Каб натхненне не прапала

- 12:00"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова больш за 30 гадоў дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Натхненне”, якое для многіх студэнтаў і выкладчыкаў ператварылася ў сапраўдны духоўны аазіс. Напрыканцы 2019 года калектыў стаў адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Аўтограф” і з’яўляецца сённяшнім героем праекта “Галерэя творцаў”.

Карані “Натхнення”

Пачатак “Натхненню” быў пакладзены ў далёкія 30-я гады ў літаратурным гуртку Магілёўскага пед­інстытута, які стаў школай творчага майстэрства для студэнтаў-літфакаўцаў — будучых пісьменнікаў: байкапісца Эдуарда Валасевіча, драматурга Мікалая Гарулёва, паэта Васіля Матэвушава, празаіка Пятра Шасцерыкова, крытыка Якуба Усікава і іншых Гурткоўцы абмяркоўвалі творы пачынаючых паэтаў, праводзілі літаратурныя вечары, выступалі з лекцыямі і гутаркамі аб выдатных майстрах слова перад рабочымі. Неаднаразова студэнты сустракаліся з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Пятром Глебкам, Кандратам Крапівой, Петрусём Броўкам. Літаратурныя творы студэнтаў друкаваліся на старонках газет і часопісаў. А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, многія выкладчыкі, студэнты і выпускнікі педінстытута змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1979 годзе свет пабачыў раман Мікалая Гарулёва “Бывайце, любімыя”, прысвечаны незабыўным падзеям Вялікай Айчыннай вайны і лёсам людзей, якім выпала абараняць родную зямлю ад лютага ворага. А ў 2004 годзе ўсталяваны памятны знак байцам-апалчэнцам — студэнтам Магілёўскага педінстытута, якія загінулі ў гады вайны, у вёсцы Благавічы Чавускага раёна.

У канцы 80-х гадоў добрыя літаратурныя традыцыі былі працягнуты. І ў кастрычніку 1988 года заснавана літаб’яднанне “Натхненне” на чале з паэтэсай дацэнтам кафедры рускай мовы Тамарай Рыгораўнай Міхальчук, справу якой у 2008 годзе падхапіла дачка Наталля Аляксандраўна Міхальчук — таленавіты вучоны, паэтэса, дацэнт кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, член Союза пісьменнікаў Беларусі.

“Натхненне” — з’ява ўнікальная, бо ля яго вытокаў стаялі не толькі студэнты, а і выкладчыкі МДУ імя А.А.Куляшова — яркае суквецце адораных паэтаў, для якіх мастацкае слова з’яўлялася і аб’ектам навуковага вывучэння, і сродкам выказвання думак і пачуццяў. “Творчае літаб’яднанне згуртоўвае нас — таленавітых, актыўных, цікавых, адукаваных выкладчыкаў і студэнтаў, якім ёсць пра што заявіць і чым падзяліцца з чытачамі і слухачамі, — адзначыў прарэктар па выхаваўчай рабоце ўніверсітэта член Саюза пісьменнікаў Уладзімір Віктаравіч Ясеў. — Дарэчы, я і сам быў адным з першых удзельнікаў “Натхнення”, і дзякуючы падтрымцы Тамары Рыгораўны ў 90-я гады мае першыя творы былі апублікаваны ў альманахах і калектыўных зборніках літаб’яднання”.

“Важна, што на сучасным этапе “Натхненне” падтрымлівае кіраўніцтва ўніверсітэта і асабіста рэктар Дзяніс Уладзіміравіч Дук, які нераўнадушна ставіцца да творчасці ­ўдзельнікаў нашага літаб’яднання”, — падкрэсліла Тамара Рыгораўна Міхальчук і патлумачыла, што назва “Натхненне” перадае сутнасць творчасці, бо без натхнення нічога добрага не створыш.

Добры прыклад

Напісанне твораў, прэзентацыі зборнікаў паэзіі і прозы, удзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах і семінарах, паэтычныя вечары, супрацоўніцтва з абласной і рэспубліканскай прэсай — вось асноўныя напрамкі дзейнасці літаб’яднання. Акрамя таго, вялікае значэнне “Натхненне” заўсёды надае літаратурнай вучобе. Адчуць кірунак сучаснага літаратурнага працэсу, удасканаліць паэтычнае майстэрства дапамагаюць таленавітыя навукоўцы, выкладчыкі ўніверсітэта. Вельмі часта перад студэнтамі, членамі літаб’яднання выступалі і выступаюць знакамітыя літаратары, сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія дзеляцца сваім майстэрствам з творчай моладдзю. Таксама і сённяшні кіраўнік літаб’яднання Н.А.Міхальчук вельмі ўважліва ставіцца да творчасці студэнтаў, пра што сведчаць іх поспехі. Наталля Аляксандраўна праводзіць як калектыўныя абмеркаванні твораў на занятках, так і індывідуальную работу з маладымі аўтарамі. Разам з ёй студэнты вывучаюць тэорыю вершаскладання, а на практыцы ўдасканальва­юць тэхніку паэтычнага майстэрства на лепшых прыкладах класічнай і сучаснай паэзіі.

“Калі мы праводзім пасяджэнні “Натхнення”, сустрэчы з пісьменнікамі, то на іх з задавальненнем прыхо­дзяць і іншыя студэнты, каб проста паслухаць. Часта іх бывае і 50 чалавек, і больш — усе нават не змяшчаюцца ў адной аўдыторыі. Мы запрашаем лепшых, бо ў аксакалаў заўсёды ёсць чаму павучыцца, — сказала Наталля Аляксандраўна. — Структура нашага літаб’яднання адкрытая, а таму да нас пастаянна далучаюцца новыя людзі. Так, зусім нядаўна прыйшоў Аляксей Самусеў са сваімі цудоўнымі вершамі. Цяпер прымаем да сябе Леру Асмалоўскую. Гледзячы на сваіх пішучых сяброў, студэнты і самі пачынаюць пісаць на 2—3 курсе. Канечне, іх натхняюць і любімыя выкладчыкі, прачытаная класіка. Бо вучоба на філфаку — гэта незабыўны час, які насычае цябе і духоўна, і эмацыянальна, і інтэлектуальна. Успамінаю сябе: колькі доб­рых вершаў напісала менавіта ў студэнцкія гады, прычым і лекцыі любімых выкладчыкаў адыгралі не апошнюю ролю. А яшчэ, безумоўна, уплываюць і сяброўскія зносіны ў “Натхненні”. У свой час літаб’яднанне наведваў Т.Яравікоў, сёння вядомы магілёўскі выканаўца, празаік М.Срэдзін, непаўторны паэт М.Мікуліч, адзін з любімых выкладчыкаў нашага ўніверсітэта А.Бірукоў — мы сябравалі, разбіралі вершы адно аднаго. Спадзяюся, што і цяперашнія студэнты таксама сябруюць”.

