Каб не згасла святло традыцый

- 11:19Людзі адукацыі

Не памыліўся той, хто сказаў, што, каб быць шчаслівым, трэба любімы занятак зрабіць сваёй працай. Так і адбылося ў жыцці Веры Аляксандраўны Дайлідка — маладой таленавітай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ліцэя № 2 Мінска. Вера Аляксандраўна шчыра любіць дзяцей, вучыць іх любові і павазе да роднай мовы, каб не заставаўся народ беларускі толькі памяццю, каб не згасла святло самабытных традыцый. Яна ўпэўнена, што трэба, каб усе пазнавалі беларуса здалёк па прывабнай усмешцы, па гасцінным позірку, па мове, што льецца з яго вуснаў.

Заўсёды шчыра радуюся, калі ў ліцэй на работу прыхо­дзяць маладыя педагогі, якія імкнуцца працаваць творча, натхнёна, з любоўю, якія прыйшлі ў настаўніцкую прафесію па прызванні. А тое, што для Веры Аляксандраўны гэта любімы занятак, было добра відаць яшчэ тады, калі яна студэнткай 4 курса БДПУ імя Максіма Танка трапіла ў ліцэй на педагагічную практыку. Наведваючы ўрокі практыкантаў, я адчувала, з якой адказнасцю ставіцца гэтая маладая прыгожая дзяўчына да падрыхтоўкі ўрока, як дасканала валодае беларускай мовай, як свеціцца сама ад таго, што ў яе добра ўсё атрымліваецца. Бачыла я на ўроках Веры Аляксандраўны і шчырую любоў да дзяцей, і ўменне зацікавіць і павесці ў цудоўны ма­стацкі свет беларускай літаратуры. І калі ў ліцэі з’явілася вакансія, без усякіх сумненняў мы запрасілі на работу менавіта яе.

Крыху пазней я хваліла настаўніцу за дасканалае валоданне мовай і была здзіўлена, даведаўшыся, што яе сям’я прыехала з Казахстана, таму дома размаўлялі толькі па-руску. З беларускай мовай знаёмства адбылося ў школе, у пачатковых класах. І ўжо тады зведала яна нейкае трапяткое, новае пачуццё. Гукі звінелі, абуджалі, агортвалі цеплынёй. Дзяўчынцы хацелася іх вымаўляць, чуць, вывучаць. Яны клікалі за сабой, нібыта хацелі паказаць нешта незвычайнае. І маленькая дзяўчынка пайшла за імі…

Бацькі Веры Аляксандраўны заўсёды падтрымлівалі яе, дапамагалі, накіроўвалі, але не дыктавалі, што рабіць, не прымушалі ісці па выбранай імі дарозе. Ім было складана ўспрымаць беларускую мову, разумець новыя словы, якія прыносілі дзеці са школы. Мудрасць іх заключалася ў тым, што яны лічылі неабходнасцю ведаць мову краіны, у якой жывуць, таму і набывалі дзіцячыя часопісы на беларускай мове. Усе члены сям’і са шчырым і добрым смехам спрабавалі расчытаць такія дзіўныя і мудрагелістыя спалучэнні гукаў. Дачка сачыла, выпраўляла іх памылкі, строга выгаворваючы і свае першыя беларускія словы. Відаць, тады і нара­дзілася настаўніца.

— Навучанне ў маленькай вясковай школе, — расказвае Вера Аляксандраўна, — таксама спрыяла развіццю асобы. У цёплай, сяброўскай атмасферы прасцей праявіць сябе, раскрыць свае таленты. Справядлівыя і шчырыя настаўнікі ўмелі не толькі матываваць у вучобе, прывіць любоў да прадмета, яны вучылі быць сабой, прымаць усе выпрабаванні, правільна ставіць жыццёвыя мэты і ісці да іх. Менавіта ў будынку Дэмбраў­скай сярэдняй школы Шчучынскага раёна я ўбачыла прыклад настаўніка, якім хачу с­таць сама. У вёсках працуюць педагогі, у якіх няма такога тэхнічнага абсталявання, як у гора­дзе. Яны малююць каляровыя схемы на дошцы, распрацоўваюць карткі, дэманструюць фотаздымкі з энцыклапедый і даведнікаў, а не з экранаў. Вучні цягнуцца за імі, вучацца працаваць сумленна, працаваць з тым, што ёсць. І гэта, безумоўна, дае свае вынікі.

