Каб не скрасці ў дзяцей заўтра

У штодзённай працы выхавальніца ясляў-сада № 567 Мінска Кацярына Аляксандраўна Баліцкая прытрымліваецца свайго крэда, выпрацаванага за 12 гадоў выхавальніцкай дзейнасці. “Сучасныя дзеці патрабуюць сучасных ідэй. Калі мы будзем вучыць сёння так, як мы вучылі ўчора, мы скрадзём у нашых дзяцей заўтра”, — лічыць педагог.

Яе маці Вера Сяргееўна Ліхарад усё жыццё працавала з дашкольнікамі: спачатку выхавальніцай, потым намеснікам загадчыка і загадчыкам дзіцячага сада. І ўсё жыццё Кацярына бачыла гэтую складаную, але вельмі цікавую работу. Аднак паступаць вырашыла на модную ў той час спецыяльнасць, звязаную з замежнымі мовамі. Ужо на практыцы адчула, што больш падабаецца працаваць з малодшымі школьнікамі, а з цягам часу зразумела, што яе прызванне — работа з маленькімі дзецьмі, таму прайшла перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. “Гэта тое, чаго я хацела. Аддача, якую атрымліваеш ад работы з маленькімі дзецьмі, непараўнальная ні з якой іншай педагагічнай работай”, — упэўнена Кацярына Аляксандраўна.

Наведванне майстар-класаў і семінараў — неад’емная частка працы педагога для павышэння прафесійнага ўзроўню. Імкненне быць у курсе новых ідэй у галіне дашкольнай адукацыі спрыяла таму, што Кацярына Аляксандраўна стала ўдзельніцай праграмы па арганізацыі даследчай дзейнасці дашкольнікаў, а ў мінулым годзе яе выхаванка Арына Давідовіч заняла 1-е месца ў раённым этапе конкурсу “Я — даследчык” у намінацыі “Незвычайнае ў звычайным”.

Яшчэ адна кампетэнцыя, якую асвоіла педагог, — інтэграванае навучанне. “У нас становіцца ўсё больш дзяцей, у якіх ёсць праблемы з маўленнем. Хацелася дапамагчы такім дзеткам, але заўсёды памятала, што галоўнае ў такой рабоце — не нашкодзіць, — расказвае Кацярына Аляксандраўна. — Таму вырашыла асвоіць і гэтую сферу дзейнасці”.

У практычнай дзейнасці педагог выкарыстоўвае ТРВЗ-, ЛЕГА-тэхналогіі, інтэрактыўную дошку і мультымедыйныя прэзентацыі. Усе свае метадычныя новаўвядзенні педагог “тэсціруе” на сваёй дачцэ Марыі, якой зараз 4,5 года. “Яна першая спрабуе ўсе гульні на інтэрактыўнай дошцы, а таксама падказвае, што можна было б памя­няць, — расказвае Кацярына Аляксандраўна. — А ідэі некаторых гульняў былі ўзяты зыходзячы з яе цікавасцей”.

“Усе тэхналогіі можна камбінаваць, — сцвярджае педагог. — З аднаго боку, гэта больш складана, але з другога — гэта цікавей і мне і дзецям. Раблю ўсё так, каб першаснае здзіўленне дзіцяці ператварылася ў цікавасць і спрыяла набыццю новых ведаў. Дзеці, вядома, дзеляцца ўражаннямі дома, зацікаўліваючы бацькоў, якія, у сваю чаргу, уключаюцца ў педагагічны працэс”. Выхаванцам Кацярыны Аляксандраўны настолькі цікава, што яны гатовы наведваць дзіцячы сад нават у выхадныя дні.

“Выхавальнік дашкольнай адукацыі адрозніваецца сваёй непасрэднасцю ў зносінах, у тым ліку і прафесійных, — лічыць Кацярына Аляксандраўна. — Да таго ж у педагога-дашкольніка крыху іншыя мэты, чым, напрыклад, у школьнага настаўніка: мы павінны закласці базу ведаў, развіць і навучыць дзіця, падрыхтаваўшы яго да далейшага жыцця”. Важна заўважыць у дзіцяці схільнасці і здольнасці, падтрымаць іх, бо ў такім узросце дзіця яшчэ не ведае, што яму падабаецца, а што не, таму педагог дае выхаванцам магчымасць паспрабаваць сябе ў розных сферах творчай дзейнасці.

У вольны час Кацярына Аляксандраўна займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Убачыўшы цікаваю работу, абавязкова даведвалася, у якой тэхніцы яна выканана, а пасля пачынала вывучаць тэхналогію вырабу. Так у арсенале педагога з’явіліся дызайн з фаамірана, скрапбукінг, дэкупаж, квілінг, світ-дызайн. Рукамі педагога выканана значная частка аздаблення інтэр’ераў установы адукацыі, дзе яна працуе. Яе фантазіі хапае на ўсё: маскі, касцюмы, інвентар для заняткаў, дэкарацыі да святочных ранішнікаў — гэта і шмат іншага вырабляе педагог разам са сваёй калегай Аленай Мікалаеўнай Бондар, якую таксама захапіла творчай дзейнасцю. Перамогі ў шматлікіх конкурсах сведчаць пра высокае майстэрства і прызнанне. Адна з ідэй знайшла ўвасабленне ў праекце “Залюстроўе”, які заняў 1-е месца на раённым і 3-е на гарадскім этапе агляду-конкурсу “Формула сада — 2019”.

“Часам  24 гадзін у суткі бывае малавата, — скардзіцца Кацярына Аляксандраўна, — бо шмат што хочацца зрабіць і заўсёды ёсць да чаго імкнуцца”.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.