Варта адзначыць, што да ўдзельнікаў “Натхнення” адносяцца і студэнты, якія пакуль не пішуць вершы, затое хварэюць усёй душой за юных паэтаў. Сярод іх рэдактары ўніверсітэцкай насценнай газеты Ірына Богнат і Таццяна Слуцкая, вядучы шматлікіх мерапрыемстваў Віталь Палавінскі, цудоўны дэкламатар паэтычных твораў Яўгенія Нікіценка. “Гэта таксама мастацтва і свайго роду інтэрпрэтацыя нашых тэкстаў, якая ў Жэнечкі заўсёды атрымліваецца разумнай і тонкай, — дадала Н.А.Міхальчук. — Акрамя таго, у нас ёсць выкладчыкі-паэты: У.Ясеў, У.Касценіч, П.Забелаў. Яны нас не забываюць, прыходзяць, дзеляцца вершамі і слухаюць маладых, бо яны таксама “Натхненне”. Увогуле, рэдка бываюць выпадкі, калі хтосьці сыхо­дзіць ад нас, часцей за ўсё нас не забываюць студэнты і пасля заканчэння ўніверсітэта. Напрыклад, наш выпускнік пераможца шматлікіх літаратурных конкурсаў Аляксандр Дваракоў, які зараз працуе настаўнікам Мілаславіцкай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна. Прыемна, што гэта не толькі неверагодна цікавы і смелы паэт, які шукае новыя формы, парушае каноны і рамкі ў пошуках уласных вобразаў, але і спагадлівы чалавек, які дапамагае маладым і паважае сваіх настаўнікаў. У гэтым годзе заканчвае ўніверсітэт наша любіміца Ганна Папікян, але верым, што яна застанецца з намі. Ёсць у нас і вельмі таленавітая Таццяна Журко — сучасная Ахматава, ні больш ні менш. Таксама цікавыя дзяўчаты прыйшлі да нас у мінулым годзе: вельмі здольная Арына Гарбаценка, душэўная і шчырая Насця Мытнік, рамантычная Лера Новікава. Веру, што ў іх ёсць будучыня не толькі ў педагогіцы, але і ў літаратурнай творчасці, што гэта будучыя паэтэсы, аўтары зборнікаў і проста выдатныя асобы”.

Шматмоўная сям’я

Адметная рыса “Натхнення” — гэта яго інтэрнацыянальны склад. На шасці мовах — рускай, беларус­кай, украінскай, польскай, літоўскай і туркменскай — можна пачуць вершы, апавяданні і песні на пасяджэннях літаб’яднання. У розныя часы яго членамі былі паляк Веслаў Рэглінскі, літоўка Маргарыта Маяўскайтэ, украінка Наталля Чэрэднічэнка, рускі Данііл Печанко, турак Вейсел Узуг, казашка Дарына Айдагдыева, армянка Ганна Папікян — і гэта толькі некалькі імёнаў з вялікага спіса замежных студэнтаў, улюбёных у літаратурную творчасць.

Дарэчы, актывістка літаб’яднання Ганна Папікян — сёлетняя выпускніца гісторыка-філалагічнага факультэта, пераможца Міжнароднага Пушкінскага конкурсу, удзельніца семінара маладых паэтаў у Брэсце — сказала, што “Натхненне” для яе стала “светам, дзе табе заўсёды рады, дзе цябе не толькі слухаюць, але і чуюць”. І дадала наконт сваіх вершаў: “Ні адзін з іх не пісаўся па замове ці маім жаданні. Яны ў мяне хутчэй сітуатыўныя і прылятаюць у галаву пасля якой-небудзь падзеі, і я не кантралюю гэта, а проста пішу нібы пад дыктоўку. Пачыналася ўсё з тэматыкі пра каханне, далей пайшло асэнсаванне жыцця, падзей, якія адбываюцца навокал. На цяперашні момант канчатковай кропкай стала вывучэнне людзей, іх рыс, іранічнасць чалавечай сутнасці. Што будзе далей — самой невядома, але гэты шлях цікавы і варты таго, каб прайсці яго да канца”. А вось будучыню “Натхнення” юная паэ­тэса бачыць у яго руху наперад, бо штогод літаб’яднанне папаўняецца ўсё большай колькасцю таленавітых студэнтаў.

Беларуска ж Таццяна Журко адзначыла, што “Натхненне” — гэта месца, дзе можна свабодна тварыць і гаварыць тое, што ты адчуваеш, і выказваць усе свае думкі з дапамогай вершаў: “Я ведаю, што ў нашым літаб’яднанні людзі, якія мяне выслухаюць, зразумеюць і падтрымаюць. “Натхненне” — гэта маленькая сям’я, у якую я трапіла дзякуючы Наталлі Міхальчук. І дзякуючы яе дапамозе і крытыцы я сёння магу пісаць нядрэнныя творы”.

