Каб не страціць святое

Некалькі дзён кастрычніка навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя паглыбляліся ў гісторыю і культуру розных куточкаў Гомельшчыны. Год малой радзімы тут вырашылі адзначыць фестывалем-конкурсам “Квітней, зямля мая”.

У абласным ліцэі вучацца старшакласнікі з усіх рэгіёнаў вобласці, і яны могуць расказаць адно аднаму цікавыя гісторыі і паданні пра родныя мясціны, пазнаёміць са знакамітымі людзьмі свайго краю, з помнікамі архітэктуры і культуры, паведаміць пра турыстычныя маршруты. Адным словам, папоўніць свае веды і веды сваіх сяброў аб Гомельскай вобласці.

Конкурс рознафарматны і ўключае 10 намінацый: “Гісторыя роднага краю”, “Жывыя традыцыі”, “Спадчына”, “Раслінны і жывёльны свет майго краю” і інш. Творчыя групы з навучэнцаў пэўнага раёна пад кіраўніцтвам выкладчыкаў прадстаўлялі розныя па форме і жанрах праграмы-прэзентацыі. Нехта рыхтаваў вусныя часопісы ці тэатральныя мініяцюры, іншыя засяродзіліся на публіцыстычным ці музычна-песенным жанры, былі і цікавыя даследчыя работы.

Першы этап конкурсу надоечы завяршыў сваю работу. Пра сваю малую радзіму расказалі ліцэісты з Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага, Рагачоўскага, Рэчыцкага, Хойніцкага, Светлагорскага і Кармянскага раёнаў. Яшчэ два этапы чакаюць юнакоў і дзяўчат пасля зімовых канікул. Свае творчыя праекты прадставяць навучэнцы з іншых 13 раёнаў вобласці, а таксама 4 раёнаў абласнога цэнтра.

— Выхаванне патрыятызму — важная задача для педагогаў, а патрыятызм пачынаецца менавіта з любові да роднага дома, роднай вуліцы, роднага куточка, — разважае намеснік дырэктара Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Людміла Герасіменка. — Такое мерапрыемства дазваляе прыцягнуць нашых дзяцей да адукацыйнай, культурнай, грамадзянскай дзейнасці, да вывучэння гісторыі мястэчка, дзе яны нарадзіліся. Гэта яшчэ і эстэтычнае выхаванне, а таксама пераемнасць пакаленняў, бо падрыхтоўка да такога фестывалю-конкурсу немагчыма без стварэння асяроддзя творчых зносін паміж вучнямі, настаўнікамі, бацькамі і наогул людзьмі старэйшага пакалення.

Варта сказаць, што самі ліцэісты зацікавіліся конкурсам і прызнаюцца, што дзякуючы яму даведаліся шмат новага пра свае гарады і вёскі. Асаблівы гонар з’яўляецца ў старшакласнікаў, калі яны даведваюцца, што ў іх краі нарадзіліся знакамітыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі людзі. А Гомельшчына вельмі багатая на таленты.

— Гэта своеасаблівы стымул: калі ты ведаеш, што некалі ў тваім краі нарадзіўся Іван Мележ, табе хочацца, каб аднойчы, праз дзесяцігоддзі, тваё імя стаяла побач з імем знакамітага пісьменніка, — кажа адзінаццацікласніца Ірына Дыгун, ураджэнка Хойнікаў. — Ты разумееш, што для гэтага неабходна шмат працаваць, развівацца, ствараць, і пачынаеш дзейнічаць.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.