Каб шанавалі і бераглі сваю краіну

Патрыятызм заўсёды быў і застаецца прыярытэтам у сістэме выхавання падрастаючага пакалення. У святле падзей, што адбываюцца сёння ў нашай краіне і ў свеце ў цэлым, асабліва зразумела: страціўшы ці нават аслабіўшы патрыятызм і звязаныя з ім нацыянальную гордасць і годнасць, мы страцім сваю цэльнасць як народ. Менавіта таму, як ніколі раней, павінна фарміравацца ўяўленне аб патрыятычным выхаванні як сістэмнай і мэтанакіраванай дзейнасці.

Я ўпэўнена, што проста размовамі пра патрыятызм немагчыма дасягнуць жаданага выніку. Неабходна кардынальна змяняць падыходы да выбару форм і метадаў работы з моладдзю.

У Бабруйску сфарміравана пэўная сістэма па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні. Безумоўна, першыя крокі па выхаванні патрыятызму пачынаюцца з паважлівых адносін да дзяржаўных сімвалаў.

Сёння мы мэтанакіравана працуем у гэтым кірунку: неабходна растлумачыць падрастаючаму пакаленню іх статус як грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэтаму спрыяе якаснае правядзенне мерапрыемстваў Усебеларускай акцыі да Дня Канстытуцыі “Мы — грама­дзяне Беларусі!”, Дня беларускага пісьменства, Свята працы, Дня моладзі і інш.

Асаблівай папулярнасцю ў навучэнцаў карыстаецца інфармацыйна-адукацыйны праект “Школа актыўнага грамадзяніна” (“ШАГ”). І гэта не пустыя словы! Нефармальныя зносіны з кіраўнікамі дзяржаўных органаў улады, сілавых ведамстваў, дэпутацкім корпусам фарміруюць у навучэнцаў паняцце паспяховага грамадзяніна. Ім хочацца быць міністрамі, дэпутатамі, кіраўнікамі.

І тут наша задача — растлумачыць падрастаючаму пакаленню, што кіраўнік — гэта перш за ўсё адказнасць за дзеянні і ўчынкі ўсяго калектыву, цэлай сістэмы, уменне працаваць у камандзе, аб’ядноўвацца для дасягнення адзі­най мэты.

Сёння набірае моц маладзёжны рух. У нас у горадзе больш за 250 маладзёжных аб’яднанняў, якія ахопліваюць каля 20 тысяч падлеткаў. Мы не гонімся за колькаснымі паказчыкамі. Важная перш за ўсё якасць. Сведчанне таго — перамогі нашых навучэнцаў у рэспубліканскіх конкурсах “100 ідэй для Беларусі”, WorldSkills, “Лідар года”, аглядах-конкурсах каманд падтрымкі “Піянерскія іскры”, “Пляц-канцэрт”, працоўнай акцыі “Зробім свет чысцейшым!” і многіх іншых.
Брэндам сістэмы адукацыі Бабруйска з’яўляюцца валанцёрскія атрады. Іх у нас 95. І тут для нас, безумоўна, важны якасны складнік. Прыемна, калі ў адрас установы адукацыі паступаюць словы падзякі ад тых, каму дзеці аказвалі дапамогу. Прывяду цытату толькі з аднаго ліста, адрасаванага сярэдняй школе № 28 Бабруйска: “Дарагія дзеці, дзякуй, што не пакідаеце мяне ў адзіноце. Так прыемна ўсведамляць, што пра мяне клапоцяцца…” Вось галоўнае, чаму мы павінны навучыць нашых дзяцей: міласэрнасці, сама­ахвярнасці, любові да блізкага.

Значнай падзеяй 2020 года для ўсёй краіны стала святкаванне 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У Бабруйску рэалізаваны такія праекты, як “75 гісторый пра вайну”, “Голас перамогі”, патрыятычная акцыя “Ліст Пераможцу”, фотапраект “75 гадоў міру: гісторыя ў асобах”, інтэрнэт-эстафета #ГоласПерамогі.

