Каб не выпусціць з рук будучыню

- 11:27Суразмоўца

“У сучасных умовах кіраўнік установы адукацыі павінен быць не над калектывам, навучэнцамі, бацькоўскай грамадскасцю, а разам з імі, адзінай камандай, адной сям’ёй, — пераканана дырэктар сярэдняй школы № 68 Мінска Вікторыя Уладзіміраўна Нямковіч. — Такі мікраклімат будзе садзейнічаць станоўчай дынаміцы развіцця школы, працаваць на яе імідж. Менавіта таму дэвізам нашай установы з’яўляюцца словы “Разам мы дасягнём большага”.

Аб апошніх дасягненнях школы, аб тым, што дазваляе ёй заставацца сучаснай і канкурэнтаздольнай сярод устаноў адукацыі Заводскага раёна сталіцы, наш карэспандэнт гутарыць з В.У.НЯМКОВІЧ.

— Вікторыя Уладзіміраўна, як даўно вы ўзначальваеце школу? Як прыйшлі ў педагогіку?

— Педагагічны стаж у мяне ўжо 25 гадоў, з іх чацвёрты год працую дырэктарам сярэдняй школы № 68. Па сутнасці, за чвэрць стагоддзя прайшла па ўсіх прыступках кар’ернай лесвіцы — ад настаўніцы пачатковых класаў пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, які курыруе пачатковыя класы, да кіраўніка ўстановы. За плячыма — вучоба ў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Сацыяльны педагог і метадыст у выхаваўчай рабоце”, вучоба ў аспірантуры, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

У педагогіку мяне прывялі дзіцячыя ўражанні. Калі я прыйшла ў першы клас (а вучылася я ў сталічнай школе № 77 Заводскага раёна), то ў ім па спісе было 43 вучні і адной парты не хапала. І пакуль гэтую парту не купілі, адзін навучэнец сядзеў за сталом настаўніка. Гэтым адным навучэнцам была я. Тое, што рабіла настаўніца, мне здавалася нейкім цудам: як адкрывала журнал, як выстаўляла літару “н”, як упісвала даты, тэмы, выклікала да дошкі вучня, ставіла адзнакі. У Жане Мікалаеўне Рабцэвіч, маёй першай настаўніцы, прыцягвала ўменне кантактаваць з дзецьмі, даходліва і зразумела тлумачыць матэрыял, знаходзіць падыход да кожнага. Дарэчы, я нават не раз да яе звярталася за парадамі, праходзячы практыку (правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў не выклікала асаблівых цяжкасцей, а вось распрацоўка першых планаў-канспектаў урокаў (як будзе цікавей дзецям, як лепш падаць матэрыял, як абыграць) здавалася складаным).

І вось з гэтым дзіцячым уражаннем я прайшла па жыцці. Мабыць, яно і было стымулам да таго, каб я стала настаўніцай. Зараз, з’яўляючыся дырэктарам, крыху шкадую аб настаўніцкіх буднях, бо дырэктар — гэта і менеджар, і фінансіст, і гаспадарнік, і г.д. У нас бухгалтэрыя размяшчаецца на базе школы — мы самастойна распараджаемся фінансавымі сродкамі.

Дзякуючы зладжанай рабоце нашага педагагічнага калектыву, мы прыйшлі да таго, што ў нас ёсць зараз. У мяне і жыццёвы дэвіз, і школьны супадаюць поўнасцю: “Разам мы дасягнём большага”. Я часта прыгадваю казку пра венік, калі бацька даў сынам па адным дубчыку і яны іх лёгка паламалі. А калі ён даў ім венік у рукі, то сыны не змаглі яго зламаць. Я ж заўсёды гавару, што, калі робіць справу адзін чалавек, гэта адно выйсце, а калі над ёй шчыруюць некалькі чалавек, то кожны бачыць работу са свайго боку, зыходзячы са спецыфікі выкладання, з асаблівасцей асобы, — і атрымліваецца зусім іншы вынік.

— Што дазваляе школе быць сучаснай і запатрабаванай?

