Каб нацыя была самай перадавой

Беларусь мае намер ісці па шляху інтэграцыі ў сусветную інфармацыйную прастору, развіваючы Нацыянальную сістэму спадарожнікавай сувязі і вяшчання. Адпаведныя задачы паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Цэнтра касмічнай сувязі, які ствараецца ў пасёлку Станькава Дзяржынскага раёна.

“У свой час мы пачыналі з аказання паслуг па стварэнні спадарожнікаў для іншых краін. Цяпер мы ў кааперацыі можам стварыць гэтую тэхніку самі, з чыёй-небудзь дапамогай даставіць у космас (касмадромы нам не патрэбны). Спадарожнікам мы кіруем, прадукцыю ад яго атрымліваем і прадаём. Усё ў нашых руках”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб праекце па стварэнні Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання, які рэалізоўваецца ў адпаведнасці з кантрактам паміж кітайскай прамысловай карпарацыяй “Вялікая сцяна” і беларускім заводам дакладнай электрамеханікі. У студзені бягучага года з кітайскага касмадрома быў запушчаны беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік “Белінтэрстат-1”.

Цяпер, адзначыў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў, стаіць задача камерцыялізацыі спадарожніка для атрымання прыбытку ў далейшым.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што, як і ў іншых галінах, самае галоўнае — прадаць канечны прадукт і бачыць рынкі збыту для аказання адпаведных паслуг. “Калі будуць такія напрацоўкі, мы запусцім другі спадарожнік. Відаць, ён патрэбны для больш надзейнай сувязі, — сказаў прэзідэнт. — Гэты комплекс шматфункцыянальны і вельмі патрэбны для нашай краіны. Мы яго будзем развіваць. Вельмі рады, што для нашай моладзі ёсць такія рабочыя месцы. Гэтаму мы будзем удзяляць першарадную ўвагу”.

У час сустрэчы з супрацоўнікамі Наземнага комплексу кіравання Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час ім была пастаўлена задача па развіцці ў Беларусі касмічнай галіны. Тады было даволі шмат скептыкаў, якія лічылі, што ў гэтым няма неабходнасці. “Мы пайшлі ў гэтую сферу для таго, каб развівалася нацыя. Араць зямлю, сеяць, убіраць мы навучыліся. Вырабляць складаны прадукт у прамысловасці мы таксама навучыліся. Але гэта не космас, гэта не атамная станцыя, гэта не Парк высокіх тэхналогій — тыя напрамкі, якія арыентаваны ў будучыню”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што па шляху развіцця перадавых напрамкаў пайшлі і ў многіх іншых галінах. У іх ліку медыцына, дзе асвойваюцца ўсё новыя высокатэхналагічныя віды аперацый. Пад патрабаванні сучаснасці адаптуецца і сфера адукацыі. “Гэтае рашэнне было прынята для таго, каб нацыя жыла і, развіваючыся, была самай перадавой”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён сказаў, што ў Беларусі ўдзяляецца самая вялікая ўвага пытанню гарантавання бяспекі. Разам з тым прэзідэнт заўважыў: яго хвалюе, што людзі вельмі занепакоены пытаннямі абараназдольнасці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гарантаванне бяспекі — гэта непасрэдная задача Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі, якім, па Канстытуцыі, з’яўляецца прэзідэнт. “Галоўнае для мяне — бяспека нашых грамадзян, нашага грамадства і абараназдольнасць краіны”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з арганізацыяй жыллёва-бытавых умоў для супрацоўнікаў аб’екта, наведаўшы размешчаны побач з цэнтрам шматкватэрны дом, дзе створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе размовы з працоўным калектывам адзначыў, што дзяржава прадоўжыць удзяляць павышаную ўвагу сацыяльным пытанням, у тым ліку працаўладкаванню моладзі і стварэнню новых рабочых месцаў. Разам з гэтым ён адзначыў, што сітуацыя на рынку працы з працаўладкаваннем даволі няпростая.

Прэзідэнт расказаў, што зусім нядаўна, у час абмеркавання пытанняў пенсіённай рэформы, асобная ўвага была звернута якраз на гэтую тэму. “Мной было прынята адназначнае рашэнне аб прадастаўленні першага рабочага месца пасля заканчэння ВНУ, незалежна ад таго, прыватная яна або дзяржаўная. І гэтага мы будзем прытрымлівацца. Мы абавязаны будзем дапамагчы з працаўладкаваннем маладым людзям, якія атрымалі адукацыю”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дэталёва разгледзеў тэму стварэння новых рабочых месцаў. “Ідучы на павелічэнне пенсіённага ўзросту, мы добра разумелі, што гэта запатрабуе дадатковых рабочых месцаў. Таму ў гэтым годзе прынялі рашэнне аб стварэнні больш як 50 тысяч рабочых месцаў. Магчыма, і вам тут давядзецца ствараць новыя рабочыя месцы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы ўсяляк, нягледзячы ні на якія рыначныя прынцыпы, будзем патрабаваць ад кіраўнікоў і ствараць умовы для бізнесу, для таго каб яны стваралі рабочыя месцы”, — заявіў прэзідэнт.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *