Каб сорак пяць хвілін не прайшлі дарма

Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці на ўроках гісторыі ў 5 класе

Кожны настаўнік хоча, каб яго ўрокі былі цікавымі, займальнымі і запамінальнымі. Пачынаючы работу з пяцікласнікамі, паставіла задачу не толькі даць ім гістарычныя веды, але і будаваць свае ўрокі такім чынам, каб школьнікі вучыліся думаць, разважаць, фарміраваць сваё гістарычнае мысленне. На розных этапах урока выкарыстоўваю разнастайныя займальныя метады і прыёмы, якія садзейнічаюць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, дазваляюць запомніць складаныя для засваення тэрміны, назвы, імёны, пазбаўляюць ад механічнага завучвання матэрыялу, развіваюць гістарычнае ўяўленне, садзейнічаюць творчаму прымяненню атрыманых ведаў і набытых уменняў. З першых урокаў прывучаю школьнікаў да розных форм вучэбнай дзейнасці (работа ў малых і вялікіх групах, індывідуальная работа, камандная гульня), каб у старшых класах яны ўжо ўмелі працаваць напружана і разнастайна, каб урок не зводзіўся да формулы “Вучні пераказваюць змест параграфа, настаўнік тлумачыць новы матэрыял”.

Хачу падзяліцца некаторымі прыёмамі і метадамі, якія выкарыстоўваю ў сваёй практыцы.

І. Арыенціровачна-матывацыйны этап урока.

1. Практыкую такую форму работы: вучань, выкліканы настаўнікам, расказвае пункт параграфа, а іншыя павінны задаваць яму дадатковыя пытанні, прычым абавязкова па раней вывучаных тэмах, а не па дамашнім заданні. Практыка паказвае, што пяцікласнікі вельмі ахвотна задаюць пытанні, хоць і не заўсёды правільна іх фармулююць. Вельмі важна адзначыць, што той, хто задае пытанне, сам абавязаны ведаць адказ на яго.
2. Важным фактарам паспяховага авалодання гістарычнымі ведамі з’яўляецца ўменне працаваць з гістарычнай картай. На карце (спачатку фізічнай) школьнікі вучацца вызначаць бакі свету, правільна размяшчаць адносна адна адной тэрыторыю Афрыкі (Месапатаміі, Індыі, Кітая, Грэцыі і г.д.) і Беларусі. Яшчэ як варыянт: вучань па памяці на дошцы размяшчае геаграфічныя аб’екты (малюе крэйдай, аркушы з назвамі аб’ектаў мацуе магнітамі да дошкі).Прыём “Я ўжо ведаю”. Клас дзеліцца на 4 групы. Для выканання задання да карты выходзіць па адным чалавеку ад кожнай групы. Два вучні (фараон і егіпецкая царыца) сочаць за адказамі, пры ўзнікненні цяжкасцей дапамагаюць, за правільны адказ уручаюць картку, на якой намаляваны егіпецкі іерогліф, які абазначае сонца.Пытанні і заданні:1. Дзе знаходзіўся Старажытны Егіпет?2. Па берагах якой ракі размяшчалася гэтая дзяржава? Рака Ніл цячэ з… на…

3. Куды ўпадае Ніл?

4. Пакажыце дэльту Ніла.

5. Да канца IV ст. да н.э. у даліне Ніла ўтварыліся два буйныя царствы. Якія? Дзе яны размяшчаліся?

6. Сталіцай Егіпта быў горад…

7. Пасля новага аб’яднання Егіпта яго сталіцай стаў горад…

8. Назавіце тэрыторыі, куды здзяйснялі свае паходы егіпецкія фараоны.

3. Прызначаю “настаўнікаў” з ліку вучняў, якія праводзяць апытанне кожны ў сваім “класе” (умоўнай групе вучняў). “Настаўнікамі” прызначаюцца толькі вучні з добрымі ведамі і вельмі адказныя. На працягу 15—20 хвілін яны праводзяць апытанне, форму якога выбіраюць самастойна. Зразумела, у такі момант у класе шумна, але гэта рабочы шум. Пасля правяраю веды саміх “настаўнікаў” — яны атрымліваюць адзнаку толькі пасля гэтага. Тыя адзнакі, якія ставілі “правяраючыя” ў сваіх “класах”, я адразу выстаўляю ў журнал, таму што дзеці апытваюць вельмі прыдзірліва, строга, і можна не турбавацца наконт аб’ектыўнасці.

4. “Гістарычныя задачы”.

А. Аднойчы ў Афіны прабраўся персідскі шпіён з вельмі складаным заданнем: падлічыць, колькі грамадзян знаходзіцца ў горадзе. Але, на здзіўленне кіраўніцтва, ён справіўся з заданнем да вечара таго ж дня. Як яму гэта ўдалося? (Ён падлічыў колькасць гледачоў, якія сабраліся на спектакль. Тэатр быў любімым відовішчам грэкаў і збіраў усё насельніцтва горада падчас рэдкіх выступленняў.)

