Каб стаць гімназістам

- 15:51Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

У краіне працягваецца ўступная кампанія ў пятыя гімназічныя класы. У аўторак 3 чэрвеня навучэнцы пісалі дыктант па рускай мове, у чацвер — выконвалі кантрольную работу па матэматыцы, а сёння напішуць дыктант па беларускай мове.

Пры залічэнні ў гімназіі адзнакі па трох уступных выпрабаваннях дадаюцца да гадавых адзнак па рускай і беларускай мовах і матэматыцы. Максімальная сума балаў, якую можа набраць паступаючы, складзе 60. Пасля 12 чэрвеня стануць дакладна вядомыя прозвішчы тых дзяцей, хто прайшоў конкурсны адбор у навучальныя ўстановы новага тыпу.
У сталіцы сёлета пачатковую школу закончылі 15 тысяч 771 навучэнец. Штогод каля 80 працэнтаў выпускнікоў пачатковай школы ўдзельнічаюць ва ўступных выпрабаваннях ў 5-я гімназічныя класы. У мінулым годзе ў гімназіі Мінска былі прыняты 4 028 навучэнцаў. Конкурс па горадзе ў сярэднім склаў 1,3 чалавека на месца, а сярэдні прахадны бал быў 48,8. Сёлета ў 49 гімназіях сталіцы і гімназіі-каледжы мастацтваў плануецца адкрыць каля 159 пятых класаў (кантрольныя лічбы прыёму — каля 3 900 навучэнцаў), 3 з якіх — у гімназіі № 50, дзе і пабываў у чацвер наш карэспандэнт.
Уступнае выпрабаванне па матэматыцы было прызначана на 11 гадзін раніцы. Ужо прыкладна за гадзіну ў ціхім сталічным дворыку, дзе размяшчаецца гімназія, пачалі збірацца навучэнцы з бацькамі і абмяркоўваць вынікі першага выпрабавання. Дзеці выглядалі ўпэўнена, асаблівай трывогі і хвалявання ў іх паводзінах не адчувалася. Больш былі заклапочаны бацькі, на іх тварах чыталася: самі здалі б колькі заўгодна іспытаў, а вось дзяцей шкада: а раптам не справяцца?

Як адзначылі школьнікі, яны добра падрыхтаваліся: амаль усе пісалі дыктанты і рашалі кантрольныя работы са зборнікаў, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі, дома з бацькамі, са сваімі настаўнікамі, многія наведвалі падрыхтоўчыя курсы. Паступленне ў гімназію яны лічаць, як, дарэчы, і іх бацькі, перадумовай паспяховай будучыні.
Аксана Георгіеўна прывяла на другое ўступнае выпрабаванне сына Івана. Хлопчык вучыўся ў пачатковых класах сярэдняй школы № 28. Па меркаванні мамы, у Івана ёсць матэматычныя здольнасці, а паколькі гімназія № 50 вядомая ў горадзе высокай матэматычнай падрыхтоўкай і размешчана бліжэй за ўсе навучальныя ўстановы новага тыпу да дома, вырашылі паспрабаваць свае сілы і паступаць у яе. Рыхтаваліся да экзаменаў дома: пісалі дыктанты, выконвалі кантрольныя работы па матэматыцы, настаўнік у школе таксама дапамагаў у падрыхтоўцы.
“Мая дачка Юлія паспяхова закончыла пачатковую школу № 198, — гаворыць Ксенія Міхайлаўна Люзіна. — І мы паўсталі перад выбарам навучальнай установы. Шмат добрага пачула і прачытала ў інтэрнэце пра гімназію № 50. Нам параілі сюды паступаць, бо тут вельмі добрая базавая падрыхтоўка не толькі па фізіцы і матэматыцы, але і па ўсіх прадметах. Мы пражываем у Калодзішчах, але мяркуем вазіць дзіця на вучобу ў горад. На маю думку, больш важна вучыцца ў добрай школе, чым хадзіць ва ўстанову недалёка ад дома, але атрымаць не тую адукацыю, на якую ў прынцыпе можа разлічваць дачка. Па паспяховасці бачна, што Юля можа адолець больш паглыбленае вывучэнне прадметаў, у тым ліку фізікі і матэматыкі. У нас тата працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій і захапіў гэтым дачку. Зараз яна таксама плануе сваю будучую прафесію звязаць з гэтай сферай. Вялікай перавагай з’яўляецца і тое, што англійская мова тут таксама выкладаецца на высокім узроўні. Падрыхтоўка да паступлення вялася як ў школе, дзе на факультатыўных занятках пісаліся дыктоўкі, рашаліся кантрольныя работы, так і дома. На жаль, пра падрыхтоўчыя курсы пры гімназіі я позна даведалася. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца!”

Прыкладна за 20 хвілін да выпрабавання прэтэндэнтаў у гімназісты сабралі на лінейку, дзе з натхняльнымі словамі да іх звярнулася дырэктар гімназіі Элеанора Станіславаўна Кітуновіч. Яна надала дзецям упэўненасці, падбадзёрыла і пажадала напісаць кантрольную работу па матэматыцы яшчэ лепш за дыктант. Пасля гэтага навучэнцы разышліся па класах. Дарэчы, заданні для правядзення ўступных іспытаў былі агучаны па тэлебачанні і радыё. На выкананне кантрольнай работы адводзіўся адзін урок — 45 хвілін.
Усе паступаючыя ў пятыя класы вучні знаходзіліся ў аднолькавых умовах. Экзаменацыйныя камісіі былі сфарміраваны з улікам рэкамендацый Міністэрства адукацыі: настаўнікі, якія працавалі ў 4-х класах, не ўваходзяць у склад камісій і не чытаюць тэкстаў дыктантаў. Усе работы шыфруюцца, таму да моманту дэшыфроўкі ніхто не ведае аўтараў работ.