Асабліва адзначу гарадскі конкурс “Вершы пра вайну”. Дзеці самі складалі вершы і друкавалі іх у сродках масавай інфармацыі. Нездарма кажуць, што дзіця не салжэ.

Асаблівую значнасць маюць класы, арыентаваныя на атрыманне спецыяльнасцей дзяржаўных органаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Урачыстая цырымонія пасвячэння ў навучэнцы класаў гэтай накіраванасці — ужо добрая і прыгожая традыцыя Бабруйска. Кульмінацыяй свята ў 2020 годзе стаў пляц-парад навучэнцаў “Хто, калі не мы…”. Сапраўды, моладзь павінна разумець: хто, калі не яны, наша будучыня, змогуць захаваць і павялічыць дасягненні нашай краіны.

Несумненна, важным сродкам патрыятычнага выхавання з’яўляецца турыстычна-краязнаўчая дзейнасць. Больш за 20 гадоў у Бабруйску праводзіцца гарадская турыяда, якая ўключае 11 конкурсаў па вывучэнні роднага краю.

Разам з тым неабходна выхо­дзіць на новы ўзровень папулярызацыі гэтага кірунку, шырэй выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэту, рэкламы, сродкаў масавай інфармацыі, тэлебачання. У нашым рэгіёне работа ў гэтым кірунку пачалася: напярэдадні Дня Перамогі на тэлеканале “Бабруйск 360”, у сацыяльных сетках “УКантакце”, Instagram, на радыёстанцыі Zefir.fm трансліруюцца тэматычныя сюжэты патрыятычнай накіраванасці, у грамадскім транспарце запушчаны аўдыя­ролікі аб гісторыі Бабруйска.

У сакавіку 2021 года адбудзецца прэзентацыя інтэрактыўнай карты і мабільнага дадатку “Гісторыка-культурныя каштоўнасці Бабруйска”, запушчаны маштабны абласны праект #МаяЗямляПрыдняпроўе, вынікам якога стане стварэнне даведніка па Магілёўскай вобласці з інтэрактыўнай картай і мабільным дадаткам #МаяЗямляПрыдняпроўе.

Гэтая работа будзе працягнута на пастаяннай і сістэмнай аснове.

Гордасцю Бабруйска з’яўляецца пошукава-даследчая дзейнасць атрада “Абеліск”. З удзелам дзяцей у 2019 і 2020 гадах прайшло перапахаванне 14 байцоў Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, праведзены сумесны паход школьнікаў Бабруйска і Санкт-Пецярбурга па месцах баявой славы; складзены інфармацыйныя лісты аб магчымым месцы гібелі воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Толькі канкрэтная работа, асабісты ўдзел у такіх падзеях здольны выхаваць патрыятызм, любоў да Бацькаўшчыны, яе гісторыі.

І вельмі важна, што тэма пошукава-даследчай дзейнасці была агучана на VI Усебеларускім народным сходзе.

Асаблівая і, напэўна, першарадная роля ў фарміраванні патрыятычных пачуццяў дзяцей належыць сям’і. Асабісты прыклад бацькоў — важны сродак патрыятычнага выхавання. Таму для ўстаноў адукацыі было і застаецца прыярытэтам узаемадзеянне з бацькоўскай грамадскасцю. Рэалізацыя рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, сумесныя святы, паходы, экскурсіі, суботнікі спрыяюць аб’яднанню навучэнцаў, бацькоў і школы для дасягнення адзінай мэты.

Кожны з бацькоў і кожны педагог павінен разумець: тое, што мы ўкладзём у нашых дзяцей сёння, дасць адпаведныя вынікі ў будучыні. Здолеем выхаваць патрыётаў — можам быць упэўнены ў стабільным развіцці нашай краіны.

У рамках Года народнага адзінства нам трэба будзе аб’яднаць усе намаганні, каб работа ў гэтым напрамку дала вынік, каб нашы дзеці шанавалі і бераглі сваю краіну, былі сапраўднымі яе патрыётамі. Упэўнена, усё ў нашых з вамі руках.

Алена ЛІСІЦА,
начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.