Б. Грэчаскае грамадства заснавала многія ўзнагароды: лаўровы вянок пераможцам Алімпійскіх гульняў, грамадскі абед на акропалі тым, хто вызначыўся ў дзяржаўных справах. А вось аднаму з грэкаў — пераможцу ў нейкім штогадовым спаборніцтве — дарылі казла. Каму і чаму менавіта казла? (Пераможцу ў конкурсе трагедый, таму што слова “трагедыя” ў перакладзе — “песня казлоў”.)

В. Захаваўся зборнік егіпецкіх матэматычных задач. У адной з іх гаворыцца пра 7 дамоў, 7 катоў у кожным доме, 7 мышэй, якіх з’еў кожны кот, 7 каласкоў, якія былі з’едзены кожнай мышшу, 7 мер збажыны, якія дае кожны каласок. Колькі мер збажыны выратавалі каты? (16 807)

5. “Гістарычнае сачыненне”. Пішацца на ўроку, прычым без папярэдняй падрыхтоўкі. Прыкладная тэма: “Як я правёў адзін дзень на старажытнай стаянцы разам з яе жыхарамі”. Падручнікам карыстацца можна, але нельга проста перапісваць тэкст. Вучні павінны “перанесціся” ў далёкае мінулае і апісаць што бачылі, адчувалі, з кім пазнаёміліся, што елі, як былі апрануты, якія прыгоды перажылі ў гэты дзень. Не адразу сачыненне атрымліваецца змястоўным і цікавым. Але некалькі разоў у год такога плана работу можна даваць у любым класе. У выніку школьнікі навучацца хутка пісаць невялікія апавяданні, прытрымліваючыся гістарычнай праўды і даючы прастору сваёй фантазіі.

II. Інфармацыйна-пазнавальны этап.1. Пры вывучэнні і замацаванні новага вучэбнага матэрыялу выкарыстоўваю гульнявыя формы работы.

“Інтэрв’ю з гістарычным героем”. Калі вывучаем гістарычную асобу (Хамурапі, Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар і інш.) прапаную інсцэніраваць інтэрв’ю з ім. Гэта могуць зрабіць два чалавекі, якія арганізоўваюць прэс-канферэнцыю. З дапамогай настаўніка гістарычны герой і карэспандэнт рыхтуюцца загадзя: збіраюць неабходную інфармацыю і інтэрпрэтуюць яе ў адпаведнасці са сваёй роляй.

2. Паўната ўспрымання інфармацыі вучнем дасягаецца з дапамогай праўдзівага ўяўлення аб ходзе гістарычных працэсаў. Для фарміравання вобразнага ўяўлення вучняў я выкарыстоўваю метадычны прыём “Падарожжа ў часе”. Па карце “вандруем” па Вялікім шаўковым шляху. Вучні ўяўляюць, на чым можна адправіцца ў далёкае мінулае, што можна ўбачыць незвычайнага ў жыцці людзей таго часу, каго сустрэць, што можа адбыцца ў дарозе.

3. “Персаніфікацыя”. Вучні атрымліваюць дамашняе заданне (па жаданні) ужыцца ў ролю прадстаўніка таго ці іншага саслоўя: спартыята, ілота, перыэка; арыстакрата, земляроба, метэка, раба; патрыцыя, плебея і г.д. і ад іх імя расказаць пра становішча свайго саслоўя. Заслухаўшы выступленне, астатнія вучні павінны даведацца, пра якое саслоўе ідзе размова.

4. “Жывая карціна”. Вучні разглядаюць вучэбную карціну (“Заняткі людзей каменнага веку”, “Траянскі конь”, “Штурм Карфагена”, “Разрабаванне Рыма вандаламі” і г.д.), адказваюць на пытанні: што я бачу; што чую; што адчуваю (пах, тактыльныя адчуванні); якія пачуцці ў мяне выклікае падзея; якія вывады я раблю; што можа адбыцца далей па сюжэце карціны?

Для паўнаты пагружэння ў гістарычную падзею можна дапоўніць і падмацаваць уяўленні вучняў дадатковай вучэбнай інфармацыяй з рубрыкі “Для дапытлівых”.

5. Вялікае значэнне мае самастойная работа вучняў. Улічваючы тое, што прадмет для пяцікласнікаў новы, неабходна даваць ім пэўныя веды і пастаянна развіваць іх маўленне. Напрыклад, школьнікі павінны навучыцца паслядоўна пераказваць вывучаемы тэкст падручніка, дакладна адказваць на пытанні настаўніка, складаць апавяданне па карціне, на якой намаляваны першабытныя людзі. Заданне даецца кожнаму раду: ахарактарызаваць прыродны свет, ахарактарызаваць знешнасць старажытнага чалавека, назваць заняткі першабытных людзей. Аповеды вучняў павінны быць цікавымі, паслядоўнымі, мова — літаратурнай.