— У нас, як і ва ўсіх раёнах Мінска, розныя дзеці, розныя бацькі, у кожнага — свой характар, тэмперамент. І настаўнікі, і адміністрацыя школы павінны ўмець знаходзіць падыход да кожнага. Гэта, мабыць, асаблівасць нашага часу. Калі раней было так: настаўнік сказаў — і яго рашэнне не абмяркоўваецца, то на сучасным этапе развіцця грамадства мы ўлічваем патрэбы бацькоў.

Думаю, калі дзецям у школе падабаецца, калі яны адчуваюць сябе ўтульна, камфортна, калі склаўся добры педагагічны калектыў, які вядзе да дасягненняў і поспехаў, калі кожнага настаўніка падтрымліваюць, стымулююць, то і школа будзе канкурэнтаздольнай. Наша ўстанова год ад году набывае папулярнасць сярод жыхароў мікрараёна. Калі два гады назад у ёй вучыліся 430 чалавек, то зараз — 597. Сёлета мы набралі тры першыя класы па 30 чалавек. Маглі набраць і чацвёрты, але больш, на жаль, не дазваляюць плошчы.

Твар нашай школы — гэта тэатральны і прававы напрамкі. З 2003 года заключана дамоўленасць з Акадэміяй МУС і дзейнічаюць класы прававой накіраванасці. Пры наборы ў 5-я кадэцкія класы ўжо каторы год назіраецца вялікая канкурэнцыя паміж вучнямі. Сюды паступаюць дзеці з сярэднім балам не ніжэйшым за 7, таму паспяховасць у гэтых класах дастаткова высокая. Сёлета мы набралі 30 чалавек у кадэцкі клас. Было пададзена больш за 50 заяў.

З 5 класа ў вучняў класаў прававой накіраванасці дадаюцца англійская мова і матэматыка за кошт гадзін факультатыўных заняткаў, а з 9 класа ў межах прафарыентацыйнай работы — факультатыў “У свеце прафесій”, у 10 класе — факультатыў па прававых ведах, дзе вывучаюцца асновы грамадзянскага, адміністрацыйнага, крымінальнага кодэксаў. “Магчыма, мы не пойдзем у Акадэмію МУС, але асновы прававых ведаў атрымаем”, — так разважаюць вучні кадэцкіх класаў. Каля 10% з іх паступаюць у Акадэмію МУС, частка — на юрыдычныя факультэты, у Ваенную акадэмію, Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Тэатральны напрамак дзейнічае ў школе з 1 класа і таксама карыстаецца папулярнасцю. Настаўнік тэатральных дысцыплін праводзіць у пачатковых класах заняткі тры разы на тыдзень — два разы на бясплатнай аснове і адзін — на платнай. У старшых класах (да 9 класа ўключна) заняткі праходзяць тры разы на тыдзень на бясплатнай аснове.

Традыцыйнымі сталі ў школе такія мерапрыемствы, як “Еўрабачанне” і “Свяці, зорачка!”, яны вельмі падабаюцца дзецям і дарослым. Кожны год вызначаецца тэматыка школьнага “Еўрабачання”. Напрыклад, сёлета ў нас спартыўныя песні — у сувязі з Алімпіядай.

— Якое значэнне ўдзяляецца ва ўстанове прафарыентацыйнай рабоце?

— Можна многа спрачацца аб якасці адукацыі, але адным з асноўных паказчыкаў якасці з’яўляецца тое, як выпускнік школы ўладкуецца ў жыцці. Больш за 75 працэнтаў выпускнікоў нашай школы паступаюць ва УВА краіны. Гэтаму садзейнічае мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа. Яна пачынаецца яшчэ з пачатковай школы: мы праводзім такія мерапрыемствы, як “Прафесія нашых бацькоў”, “Прафесіі будучыні”. З 9 класа праходзяць факультатыўныя заняткі па выбары прафесіі “Асновы прафесійнай будучыні”. Вучні 10—11 класаў ахвотна наведваюць аддзяленне дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання. Старшакласнікі атрымліваюць пасля заканчэння школы кваліфікацыі “муляр”, “слесар-рамонтнік”, “сталяр”, “малодшая медсястра па доглядзе хворых”, “аператар ПЭВМ”, “слесар па рамонце аўтамабіля”, “цырульнік, візажыст”, “сакратар”, “памочнік выхавальніка”, “сацыяльны работнік”. Іх набыццё садзейнічае ўсвядомленаму выбару далейшай жыццёвай дарогі вучня. Ён робіць свой выбар, разумее, з чым давядзецца сутыкнуцца, што ад яго патрабуецца, і ў выніку цудоўна сацыялізуецца ў грамадстве.