Пасля заканчэння школы Вера Аляксандраўна вырашыла паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і дасягнула сваёй мэты. Навучанне ў гэтай установе, па словах настаўніцы, — гэта лепшае, што магло адбыцца. На філфаку створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі: танцы, спевы, спорт, навука — усё, чаго пажадае неўтаймаваная юнацкая душа. І студэнтка з Веры Аляксандраўны выйшла выдатная: атрымлівала прэзідэнцкую стыпендыю, скончыла педуніверсітэт з чырвоным дыпломам.

— Амаль з першага курса мяне захапіла навука, — працягвае Вера Аляксандраўна. — Дзіўна, але напісанне курсавых работ прыносіла задавальненне. Удзел у канферэнцыях дапамагаў пераадолець страх, пераступіць праз унутраныя бар’еры, што ў будучыні дало магчымасць упэўнена трымацца перад вучнямі. Пазней зацікаўленасць літаратурай і педагогікай прывяла ў магістратуру. Але заўсёды адчувала сябе найперш настаўніцай, а не навукоўцам, таму навучанне сумяшчала з работай у ліцэі. Гэта вельмі карысны вопыт, бо апрабацыя практычнай часткі дысертацыі на ўласных уроках дае магчы­масць напрацаваць метадычную базу, лепш авалодаць прыёмамі навучання і выхавання.

Атрымаўшы званне магістра педагагічных навук, маладая настаўніца не спынілася, вырашыла і далей развівацца ў выбраным кірунку, таму паступіла ў аспірантуру. Ужо трэці год яна працуе ў ліцэі, і, па словах Веры Аляксандраўны, не было ніводнага дня, каб не хацелася ісці сюды, бо вочы дзяцей, іх чысціня, удзячнасць жывяць кожнага настаўніка, напаўняюць сіламі.

Настаўніца паспяхова авалодвае сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі, прыёмамі і метадамі навучання. Свае ўрокі будуе такім чынам, каб і ёй было прыемна працаваць. А калі вучні бачаць шчырасць педагога, адчуваюць, што ён не побач, а разам з імі, то з задавальненнем далучаюцца да работы. Вынікам гэтага настаўніцка-вучнёўскага тандэма сталі шматлікія перамогі вучняў у конкурсах сачыненняў, прамоўніцкага майстэрства, Рэспубліканскім конкурсе “Буслік”. У мінулым годзе адразу два прызавыя месцы (1-е і 2-е) занялі вучаніцы ў раённым конкурсе “Ліст пераможцу”. У лютым гэтага года дзесяцікласніца Ганна Ровіна перамагла ў лінгвістычным конкурсе “Гульня слоў”. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Асновы журналістыкі” прымаюць актыўны ўдзел у розных мерапрыем­ствах. Доказам іх плённай працы слу­жыць і ліцэйская газета
“ТабуРедкО”, якую і настаўнікі, і вучні чытаюць з задавальненнем.

— Развіццё асобы ў розных напрамках — важная справа, — гаворыць Вера Аляксандраўна. — Настаўнік не павінен цалкам аддавацца толькі сваёй справе, вывучаць толькі свой прадмет і нічога не бачыць, акрамя школы. У яго павінны быць свае захапленні, любімы занятак, які можа быць зусім не звязаны з прадметам і педагогікай, бо ўсе гэтыя асаблівасці і скла­даюць асобу. Вучням хочацца бачыць цікавага чалавека, з якім ёсць аб чым пагава­рыць.

Дзеці — гэта кветкі жыцця. Ад якаснага догляду залежыць і ўра­джай. Задача настаўніка не мяняецца стагоддзямі. Мы адказныя не толькі за прадметныя веды, але і за выхаванне сваіх вучняў. Усё для іх і дзеля іх. Менавіта з гэтымі думкамі, выкладзенымі ў эсэ “Школа — 2025”, Вера Аляксандраўна і перамагла ў Рэспубліканскім конкурсе Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі “Педагагічны старт”, стала лаўрэатам Міжнароднага конкурсу “Педагагічны старт”, які прахо­дзіў у Маскве.

Вера Аляксандраўна — шчыры, светлы, справядлівы і добры чалавек, якога чакае, я ўпэўнена, бліскучая будучыня і дасягненне найвышэйшых вынікаў.

Аксана ГУРЫНОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя № 2 Мінска.
Фота Дзмітрыя БУРАЎСКАГА.