Больш складаная самастойная работа праводзіцца пры вывучэнні наступных тэм. Разглядаючы пытанне пра ўзвышэнне Вавілона, выкарыстоўваю ілюстрацыі “Вавілон у VI стагоддзі”. Вучань атрымлівае заданне падрыхтаваць апавяданне пра вісячы сад Вавілона, выкарыстоўваючы ілюстрацыі з кнігі “Сем цудаў старажытнага свету”. Слухаючы адказ, вучні робяць выснову, што гэта быў вялікі прыгожы горад Вавілонскага царства ў VII—VI ст. да н.э.

III. Кантрольна-карэкцыйны этап.

На этапе замацавання новага вучэбнага матэрыялу важна не толькі паўтарыць асноўныя палажэнні тэмы, але і асэнсаваць іх.1. Гульня “Шэрлак Холмс”. Вучні павінны вызначыць імя гістарычнай асобы па яе характарыстыцы ці імя вучонага пасля расказу пра яго адкрыццё.

2. Гульня “Герой, дата, падзея”. Настаўнік называе імя гістарычнай асобы, дату рэформы ці гады кіравання цара. Гэтая гульня развівае памяць, увагу, аператыўнасць і гнуткасць мыслення, уменне слухаць іншага чалавека.

3. “Жывая лінія”. Тром групам вучняў прапаную стаць па розныя бакі ўяўнай лініі (у залежнасці ад пункту гледжання, якога яны прытрымліваюцца) падчас абмеркавання праблемы. На адным полюсе — прыхільнікі пэўнага пункту гледжання, на другім — яго праціўнікі, у цэнтры — тыя, хто сумняваецца. Напрыклад: Аляксандр Македонскі — вялікі герой ці бязлітасны заваёўнік? Такі прыём развівае ў школьнікаў уменне дыскутаваць, аргументаваць свой пункт гледжання.

4. Складаем ланцужкі слоў. Тут кожнае наступнае слова пачынаецца з літары, на якую заканчваецца папярэдняе: племя — язычнік — культ — татэм — міфалогія; Егіпет — Тутмас — сфінкс — саркафаг — Гіза — Аменхатэп — піраміды і г.д.

5. Гульня “Гістарычныя квачы”. Праводзіцца на ўроку абагульняючага паўтарэння. На дошцы малюецца квадрат, дзеліцца на такую колькасць клетак, колькі гістарычных дат неабходна паўтарыць на ўроку. У кожнай клетцы запісана дата. Вучням прапануецца аднавіць даты ў храналагічным парадку па ўзрастанні. Паказваючы ўказкай на дату, неабходна назваць падзею, якая адбылася ў гэты час.

6. Гульня “Пытанне — адказ”. Праводзіцца на працягу некалькіх хвілін. Школьнікі запісваюць сваё прозвішча на аркушы паперы і фармулююць любое пытанне па вывучанай тэме. Напрыклад: якая падзея адбылася ў 490 годзе да н.э.? Хто такі Фемістокл? Хто лічыўся афінскім грамадзянінам? Настаўнік збірае аркушы, перамешвае іх і раздае зноў. Вучні пішуць на другім баку аркуша сваё прозвішча і адказваюць на пытанне. Праз хвіліну аркушы збіраюцца, адказы зачытваюцца і аналізуюцца настаўнікам і школьнікамі.

7. Конкурс “Хто назаве большую колькасць слоў, якія абазначаюць прадметы, што абкружалі старажытных людзей” (жыхароў Старажытнай Індыі, Старажытнай Грэцыі і г.д.). Конкурс можна праводзіць вусна ці пісьмова. Групы вучняў абмяркоўваюць, якія словы найбольш адпавядаюць пэўнаму часу, запісваюць іх і перадаюць настаўніку.

8. Слоўнікавая работа. Вучні з дапамогай настаўніка запісваюць значэнне асобных слоў у сшытак, запамінаюць іх значэнне і складаюць сказы. Для замацавання тэрмінаў можна даць наступныя заданні:

— укажыце, якія новыя словы вы даведаліся на ўроку;

— вымавіце іх выразна і правільна;

— растлумачце іх значэнне;

— складзіце сказы з новымі словамі.

Гэтыя заданні садзейнічаюць больш трываламу засваенню тэрмінаў, а таксама развіццю мовы.

Такія ўрокі не праходзяць дарма. Школьнікі ідуць з заняткаў з адчуваннем пастаяннага руху наперад.

Ірына БЛАЖЭВІЧ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 16 Баранавіч.