Вялікае значэнне ўдзяляецца наведванню дзён адкрытых дзвярэй ва УВА. Гэта дапамагае школьнікам даведацца пра спецыфіку пэўных факультэтаў і УВА знутры, пазнаёміцца з патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да абітурыентаў, вызначыцца з будучай прафесіяй.

Значную работу праводзіць і школьны псіхолаг Н.І.Міхалёва, якая вядзе прафарыентацыйны гурток. Дзякуючы такой рабоце, навучэнец выходзіць са школы, маючы ўяўленне, што ён хоча ад будучыні, якая спецыяльнасць адпавядае яго запытам.

— Імідж установы адукацыі ствараюць людзі, якія ў ёй працуюць. Раскажыце, калі ласка, пра ваш педагагічны калектыў.

— У нас вельмі дружны, зладжаны і творчы калектыў. Звычайна ідэя любой справы ўзнікае ў аднаго чалавека. І спачатку гэтая ідэя атрымлівае пэўныя абрысы, а потым ужо выносіцца на абмеркаванне. Людзі слухаюць, успрымаюць, пражываюць пэўны час з ёй, а потым прапаноўваюць свае ідэі: як лепш рэалізаваць задуманае, як уключыцца ў работу.

Прымаючы на работу педагога, найперш звяртаю ўвагу на яго асабістыя якасці, якія праяўляюцца ў гутарцы. Становіцца відавочна, ці прыжывецца ён у нашым калектыве, бо ўсе без выключэння настаўнікі ў нас актыўныя і ініцыятыўныя. Няма нікога, хто хоча адседзецца. І ў чалавека, які прыйдзе проста адбыць час, нічога не атрымаецца.

Нашы педагогі па-майстэрску выкарыстоўваюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Так, настаўніца замежнай мовы Алена Яўгенаўна Волгіна на ўроках прымяняе тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, настаўніца матэматыкі Наталля Іосіфаўна Арціменя і настаўніца хіміі Валянціна Аляксандраўна Пыцько — мнагамерную дыдактычную тэхналогію, настаўніца біялогіі Таццяна Мікалаеўна Растаргуева — праектную тэхналогію (выхаванцы педагога адзначаны шматлікімі дыпломамі НПК). Дыстанцыйнае навучанне прымяняецца настаўніцай матэматыкі Людмілай Яўгенаўнай Зязетка, ІКТ — Наталляй Яўгенаўнай Ставер, Мірай Раманаўнай Ясюкевіч, тэхналогія поўнага засваення ведаў — Таццянай Львоўнай Пачыеўскай, Аленай Віктараўнай Кімпель, Таццянай Васільўнай Масоіць.

Творчая праца педагогаў дае свой плён. У гэтым навучальным годзе прэміяй Мінгарвыканкама адзначана намеснік дырэктара Л.Я.Зязетка за абагульненне вопыту па тэме “Удасканаленне метадычнага суправаджэння маладых педагогаў як фактар росту іх прафесійнага майстэрства”. У суаўтарстве з педагогам-арганізатарам В.А.Кічкайла мы распрацавалі праект “Павышэнне ўзроўню сацыяльнай актыўнасці, самаарганізацыі і самарэалізацыі навучэнцаў шляхам укаранення мадэлі вучнёўскага самакіравання “Школьная супольнасць ТСН”, на рэалізацыю якога быў атрыманы грант Мінгарвыканкама. Дыпломам ІІ ступені наш калектыў быў адзначаны на XVІ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры “Педагагічны вопыт і творчасць навучэнскай моладзі”. Летась мы атрымалі дыплом ІІІ ступені ў конкурсе на лепшую распрацоўку шостага школьнага дня за праект “Кадэцкая субота — ШТУРМ”.

— Ваш педагагічны калектыў прымае актыўны ўдзел у інавацыйнай дзейнасці. Што ўстанове адукацыі даюць інавацыі?