Сёлета пазмагацца за званне гімназіста выказалі жаданне 123 школьнікі — 80 навучэнцаў, якія закончылі пачатковую школу пры гімназіі, і 43 навучэнцы з іншых навучальных устаноў горада. У пятыя класы плануецца набраць 72 вучні (3 класы па 24 чалавекі). У выніку конкурс складае 1,7 чалавека на месца. Практычна такі ж конкурс быў і летась. Прычым навучэнцы іду ць вельмі моцныя, высокаматываваныя. Па выніках першага выпрабавання па рускай мове “дзясяткі” атрымалі 52 навучэнцы, а “дзявяткі” — 49.
Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціны Сяргееўны Запёкінай, прыкладна 65—70 працэнтаў выпускнікоў пачатковай школы пры гімназіі паступае ў 5-ыя класы. І гэта невыпадкова. У пачатковай школе склаўся вопытны калектыў педагогаў. Усе настаўнікі маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У іх высокі ўзровень самаарганізацыі, і яны дакладна ведаюць, які вынік у дзіцяці павінен быць на выхадзе з пачатковых класаў. У сваёй рабоце педагогі выкарыстоўваюць метад праектаў, апераджальнага навучання і інш. Аднак самае галоўнае, па меркаванні В.С.Запёкінай, — гэта індывідуальная работа з дзіцем. Кожную няўдачу дзіцяці настаўнікі ўспрымаюць як сваю асабістую. А калі гэта прапускаецца праз сябе, то адлюстроўваецца на якаснай падрыхтоўцы дзяцей.
Мэтанакіраваная падрыхтоўка да паступлення ў гімназію навучэнцаў вядзецца як непасрэдна на ўроках, факультатыўных занятках, так і на гуртку, які арганізуецца ў межах дадатковых адукацыйных паслуг. Заняткі гуртка праходзілі па суботах па трох прадметах: матэматыцы, беларускай і рускай мовах. Сёлета ў такіх гуртках займалася больш за 100 дзяцей — было арганізавана пяць груп.
“Такія дадатковыя адукацыйныя паслугі карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў нашых пачаткоўцаў, але і ў навучэнцаў з іншых навучальных устаноў, дзяцей, якія хо-чуць паступаць і ў іншыя гімназіі, — заўважае Валянціна Сяргееўна. — Яны даюць свой вынік. Дзеці на працягу года мэтанакіравана займаюцца, і колькасць сапраўды пераходзіць у якасць”.

Нездарма з году ў год колькасць жадаючых вучыцца ў 50-й гімназіі не памяншаецца. Слава аб гэтай навучальнай установе разносіцца па горадзе. Асноўны ўпор у гімназіі робіцца на прадметы прыродазнаўчанавуковага цыкла. Пачынаючы з пятага класа арганізуецца вялікая колькасць факультатываў па прадметах гэтага цыкла і факультатываў па выбары навучэнцаў. Для падрыхтоўкі гімназістаў да навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд, конкурсаў адміністрацыя запрашае выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў. У 10-11 класах вядзецца работа па фізіка-матэматычным напрамку (яго ўстанове ўдалося захаваць з 1966 года), дадаткова адбываецца дзяленне класаў на групы па матэматыцы і па фізіцы, выдзяляецца дадатковая колькасць гадзін на гэтыя прадметы. Пільная ўвага ўдзяляецца ў гімназіі і выкладанню замежнай мовы. І такая работа прыносіць плён. 100% гімназістаў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. У асноўным навучэнцы выбіраюць тэхнічныя УВА — БДУІР, БНТУ, БДУ. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы 8—11 класаў узялі 13 дыпломаў, а 5—8 класаў — 14 дыпломаў. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Павел Дрозд (фізіка), Мікіта Грачыха (матэматыка) заваявалі дыпломы ІІ ступені. Паспяхова выступаюць выхаванцы гімназіі і на разнастайных конкурсах, інтэрнэт-алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Так, сёлета на міжнародных НПК навучэнцы заваявалі тры дыпломы. З году ў год добрыя вынікі дэманструюць вучні настаўнікаў фізікі Таццяны Антонаўны Шыманскай, Ірыны Анатольеўны Мельнікавай, настаўніцы матэматыкі Святланы Іванаўны Няжурынай і інш.

Яшчэ адно ўступнае выпрабаванне чакае навучэнцаў сёння. А для дзяцей, якія па ўважлівай прычыне не змаглі прыйсці на адно з выпрабаванняў, прадугледжаны рэзервовы дзень — 9 чэрвеня. Далей — залічэнне. Нагадаем, што пры роўнай колькасці балаў пераважнае права на залічэнне ў гімназію маюць навучэнцы з больш высокім сярэднім балам гадавых адзнак за 4 клас.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.