Каб памяць жыла

- 15:19Выхаванне

Вучаніца 10 класа Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна Карына Копаць прыняла ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Дарогамі памяці”. У намінацыі “Вайна ў памяці пакаленняў” сацыяльны праект “Каб памяць жыла”, які дзяўчына прадстаўляла ў Мінску, адзначаны дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Тэмай даследавання стаў лёс яўрэйскага насельніцтва былога мястэчка.

Паміж чалавечым жыццём і лёсам мястэчка ёсць некаторае падабенства. Як і людзі, мястэчкі нараджаюцца, растуць, дасягаюць пэўнага росквіту, потым старэюць і часам знікаюць. Узрост некаторых з іх налічвае шмат стагоддзяў, яны і зараз крочаць у будучыню, а некаторыя згубілі сваё колішняе значэнне і веліч. Менавіта да апошніх можна аднесці і мястэчка Пескі Ваўкавыскага павета, цэнтр Пескаўскай гміны, а зараз Пескаўскага сельскага Савета Мастоўскага раёна.

У часы паміж сусветнымі войнамі ў мястэчку Пескі знаходзілася паштовая станцыя, былі таксама піваварны і скураны заводы, жылі 2100 чалавек, у тым ліку 1200 яўрэяў, 370 палякаў, 450 беларусаў і некалькі татар. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны колькасць яўрэйскага насельніцтва мястэчка павялічылася да 1700 чалавек з ліку бежанцаў з Польшчы. Пескаўскія яўрэі мелі сваю школу, сінагогу, адну з найпрыгажэйшых у Ваўкавыскім павеце. Гэта быў драўляны будынак сярэдзіны XVIII стагоддзя. Свае ўражанні пра яе пакінула Марыя Прушынская з Рагозніцы: “Былі там вазы з Дэльф і падсвечнікі, магчыма, XVII стагоддзя”. Справа ад сінагогі знаходзіліся жылыя дамы і гандлёвыя крамы, злева — яўрэйскія могілкі.

З першых дзён акупацыі гітлераўцы пачалі наводзіць свае парадкі. Усіх яўрэяў перапісалі і загадалі ім надзець жоўтыя павязкі і нашыць зорку Давіда. Потым цэнтр мястэчка, дзе стаялі гандлёвыя рады з мноствам яўрэйскіх крам, абгарадзілі калючым дротам. Так зарадзілася яўрэйскае гета ў мястэчку Пескі. Старэйшыя жыхары яшчэ памятаюць жудасны дзень 2 лістапада 1942 года, калі ўсіх яўрэяў выгналі з дамоў і накіравалі ў Ваўкавыск. А хворых, старых і нямоглых сагналі ў адну хату і спалілі жывымі. На месцы трагедыі зараз стаіць помнік.

Узровень цывілізацыі грамадства вызначаецца яго адносінамі да слабых і памерлых. Мы верым, што чалавек памірае двойчы: першы раз, калі яго хаваюць, а другі, калі забываюць. Тысячы яўрэйскіх могілак зараз нікім не наведваюцца і не ахоўваюцца, іх разбурэнне працягваецца. Час і людзі могуць знішчыць тое, што часта бывае адзінай крыніцай ведаў аб яўрэйскай супольнасці даваеннага перыяду. Без догляду яны могуць знік-нуць назаўсёды.

Членамі гуртка “Юныя экскурсаводы”, які працуе на базе народнага гісторыка-краязнаўчага музея Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, пры падтрымцы Пескаўскага сельскага Савета і Пескаўскага лясніцтва распрацаваны праект “Каб памяць жыла”, скіраваны на добраўпарадкаванне і догляд яўрэйскіх могілак.

Пакуль што выяўлены і сфатаграфаваны магільныя пліты, якія захаваліся. Большасць з іх знаходзіцца на дне ракі Зяльвянкі, куды немцы загадалі яўрэям сцягваць іх для ўмацавання плаціны. Зняты, паказаны і абмеркаваны з вучнямі старшых класаў відэаролік “Не ўсе ахвяры нацызму былі яўрэямі, але ўсе яўрэі былі ахвярамі нацызму”. Падчас рэспубліканскага суботніка пасаджаны дрэўцы каля помніка загінуўшым яўрэям. І гэта толькі пачатак. Надалей плануецца пасадзіць Алею памяці.

Пасля вайны ў Песках не засталося яўрэяў. Іх жыцці абарваліся ў канцлагеры Траблінка. Усе ўдзельнікі праекта могуць сказаць: “Нам не ўсё роўна, і мы пастараемся зрабіць усё магчымае, каб памяць пра іх жыла”.

Рэгіна ВЯЛІЧКА,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея
Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.