— Інавацыі даюць магчымасць зрабіць крок наперад у сваім развіцці і падштурхоўваюць да наступнага кроку, бо калі ты падыходзіш да канца інавацыі, падводзіш вынік сваёй работы, то разумееш, чаго табе не хапіла, што яшчэ хацеў бы зрабіць. І гэта штуршок да таго, каб знайсці наступны праект, даказаць, што ён важны і патрэбны школе, і потым распаўсюдзіць вопыт.

Мы працуем над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Яго асноўная мэта — фарміраванне медыякультуры навучэнцаў: каб нашы дзеці ўмелі працаваць са сродкамі масавай інфармацыі, уключаючы інтэрнэт, разумелі, што не ўсе яны нясуць праўдзівую інфармацыю, каб умелі адбіраць яе, супастаўляць і рабіць высновы. Праект узначальвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Л.Я.Зязетка. У яго рэалізацыю ўключана каля 20 педагогаў.

Трэці год мы ўдзельнічаем у згаданым праекце і выходзім на фінішную прамую. Галоўным яго вынікам з’яўляецца тое, што нашы дзеці сталі арыентавацца ў інтэрнэт-прасторы, у СМІ. Зараз мы не чуем фразы, якую раней часта ўжывалі навучэнцы: “А вось у інтэрнэце так…” Вучні разумеюць, што праўдзівай крыніцай інфармацыі з’яўляецца не заўсёды інтэрнэт, а навуковыя выданні, энцыклапедыі і г.д. Навучэнцы ўсведамляюць, што веды павінны мець навуковую аснову і ўсяму, што напісана, нельга верыць.

На базе школы дзейнічае гарадскі рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму. У рамках яго сёлета пройдзе ІІ Рэспубліканская канферэнцыя работ навучэнцаў з міжнародным удзелам “На карысць Радзімы і Чалавека”, якая аб’ядноўвае класы кадэцкай, прававой накіраванасці па напрамках “Гісторыя кадэцтва”, “Сучасныя кадэты-патрыёты” і інш.

— Вікторыя Уладзіміраўна, вы строгі дырэктар?

— Я сказала б, не строгі, а патрабавальны. Акрамя таго, пераканана, што дырэктар павінен быць чулым, далікатным, павінен мець і такт, і культуру зносін. У сучасных умовах, паўтаруся, ён павінен згуртаваць усіх: адміністрацыю, настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Усе павінны разумець, што працуюць на адно — будучыню краіны.

— Ці бывае ў вас вольны час? Як вы яго праводзіце?

— Любая прафесія накладае адбітак на характар чалавека. Я люблю, каб усё было раскладзена па палічках, дакладна спланавана, арганізавана і структуравана. Гэтую рысу прынесла з працы і дадому. Напрыклад, калі мы едзем з сям’ёй у адпачынак, то я складаю план, імкнуся ўсё дасканала прадумаць. Спярша чую ноткі незадаволенасці ад родных, але потым яны прыходзяць да высновы, што спантанныя рашэнні не заўсёды ідуць на карысць.

Вольнага часу ў кіраўніка не так шмат, як хацелася б. Вельмі люблю нашу беларускую прыроду, лес. Летам і восенню, калі пачынаюцца грыбы, магу блукаць па лесе цэлымі днямі, не баючыся згубіцца. Вясной і зімой стараюся максімум часу праводзіць са сваёй сям’ёй, часта наведваем кінатэатры, тэатры.

— Якой вы бачыце вашу школу ў будучыні?

— Гэта школа супрацоўніцтва, даверу, узаемаразумення і ўзаемапавагі. Хочацца, каб наш выпускнік на выхадзе валодаў маральнымі, культурнымі каштоўнасцямі і быў грамадзянінам і патрыётам. Калі такія каштоўнасці будуць закладзены, то наша будучыня будзе спакойнай і забяспечанай. Анры Барбюс неяк адзначыў: “Школа — гэта майстэрня, дзе фарміруецца думка падрастаючага пакалення, трэба моцна трымаць яе ў руках, калі не хочаш выпусціць з рук будучыню”. І з гэтым я цалкам згодна.

Зараз мы завяршаем інавацыйны праект па медыякультуры і разглядаем магчымасці рэалізацыі новага праекта па выхаваўчай рабоце.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.