Каб шлях да ведаў быў светлым, цікавым і радасным

- 11:32Адукацыйная прастора

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка прыняў удзел у святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню ведаў, у Арэхаўскай сярэдняй школе імя Н.Л.Касцючэнкі Ушацкага раёна.

У Беларусі многае робіцца для развіцця адукацыі. Гэтая сфера нараўне з аховай здароўя з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. “Цяпер дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць над праектам бюджэту на 2020 год і з Br40 млрд расходнай часткі кансалідаванага бюджэту краіны амаль Br18 млрд ідзе на сацыяльную сферу. Гэта 44 працэнты. З іх Br7,3 млрд — на развіццё адукацыі. Павелічэнне да мінулага перыяду складае 13 працэнтаў”, — паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Ён падкрэсліў, што ўвага ўдзяляецца ўстановам адукацыі, размешчаным не толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах, але і ў меншых населеных пунктах, аграгарадках. “Мы цяпер знаходзімся ва Ушацкім раёне. Літаральна праз пару тыдняў будзем адкрываць тут пасля сур’ёзнай рэканструкцыі дзіцячы сад. Таксама будуецца школа мастацтваў”, — канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка.

Успамінаючы сваю вучобу, ён адзначыў, што сітуацыя абсалютна змянілася за мінулы час. “Калі я хадзіў у школу, у нас не было электрычнасці, вучыліся пры газавай лямпе. Не было гарачага харчавання, падвозу. Напрыклад, я кожны дзень хадзіў пяць кіламетраў у адзін бок і пяць — назад. Таму ўсё кардынальна змянілася, а самае галоўнае — у лепшы бок. Для нашых дзяцей створаны добрыя ўмовы, развіваюцца новыя тэхналогіі, будуюцца сады, школы. Далей усё залежыць ужо ад саміх дзяцей і іх бацькоў”, — сказаў на заканчэнне Уладзімір Андрэйчанка.

На ўрачыстай лінейцы, віншуючы педагагічны калектыў і вучняў з новым навучальным годам, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзна­чыў, што 21 год назад ён прымаў удзел у адкрыцці арэхаўскай школы, таму сёння яму асабліва прыемна ў ёй прысутнічаць. “Школьная пара — самы шчаслівы час у жыцці кожнага чалавека, добрая памяць аб якім захоўваецца назаўсёды. Так, вучыцца нялёгка. Але памятайце, што вы вучыцеся перш за ўсё для сябе: каб узяць як мага больш ведаў, зразумець гэты складаны свет і быць карысным”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка, звяртаючыся да вучняў. Першакласнікам ён пажадаў, каб іх доўгі шлях да ведаў быў светлым, цікавым і радасным.

У бягучым годзе ў Арэхаўскай сярэдняй школе, разлічанай на 312 вучняў, будуць вучыцца 117 дзяцей у адну змену. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складае 9—11 чалавек. Бясплатным гарачым харчаваннем забяспечаны ўсе вучні. Дадатковае бясплатнае харчаванне арганізавана для дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-інвалідаў. У мэтах бяспекі ва ўстанове адукацыі функцыянуе сістэма кантролю доступу і сістэма відэанагляду.

У якасці выкладання тут упэўнены: вучэбны працэс забяспечваюць 20 педагогаў з вышэйшай адукацыяй. Акрамя ўрокаў, для дзяцей дзейнічаюць розныя аб’яднанні па інтарэсах і факультатывы: прадметныя, спартыўнай, прафарыентацыйнай і экалагічнай накіраванасці, па творчай дзейнасці, у асяроддзі праграмавання Scratch. Павышаць свае веды школьнікі могуць у рэсурсных цэнтрах па экалогіі і энергазберажэнні, а фізічную падрыхтоўку — у спартыўным гарадку на прышкольнай тэрыторыі. Тут ёсць поле для міні-футбола, бегавыя дарожкі з цвёрдым пакрыццём, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі. На падрыхтоўку да 2019/2020 навучальнага года школы затрачана каля Br17 тысяч.

Па матэрыялах БелТА.