Сучаснасць

Сёння літаб’яднанне дзейнічае таксама пры вялікай падтрымцы супрацоўнікаў аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю. Яго начальніца Людміла Васільеўна Набокава нагадала, што, акрамя “Натхнення”, ва ўніверсітэце функцыянуе літаратурна-мастацкі салон, якім доўгі час кіравала Алена Іванаўна Бубянцова. “Натхненне” — гэта адно з аб’яднанняў, якое дапамагае творчым студэнтам развіваць свае здольнасці. Зараз былы кіраўнік “Натхнення” Тамара Рыгораўна — яркая і каларытная асоба, адукаваны спецыяліст і цікавы чалавек — дапамагае парадамі і падказкамі сваёй дачцэ, якая вельмі ўдала ператварае іх у жыццё, і атрымліваецца сапраўды правільны перманентны працяг, — сказала яна. — Кіраўнікі літаб’яднання бачаць не толькі здольных, але і жадаючых тварыць і дапамагаюць ім у гэтым. І калі на 1 курсе яны пішуць слабенькія творы, то з часам пры падтрымцы аднадумцаў і сяброў у іх нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры”.

У апошняе дзесяцігоддзе асабліва мацнеюць сувязі “Натхнення” з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, былі праведзены творчыя сустрэчы з пісьменнікамі Алесем Казекам, Ула­дзімірам Ясевым, Віктарам Арцемьевым, Мікалаем Падабедам, Алесем Двараковым, Яўгеніяй Булавой і іншымі. Таксама літаб’яднанне выступіла арганізатарам конкурсаў творчых работ “Магілёву — 750 гадоў” і “Мая малая радзіма”. У гэтых конкурсах прызавыя месцы занялі студэнты не толькі гісторыка-філалагічнага, але і іншых факультэтаў універсітэта. На працягу чатырох гадоў літаб’яднанне было ініцыятарам правядзення вечароў памяці магілёўскіх паэтаў Івана Пехцерава і Тамары Капейко.

Раўненне на творчасць

Літаб’яднанне “Натхненне” ганарыцца сваім выбітным земляком знакамітым беларускім паэтам Аркадзем Аляксандравічам Куляшовым, імя якога і носіць Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Аркадзь Куляшоў не замыкаўся ў сабе, ён быў адкрыты для сяброўства і дыялогу з іншымі творчымі асобамі Беларусі і далёка за яе межамі. Пра гэта сведчыць яго моцнае сяброўства з многімі паэтамі і пісьменнікамі былога Савецкага Саюза. Сёння ва ўніверсітэце нават створаны літаратурны музей, наведваючы які ўдзельнікі літаб’яднання натхняюцца і знахо­дзяць новыя тэмы для сваёй творчасці.

“Паэтычная творчасць — гэта шлях, развіццё і няспыннае самаўдасканаленне, — нагадала Наталля Міхальчук. — Безумоўна, цікава, якімі стануць нашы юныя паэты і празаікі праз адзін ці два дзясяткі гадоў, якія тэмы будуць іх цікавіць, як зменіцца і ўдасканаліцца іх творчасць. Аднак несумненна тое, што паэзія маладых гадоў — унікальны перыяд у творчым лёсе любога пішучага, таленавітага аўтара, сур’ёзная прыступка для далейшай пісьменніцкай дзейнасці”. Вельмі важна, па словах Тамары Міхальчук, на творчым шляху заставацца самімі сабой і берагчы свае сэрцы і душу. І цяжка не пага­дзіцца з выдатным майстрам паэтычнага слова, таленавітым кампазітарам і музыкантам, даўнім сябрам літаб’яднання Пятром Забелавым, які сцвярджае: “Галоўнае не хлеб і сала, а каб натхненне не прапала!”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва літаб’яднання “Натхненне”.