо сёння ачышчаць ваду для піцця.

Ачысціць ваду ад мікраарганізмаў дапаможа кіпячэнне, а вось ад забруджвання вады нітратамі пазбавіцца складаней. Трапляючы ў арганізм, нітраты ператвараюцца ў вельмі таксічныя нітрыты, якія павышаюць рызыку ўзнікнення раку, пры гэтым узнікае пагроза кіслароднага галадання, якое адмоўна ўплывае на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы.

“Каб ачысціць ваду ад нітратаў, мы рэкамендуем купіць у аптэцы крэмень, пакласці яго ў слоік, наліць туды вады і настаяць 2—3 дні. Пасля гэтага, згодна з нашымі даследаваннямі, вада становіцца чыстай, нітраты знікаюць. Мы вывелі наступную гіпотэзу: на паверхні крэменю існуюць мікраарганізмы, што выкарыстоўваюць нітраты для дыхання, пераўтвараючы іх у азот, які ў сваю чаргу проста выпараецца, а ў вадзе захоўваюцца ўсе яе карысныя ўласцівасці. Але гэтая гіпотэза патрабуе пацвярджэння і стане тэмай наступнай маёй навуковай работы”, — гаворыць Ганна.

Даследаванні Ганны па маніторынгу пітной вады на Барысаўшчыне высока ацанілі эксперты на розных конкурсах. На рахунку дзяўчыны дыплом пераможцы трансгранічнага анлайн-конкурсу “Разам за зялёнае заўтра!”, дыплом І ступені на Міжнародным інавацыйным навукова-практычным форуме INMAX›19 (форум студэнцкай і навучэнскай моладзі “Першы крок у навуку”), дыплом І ступені на XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Моладзь у навуцы”, дыплом прызёра VII Міжнароднага конкурсу праектна-даследчых работ школьнікаў, студэнтаў і педагогаў “Прызма”-2021 і інш.

Планы на будучыню ў дзяўчыны яшчэ больш смелыя. Яна амаль выпускніца і збіраецца паступаць у Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава БДУ на спецыяльнасць “Медык-эколаг”. Яна марыць працягнуць там свае даследаванні: “Ва ўніверсітэце больш умоў — і дасканалае тэхнічнае аснашчэнне лабараторый, і абсталяванне. Можа, якраз там я змагу наблізіцца да сваёй мары — стварыць фільтр, які б пераўтвараў марскую ваду ў прэсную. Гэта б вырашыла праблему недахопу вады і зменшыла колькасць захворванняў у розных краінах з-за гэтага”.

Святлана НІКІФАРАВА.