Каб стаць крыху лепшымі

- 10:27Выхаваўчая прастора

У сярэдняй школе № 2 Ляхавіч назапашаны вялікі вопыт па летнім дзіцячым аздараўленні. Педагогі разумеюць, што ў рамках лагернай змены немагчыма выхаваць важныя маральныя якасці ў вучняў, але дапамагчы ім стаць крыху лепшымі — цалкам вырашальная задача.

— Сёлета ў школьным летніку адпачылі 83 хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў, — расказвае старшая выхавальніца аздараўленчага лагера “Вясёлка” Т.М.Шчука. — Паколькі школа ўдзельнічае ў інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі фарміравання вопыту маральных паводзін у вучняў пачатковых класаў, мы вырашылі, што работа ў гэтым напрамку дзейнасці не павінна спыняцца і летам. Ласкава і пяшчотна дакрануцца да дзіцячай душы, запаліць у дзіцячых сэр­цах агеньчык дабрыні і радасці, паказаць выхаванцам сутнасць любові ў шырокім разуменні, выклікаць ціка­васць да пазнання малой радзімы, далучыць да культуры і духоўных каштоўнасцей — далёка не адзі­ныя мэты праекта лагернай змены “НЛА, ці Незвычайная лабараторыя адкрыццяў”. Галоўны прынцып змены — кіруйся маральным прыкладам іншых людзей, выбудоўвай канструктыўныя зносіны, рабі правільны каштоўнасны выбар.

Змена праходзіла ў форме сюжэтна-ролевай гульні. Усе ўдзель­нікі лагера з’яўляліся лабарантамі незвычайнай лабараторыі па маральным выхаванні. Выхавальнікі выступалі ў ролі навуковых кіраўнікоў, якія натхнёна і мэтанакіравана вялі лабарантаў па сцяжынках дабрыні, выклікаючы ў іх цікавасць да навакольнага свету і выхоўваючы веру ў сябе.

— У лагеры дзейнічалі 4 атрады (“Пазнавайка”, “Адкрывайка”, “Выпрабавальнікі” і “Эксперыментатары”) з цікавым планам работы і структурай органаў самакіравання, — гаворыць Т.М.Шчука. — Кожная раніца пачыналася з зарадкі на свежым паветры, пасля якой на лінейцы “старшы навуковы супрацоўнік” знаёміў выхаванцаў з планам на бягучы дзень. На працягу яго “лабаранты” ўдзель­нічалі ў спартыўных спаборніцтвах, акцыях, дыскусіях, інтэлектуальных гульнях, віктарынах, забаўляльных мерапрыемствах. У канцы дня дзеці, дзякуючы “малодшым навуковым супрацоўнікам” (выхавальнікам), атрымлівалі байт ведаў у адпаведнасці з тэматыкай дня: педагог расшыфроўваў з дапамогай QR-кода заданне, адказ на якое вучні запісвалі ў лабараторны журнал (напрыклад, разважалі над тым, што такое талент).

“Старшы навуковы супрацоўнік” Т.М.Шчука распрацавала сістэму стымулявання паспяховасці і асобаснага росту. Кожны школьнік мог штодзень атрымліваць за актыўны ўдзел у жыцці атрада і лагера ў цэлым біт ведаў. 8 бітаў абменьваліся на байт ведаў, а 2 байты — на склад ці слова, з якіх патрабавалася сабраць да канца змены залатое правіла маральнасці: “Стаўся да іншых так, як хочаш, каб ставіліся да цябе”.

— Праграма лагера складалася з тэматычных блокаў “У свеце ветлівых слоў”, “Навуковыя адкрыцці і эксперыменты” і “Творчыя адкрыцці”, — працягвае Т.М.Шчука. — Першы блок запомніўся ўрокам этыкету “Добрыя манеры”, круглым сталом “Пагаворым пра культуру”, конкурсам малюнкаў “Урокі ветлівасці”, пазнавальнай праграмай “Магія чароўных слоў”, кіналекторыем “Няхай жыве ветлівасць і дабрыня!”, спартыўным турнірам “Хутчэй! Вышэй! Мацней!”, працоўным дэсантам “Чысты горад” і іншымі цікавымі мерапрыемствамі, накіраванымі на фарміраванне цэласнай, гуманістычна дасканалай асобы. Другі блок складаўся з працоўных майстар-класаў, экскурсій на прадпрыемствы горада, навуковай пляцоўкі “Насустрач адкрыццям”, гульнявой праграмы “Дзеці павінны смяяцца”, віктарыны “Я пазнаю свет”, квест-гульні “Дарогай дабра”, конкурсу малюнкаў, музычна-забаўляльнай праграмы “Голас” і інш. Трэці блок уключаў мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне рознабаковай сацыяльна актыўнай асобы дзіцяці, матываванай да пазнання, самаадукацыі і творчай дзейнасці: даследчую канферэнцыю “Нам ідэй не пазычаць”, калектыўную аплікацыю “Мы шчаслівыя разам”, спартыўна-забаўляльную праграму “Сябры заўсёды дапамогуць”, завочны экскурс “Вуліцы майго горада”, спорт-, рэлакс- і дыска-паці, малых алімпійскіх гульняў і інш. На працягу змены хлопчыкі і дзяўчынкі займаліся карыснымі справамі. Кожны дзень быў адметны і напоўнены новымі ўражаннямі, зносінамі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі.

Духоўныя каштоўнасці нельга навязаць. Яны набываюцца разумовымі намаганнямі падчас вучобы і выхавання. Лагерныя мерапрыемствы вучылі дзяцей нормам сацыяльнага жыцця, паводзінам у калектыве, культуры ўзаемаадносін, дапамагалі раскрываць творчыя здольнасці, праяўляць ініцыятыву, выклікалі цікавасць да прыроды, культуры, бяспечнага і здаровага ладу жыцця.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.